Лідскі адказ на 20-годдзе травенскага рэферэндуму 1995 года

Аўторак, Травень 26, 2015 0

14 траўня 2015 года, калі па ўсіх сродках масавай інфармацыі стаяў усебеларускі плач з нагоды 20-годдзя травенскага рэферэндуму 1995 года, на Лідскай абутковай фабрыцы створана  новая суполка грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны».

 

Ініцыятыва стварэння суполкі належыць старшыні Лідскай арганізацыі ТБМ Лявону Анацку.

анацкак

У кнізе заўваг і прапаноў ААТ «Лідская абутковая фабрыка» некалькі месяцаў таму назад Лявон Анацка зрабіў два запісы. Гэта былі прапановы пашырыць ужыванне беларускай мовы. Пісьмовыя адказы кіраўнікоў Л. Анацку не задаволілі, і ён вырашыў стварыць на фабрыцы суполку ТБМ, каб калектыўна дабівацца беларусізацыі фабрыкі.

Лявон Анацка вырашыў правесці  ўстаноўчы сход суполкі 14 траўня і папрасіў дазволу размясціць абвестку пра гэта на дошцы аб’яў. Размясціць абвестку яму не дазволілі, тым не менш вырашана было праводзіць сход у прызначаны дзень.

І вось надышло 14 траўня (20-я ўгодкі рэферэндуму). Перад пачаткам рабочага дня сабраліся 12 чалавек рабочых (слесары, токары і інш.) аднаго з цэхаў фабрыкі. Сабраныя аднадушна прагаласавалі за стварэнне суполкі ТБМ і абралі старшынём Генадзя Краўцова. Дарэчы 5-6 чалавек ужо значны час хадзілі па фабрыцы са значкамі ТБМ.

Паколькі на фабрыцы прапускны рэжым, ніхто з сяброў ТБМ гарадскіх суполак у сходзе не ўдзельнічаў, але падходзілі рабочыя з іншых цэхаў і выказвалі жаданне ўступіць у суполку. Аднак было прынята рашэнне ў іншых цэхах пры наяўнасці там ахвотных ствараць асобныя суполкі ТБМ.

Пасля сходу Лявона Анацку прыняў дырэктар фабрыкі У.У. Чыжык. Гаворка адбылася пра будучую дзейнасць ТБМ на фабрыцы, пра пытанні пашырэння выкарыстання беларускай мовы ў рэкламаванні прадукцыі фабрыкі.

Дырэктар прапанаваў ТБМ-аўцам супрацоўніцтва і першае, што папрасіў — яркі беларускамоўны слоган для Лідскай абутковай фабрыкі.

Дарэчы, гэта не першая суполка ТБМ на лідскіх прадпрыемствах. Шмат гадоў існуе суполка з пяці чалавек на прадпрыемстве «БелТэксОптык». Была сулолка ў Лідскіх электрасетках, але спыніла сваё існаванне з-за выхаду яе сяброў на пенсію.

Такім чынам на ўсебеларускі плач па загубленай на рэферэндуме мове Ліда адказала павелічэннем колькасці сяброў Таварыства беларускай мовы. І гэта не апошняе слова. На многіх прадпрыемствах ёсць групы рабочых, якім баліць за беларускую мову, не хапае канкрэтных мясцовых лідараў, якія б рашуча і пісьменна павялі работу на арганізацыю іх у суполкі.

Канешне, стварэнне адной суполкі ТБМ у нейкай там Лідзе не мяняе сітуацыю ў краіне ў цэлым, ды варта зрабіць адну заўвагу: у Лідзе бо-льшасць насельніцтва глядзіць у будучыню з аптымізмам, з верай у незалежнасць і канчатковую перамогу. А так лягчэй жыць, бо хоць праблемаў не менш, чым у іншых месцах, але ў роспач ніхто не ўпадае, рук не апускае, вера ў Беларусь тут моцная.

Яраслаў Грынкевіч.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *