Русіфікацыя пераступае цераз беларуска-польскую мяжу

Серада, Ліпень 22, 2015 0

Беластоцкая палітэхніка адкрывае ўнікальную спецыяльнасць, разлічаную перш за ўсё на гарадзенцаў. Пра яе расказала доктар гістарычных навук Святлана Куль-Сяльверстава, якая была ініцыятаркай стварэння новай праграмы.

політэхк

Спецыяльнасць разлічана на абітурыентаў з вышэйшай або няскончанай вышэйшай адукацыяй. Паступаць могуць студэнты і выпускнікі эканамічных, юрыдычных, гістарычных спецыяльнасцяў, а таксама сацыёлагі. Прыём дакументаў пачнецца ад 1 кастрычніка і будзе доўжыцца да пачатку заняткаў 1 студзеня.

— Выкладаць на спецыяльнасці будуць высокакласныя спецыялісты, у большасці прафесары, з высокім еўрапейскім рэйтынгам. Навучанне на новай спецыяльнасці будзе доўжыцца два гады. Пасля  абароны дысертацыі  выпускнік атрымае дыплом магістра еўрапейскага ўзору. З улікам таго, што Беларусь прынялі ў Балонскі працэс, у нас дыплом таксама павінны прызнаць.   Прагназуюць, што гэтая спецыяльнасць наўрад ці будзе спрыяць «вымыванню мазгоў» з Беларусі, бо яна запатрабавана менавіта ў нашым рэгіёне — на мяжы постсавецкіх краін і Еўразвязу.

Асноўная частка прадметаў будзе выкладацца на рускай мове. Некаторыя курсы будуць весціся на польскай і англійскай, асобныя прадметы будуць факультатыўна выкладацца па-беларуску.

Твой стыль.

 

Вось так, нібы харошая праграма, а па-беларуску ізноў толькі факультатыў і то, можа быць, а можа і не быць. Ізноў для беларусаў адукацыя па-расейску, але гэта ўжо ў Беластоку. Не вядома пакуль дакладна, хто вызначаў моўны рэжым новай праграмы, але зразумела, што ў Беластоку будуць вучыць далёка не беларускіх патрыётаў. І не зразумела, што робіць у гэтай рускамоўнай праграме  Святлана Куль-Сяльверстава.

Дэмакратычная, незалежніцкая Беларусь не зацікаўлена ў рускамоўнай адукацыі для беларусаў, і не важна адкуль гэтая адукацыя ідзе. Калі мы нічога не можам зрабіць супраць русіфікацыі ўнутры краіны, гэта не значыць, што мы павінны цярпець, калі яна ідзе звонку, тым больш з сяброўскай Польшчы. Хочаце дапамагчы Беларусі — вучыце беларусаў па-беларуску. Не можаце па-беларуску — не трэба ніяк. Хто моцна захоча атрымаць польскую адукацыю, атрымае яе па-польску, а рыхтаваць у Польшчы адэптаў “русского мира” — гэта ўжо занадта.

Таварыства беларускай мовы будзе звяртацца з гэтай нагоды перш за ўсё да пасла Польшчы ў Беларусі, а, спатрэбіцца, і непасрэдна ва ўрад і да Прэзідэнта Польшчы.

Яраслаў Грынкевіч.        

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *