Тэсты па беларускай мове як замежнай

Чацвер, Чэрвень 25, 2015 0

Мае беларускія студэнты часта пытаюцца: «Навошта замежныя студэнты вывучаюць беларускую мову?» І кожны раз я расказваю гісторыю таго ці іншага вугорскага студэнта, які вывучаў ці вывучае беларускую мову ў Будапешцкім універсітэце імя Л. Этвеша. Так, Габар выпадкова-прымусова (не меў транзітнай візы праз Беларусь, і каб яе зрабіць, быў вымушаны сысці з цягніка ў Менску) апынуўся ў сталічным метро, пачуў там нашу мову, у выніку запісаўся ў Будапешце на курс беларускай мовы. А Адам, калі яшчэ быў гімназістам, вырашыў вывучыць усе ўсходнеславянскія мовы (цяпер ён ужо студэнт-гісторык, даволі прыстойна гаворыць на беларускай мове і спявае пад гітару Багдановічаву «Пагоню»). Ужо колькі гадоў назад скончыла ўніверсітэт Ёхі, паспяхова выкладае ў моўнай школе англійскую мову, і кожны тыдзень прыходзіць да мяне ва ўніверсітэт, каб пагаварыць па-беларуску… У кожнага з маіх вугорскіх студэнтаў быў свой шлях да маёй роднай мовы, але агульная матывацыя для замежных студэнтаў зачастую знаходзіцца на паверхні: «Беларуская мова — гэта мова тытульнай нацыі, мова беларусаў, мова адной з еўрапейскіх краін. Беларуская мова — гэта сродак зносін паміж людзьмі». Усё вельмі проста і лагічна.

тэст1ктэст2ктэст3ктэст4ктэст5ктэст6к

У сучаснага замежнага студэнта ёсць здаровая практычная зацікаўленасць у вывучэнні той ці іншай замежнай мовы, у першую чаргу, з мэтай знайсці ў будучым добрую працу. Здача экзамену для пацверджання валодання замежнай мовай на тым ці іншым узроўні абавязковая для атрымання вышэйшай адукацыі ў многіх краінах свету. Пэўныя еўрапейскія кампаніі і ўстановы матэрыяльна заахвочваюць супрацоўнікаў, якія маюць Сертыфікаты валодання замежнымі мовамі.

На сённяшні дзень у многіх краінах свету ёсць распрацаваныя сістэмы ацэнкі ведаў нацыянальных моў.

У мінулым годзе былі выдадзеныя і «Тэсты па беларускай мове як замежнай» — цыкл з шасці тэстаў для ацэнкі валодання беларускай мовай як замежнай на пачатковым, базавым, сярэднім, прасунутым, высокім і дасканалым узроўнях. Выданне падрыхтавана творчым калектывам выкладчыкаў з розных навучальных устаноў краіны — Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта — Вольгай Барысенкай, Ларысай Кныш, Уладзімірам Куліковічам, Алесяй Літвіноўскай, Таццянай Рамзой, Аксанай Семянькевіч сумесна з сябрамі грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны».

Выдадзеныя тэсты з’яўляюцца складнікам вялікага навучальна-метадычнага комплексу «Сертыфікат беларускай мовы як замежнай» і рыхтаваліся на аснове Агульнаеўра-пейскіх кампетэнцый валодання замежнай мовай (вывучэнне, выкладанне, ацэнка (CEFR)).

Патрэба ў стварэнні і выданні «Тэстаў па беларускай мове як замежнай» наспела даўно. Беларуская мова ўжо не адзін дзясятак гадоў выкладаецца і вывучаецца ў шмат якіх краінах свету (Польшчы, Германіі, Чэхіі, Літве, Венгрыі і інш.). Выкладаецца і вывучаецца яна як замежная і ў самой Беларусі.

Выданне тэстаў важна і для выкладчыкаў беларускай мовы як замежнай. Для іх з’явіўся «арыенцір»: што і ў якім аб’ёме павінны ведаць студэнты на пэўным узроўні.

Кожны з шасці тэстаў складаецца з пяці субтэстаў («Лексіка. Граматыка», «Чытанне», «Пісьмовае маўленне», «Аўдыяванне», «Вуснае маўленне») і матэрыялаў для эк-заменатара.

На працягу мінулага навучальнага года тэсты прайшлі апрабацыю ў шэрагу ста-лічных і замежных ВНУ, у тым ліку і ў Будапешцкім універсітэце імя Л. Этвеша. Таму сёння мы з упэўненасцю можам зазначыць, што:

— змест тэставых матэрыялаў адпавядае мэце іх стварэння: устанавіць узровень маўленчай кампентэнцыі для вырашэння камунікатыўных задач, праверыць уменне чытаць і разумець змест тэкстаў, пісьмова выкладаць інфармацыю, а таксама праверыць узровень навыкаў і ўменняў, неабходных для правільнага разумення аўдытыўна прапанава-най інфармацыі і для камунікатыўных задач падчас маўлення;

— змест тэставых матэрыялаў адпавядае стандарту па беларускай мове як замежнай; аб’екты тэсціравання адлюстраваны поўна, прапорцыі прадстаўлення іх у тэстах вытрыманы;

— формы і характар заданняў тэстаў адпавядаюць мэце і аб’ектам тэсціравання; яны складзены з улікам камунікацыйна-маўленчай рэальнасці, якую ўяўляе сабой функцыянальна-семантычная сістэма сучаснай беларускай мовы;

— інструкцыі да заданняў і іх фармуліроўка дакладныя; матэрыялы для заданняў вывераныя;

— матэрыялы закрытага тыпу тэстаў адабраны і аформлены прадумана: левая частка тэстаў дастаткова ясная, не вельмі доўгая, правая — максімальна кароткая, дыстрактары праўдападобныя, жыццёвыя;

— матрыца для выканання тэста зручная для запаўнення;

— часавы рэжым выканання прадстаўлены рацыянальна.

Важна адзначыць, што падабраныя або створаныя тэксты ў тэстах маюць арыентацыю на агульначалавечыя і нацыянальныя каштоўнасці. Тэматыка тэкстаў самая разнастайная: беларуская гісторыя, культура і прырода, беларускія пісьменнікі, транспарт Беларусі, адукацыя, сродкі масавай інфармацыі, спорт, праблемы экалогіі, замежныя стасункі.

Складальнікі тэкстаў прапанавалі кандыдатам шырокі выбар рэальных жыццёвых сітуацый для праверкі пісьмовага і вуснага маўлення.

У тэкстах прадстаўлена асноўная лекіска сучаснай беларускай мовы, а таксама яе стылі і беларускія і замежныя ўласныя імёны і геаграфічныя назвы.

Аўтарам-складальнікам ўдалося зрабіць тэсты жывымі і цікавымі: падчас экзамену кандыдаты працягваюць знаёміцца з Беларуссю.

Хочацца спадзявацца і на тое, што ў будучым тэсты абавязкова стануць крытэрыем для ацэнкі ўзроўню валодання беларускай мовай не толькі для замежных студэнтаў, а і для замежных дыпламатаў, навукоўцаў, бізнесменаў і, нарэшце, мігрантаў, якія пасяліліся на Беларусі і хочуць атрымаць бе-ларускае грамадзянства.

І, безумоўна, выхад тэстаў паспрыяе ўзмацненню прэстыжу нацыянальнай мовы ў самой Беларусі. А як жа іначай: «Родная мова — гэта натуральны падмарук, на якім чалавек павінен будаваць дом сваёй духоўнай сілы» (паводле В. Ластоўскага; Тэст па беларускай мове як замежнай. Дасканалы ўзровень. Агульнае валоданне. С. 16).

Ларыса Станкевіч, выкладчык беларускай мовы як замежнай у Будапешцкім універсітэце імя Л. Этвеша.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *