Іспанка праз інтэрнэт вывучыла беларускую як родную і арганізавала курсы ва ўніверсітэце Гранады

Чацвер, Ліпень 30, 2015 0

Студэнтка Анхэла Эспіноса з Малагі ніколі не была ў Беларусі, вывучыла мову па падручніках у інтэрнэце і чакае выдання кнігі беларускіх вершаў «Раяль ля мора». А ва ўніверсітэце Гранады арганізавала курсы «Мова Нанова» для трох іспанскіх студэнтак.

іспанкік

Анхэла вядзе блог пад назвай «Іншаземка, якая піша па-беларуску».

Анхэла так вольна і правільна гаворыць па-беларуску, як не можа большасць выпускнікоў беларускіх школ. Гэтага яна дамаглася ўсяго за два апошнія гады.

— Пачала вывучаць самастойна ўдома з падручнікамі, з кнігамі, — распавядае яна. — Спачатку ўвогуле ні з кім не размаўляла. Што праўда, вельмі шмат чытала. Я вельмі ўсцешаная, што адносна добра атрымалася і што магу з вамі сёння размаўляць.

Беларускую мову Анхэла пачула ў 15 гадоў, калі трапіла ў ЗША, выйграўшы дзяржаўную стыпендыю.

— Паехала туды на месяц, там былі студэнты з розных краінаў. Я ўпершыню пачула славянскія мовы. Да свайго сораму цяпер, я не ведала, дзе беларуская мова, а дзе ўкраінская, — усміхаецца Анхэла. — Там я зацікавілася мовамі і потым падтрымлівала кантакт з гэтымі людзьмі. Паступіла на славянскую філалогію ва ўніверсітэт у Гранадзе. Вывучала першую мову расейскую і польскую як другую.

Па якіх дакладна падручніках удалося так выдатна засвоіць мову, Анхэла не згадае — карысталася ўсім, што было ў сеціве. Але асабліва дапамагала чытанне і размовы з беларускамоўнымі сябрамі ў сацыяльных сетках.

— Вядома, чытала класікаў: Купалу, канешне, Багдановіча, Цётку, Ларысу Геніюш, Баршчэўскага. Сучаснай літаратурай цікаўлюся, асабліва паэтамі. Амаль усё чытала Рыгора Барадуліна, — кажа Анхэла.

Цяпер у дзяўчыны ва-кацыі перад пераездам у Варшаву, дзе яна будзе вучыць беларускую філалогію ў магістратуры. Часу на чытанне і любімыя заняткі хапае.

— Я вельмі шмат чытаю. Мой тыповы дзень — гэта я чытаю, хаджу на пляж, потым яшчэ чытаю, нешта перакладаю, — распавядае Анхэла. — Цяпер чытаю і перакладаю на іспанскую мову апавяданні Міхася Стральцова.

Я пішу вершы з шасці гадоў

«Такая дзяўчына, як ты,

 Павінная адназначна

                 заўжды ўсміхацца,

Бо грэх не карыстацца

                           прыгажосцю.

Чаго ты плачаш? Ну?»

 

Такія вершы піша Анхэла па-беларуску. А першыя вершы напісала ў шэсць гадоў. Публікуецца ў іспанскіх вы-даннях. Піша па-ангельску, па-французску і нават па-ўкраінску.

— Па-беларуску ўжо больш за год пішу. У мяне літаральна днямі выходзіць зборнік арыгінальных вершаў па-беларуску «Раяль ля мора», — апавядае Анхэла. — У выдавецтве «Логвінаў». Я вельмі чакаю. Гэта мой першы зборнік беларускамоўных вершаў. Вершы, якія ў кнізе, я напісала ўжо ў мінулым годзе. Цяпер у мяне ўжо гатовы новы зборнік.

Пра нашу краіну Анхэла марыць ужо даўно і моцна спадзяецца, што калі ў верасні пераедзе ў магістратуру ў Варшаву, то трапіць адтуль да нас будзе лягчэй.

Пра тое, якая Беларусь, Анхэла шмат чытае, але ўяў-ляць сабе краіну сваёй мары не наважваецца, пакуль не пабачыць на свае вочы.

— Я ведаю, што Беларусь не такая, як у літарату-ры. У мяне там добрыя сябры і знаёмыя, яны распавядаюць, — кажа яна. — Таму ў мяне ў галаве карціна, спадзяюся, не вельмі далёкая ад праўды. Прыехаць у Беларусь — гэта мара. Яшчэ не магу дакладна сказаць, як я яе ўяўляю. Я не вельмі хачу ўяўляць і ствараць у галаве карціну, пакуль я не пабачу. Каб паўнавартасна ўспрымаць як ёсць, калі нарэшце прыеду.

Іспанцы пра Беларусь ведаюць мала, — пацвярджае Анхэла.

— У Малазе гуляе футбаліст ваш Ягор Філіпенка, — смяецца яна. — Насамрэч практычна нічога не вядома. Часам бывае, што ёсць нейкая навіна пра Беларусь. Альбо пра спорт, альбо пра палітыку. Пра палітыку, на жаль, нічога добрага не кажуць. Пра спорт — па-рознаму. А так іспанцы не вельмі часта думаюць пра Беларусь. Гэта далёкая краіна, і іспанцы не вельмі маюць яе на ўвазе.

Вучыць ці не вучыць беларускую мову, размаўляць ці не размаўляць па-беларуску — такое пытанне дагэтуль стаіць перад самімі беларусамі. Але не перад Анхэлай.

— Беларуская мова мне шмат ужо ў чым дапамагла, — кажа дзяўчына-філолаг. — Дзякуючы ёй я разумею на шмат лепш іншыя славянскія мовы. Нават якія вывучала нефармальна. Гэта надзвычайна багатая мова. Вельмі цэнтральная мова сярод славянскіх. І дае магчымасьць ве-льмі добра зразумець славянскую лінгвістыку.

Як прыклад, Анхэла распавядае, што сёлета вучыла балгарскую, і з веданнем беларускай гэта далося ў разы лягчэй.

— Я нават арганізавала ў гэтым годзе курсы «Мова нанова» ў Гранадзе. Да мяне тры чалавекі хадзілі на заняткі, — шчыра хваліцца Анхэла. — Гэта годна для Іспаніі! Я вывучала славянскія мовы. У групе польскай мовы я была адна. У групе балгарскай мовы было два чалавекі — я і яшчэ адна студэнтка. У групе расейскай мовы — дзевяць. А ў мяне на беларускай — тры!

Менавіта Анхэлу мы папрасілі адказаць на пытанне, навошта вучыць беларускую мову.

— Я лічу, што трэба. Разумею, што прагматычна, напэўна, можна абысьціся. Але навошта? Я нават кажу не «навошта вучыць?», а «чаму НЕ вучыць?», — пытаецца Анхэла. — Гэта асноўная частка беларускай культуры, асноўная частка беларускай асобы. Я сама раней не ведала беларускую мову, але вельмі любіла Беларусь і беларускую культуру. А калі я атрымала прэмію «Беларусь у фокусе», паехала ў Варшаву, пазнаёмі-лася з беларускімі журналістамі і рознымі людзьмі, я зразумела адразу, што каб зразумець беларускую культуру, гісторыю Беларусі, зразумець, што адбываецца ў Беларусі, тэрмінова трэба ведаць беларускую мову. Я пачала вучыць, і для мяне гэта было відавочна. Для мяне гэта факт!

— Трэба дыхаць, таму што памрэш, калі не дыхаць. Трэба ведаць беларускую мову, калі хочаш жыць у беларускай культуры, — кажа іспанка Анхэла.

Аляксандра Дынько,

Радыё Свабода

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *