Спатканне з малой радзімай праз дзесяцігоддзі

Панядзелак, Чэрвень 1, 2015 0

У рамках чарговага паседжання літаратурнага аб’яднання «Суквецце» пры рэдакцыі «Лідскай газеты» адбылася сустрэча мясцовых літаратараў і навучэнцаў з пісьменнікам, майстрам дэтэктыўнага жанру Віктарам Праўдзіным, нараджэнцам горада Ліды, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, які нядаўна адзначыў 60-гадовы юбілей.

Віктар Аляксандравіч Праўдзін скончыў Менскую вышэйшую школу Міністэрства ўнутраных спраў СССР, працаваў у праваахоўных органах. Маёр міліцыі ў запасе. Яшчэ ў час службы ў міліцыі пачаў пісаць кнігі, сюжэты для твораў браліся з жыцця. Пазней працаваў намеснікам галоўнага рэдактара літаратурных часопісаў «Нёман» і «Полымя», галоўным рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура». Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

праўдзінкаўтографкзалак

Пяць гадоў назад, у час святкавання Дня беларускага пісьменства ў Смаргоні, Віктар Праўдзін сустрэўся з маладым лідскім літаратарам Алесем Хітруном, які зараз з’яўляецца навуковым супрацоўнікам Лідскага гістарычна-мастацкага музея і кіраўніком літаратурнага аб’яднання «Суквецце» пры рэдакцыі «Лідскай газеты».  І вось пісьменнік сам прыехаў у Ліду. Дарэчы, у наш горад Віктар Праўдзін прыехаў упершыню пасля таго, як у далёкім 1957 годзе пакінуў яго двухгадовым дзіцём. Прыехаў сюды разам з жонкай Людмілай Іванаўнай.

— У Лідзе пачынаўся мой жыццёвы шлях, — гаворыць Віктар Аляксандравіч. — Але калі мне было ўсяго два гады, бацькі (а рос я ў сям’і вайскоўца) пераехалі жыць у Віцебскую вобласць. Аднак усведамленне таго, што нарадзіўся ў Лідзе, я нясу праз усё жыццё, хоць і прыехаў сюды толькі цяпер. І як толькі прыехаў — усё ў маёй душы ўскалыхнулася, нібыта адчуў нябачную нітачку сувязі з родным горадам.

Віктар Праўдзін — майстар дэтэктываў, раманаў, апавяданняў. Калі з’явіліся ўнукі, пачаў пісаць і казкі. Любіць пі-саць таксама аб прыродзе, аднак адзін з асноўных яго жанраў — дэтэктыў. Як прызнаўся Віктар Аляксандравіч, у галоўных герояў кожнага яго дэтэктыва прысутнічаюць пэўныя рысы характару аўтара, сярод якіх — авантурызм. Пісьменнік расказаў прысутным аб некаторых сваіх кнігах прозы («Візіцёр з Поўначы», «Боль» («Споведзь міліцыянера»), «Вяртанне з апраметнай», «Шлях на Галгофу», «Нелюбімыя гінуць» і іншых), распавёў звязаныя з імі цікавыя гісторыі.

Прысутныя таксама дазналіся, што піша Віктар Аляксандравіч звычайна раніцай, а затым, як і многія звычайныя людзі, любіць папрацаваць на агародзе. Ёсць у яго пчаліная пасека, як і многія мужчыны, Віктар Праўдзін — заўзяты паляўнічы і рыбак.

Як адзначыў пісьменнік напрыканцы сустрэчы, гэтая сустрэча — пакуль толькі яго першаснае знаёмства з родным горадам і мясцовымі літаратарамі, моладдзю. Магчыма, будуць і новыя сустрэчы з ім у Лідзе. У фонд літаратурнага аддзела гістарычна-мастацкага музея Віктар Праўдзін перадаў шэраг сваіх кніг, а таксама рукапісы, фотаздымкі.

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *