Створаны макет Лідскай ратушы

Панядзелак, Чэрвень 1, 2015 0

17 верасня г.г. споўніцца 425 гадоў з дня атрымання горадам Лідай Магдэбургскага права. З гэтай нагоды лідскія ўладныя структуры і грамадскасць раёна плануюць шэраг мерапрыемстваў.

Два тыдні назад адбылася нарада ў намесніка старшыні райвыканкама з удзелам зацікваўленых асоб ад уладаў і грамадскасці раёна. На нарадзе было спланавана склікаць аргкамітэт у больш шырокім складзе, каб абмеркаваць комплекс мерапрыемстваў, якія мэтазгодна правесці з нагоды гэтай даты.

Лідскі гістарычна-мастацкі музей спланаваў на восень навукова-практычную канферэнцыю, прысвечаную ўгодкам надання гораду Лідзе Магдэбургскага права.

У сваю чаргу грамадскасць горада даўно выношвае ідэю аднавіць Лідскую ратушу.

У Лідзе было некалькі ратуш, але ні адна з іх не дайшла да 20-га стагоддзя. У Лідскім музеі ёсць план і чарцёж фасада Лідскай ратушы за 1802 год. Вырашана было зрабіць макет. Да гэтай справы руку прыклалі краязнаўцы Станіслаў Суднік і Сяргей Трафімчык, скульптар і мастак Вадзім Вераб’ёў, а сам макет па ўсіх канонах вырабіў скульптар з Бярозаўкі Яўген Лукашэвіч.

ратушк1

Нагадаем, сёлета Яўген Лукашэвіч зрабіў для Лідскай бібліятэкі бюст Янкі Купалы.

Безумоўна, можна падысці да макета крытычна, можна крытычна падысці і да ідэі аднаўлення ратушы, але па-першае ніхто не збіраецца прапанаваным макетам абмяжоў-ваць канструктараў і будаўнікоў. Гэта хутчэй ідэя, тым больш, калі гаворка пойдзе пра практычнае прымяненне.

А па-другое, а чаму не аднавіць ратушу, скажам, да 2023 года — да 700-годдзя Ліды?

У ходзе падрыхтоўкі да 425-годдзя Магдэбургскага права для г. Ліды грамадскасць будзе выносіць ідэю аднаўлення ратушы на разгляд кіраўніцтва раёна. У прынцыпе ўжо сёння нейкага негатыўнага стаўлення да ідэі няма, ды і макет падабаецца, але патрэбна рашэнне райвыканкама на аднаўленне гэтага знакавага аб’екта, а можа яго і мала будзе.

Такім чынам мы маем грамадскую ініцыятыву, засталося яе рэалізаваць, але для таго некалі горад і атрымоўваў Магдэбургскае права, каб самому дбаць пра сваё і жыццё, і развіццё.

Яраслаў Грынкевіч.

 

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *