Вынікі конкурсу артыкулаў у Вікіпедыю

Аўторак, Ліпень 7, 2015 0

Таварыства беларускай мовы з 1 сакавіка да 15 чэрвеня 2015 года праводзіла конкурс артыкулаў у Вікіпедыі на тэму «Гуманітарныя навукі. Персаналіі». Распавядаем пра пераможцаў конкурсу і пра яго вынікі ды наступствы агулам.

вікак

Жаданне ўзяць удзел у конкурсе ў той ці іншай форме выявілі больш за дваццаць удзельнікаў, аднак не ўсе трымаліся ўмоваў; так, некаторыя артыкулы былі папросту дасланыя на пошту; натуральна, у конкурсе артыкулаў у Вікіпедыю яны ўдзельнічаць не маглі, якім бы ні быў іх змест. Таксама, на жаль, некалькі конкурсных артыкулаў былі плагіятам з іншых рэсурсаў, што парушае правілы Вікіпедыі.

Такім чынам, у конкурсе агулам прынялі ўдзел шэсць зарэгістраваных удзельнікаў, якія напісалі 62 артыкулы. Старонкі артыкулаў, якія з’явіліся ў Вікіпедыі дзякуючы конкурсу, на момант напісання артыкулу ўжо атрымалі больш за 22,5 тысячы праглядаў (а саму старонку з умовамі конкурсу за тры месяцы прагледзелі больш за 1100 унікальных наведвальнікаў).

Больш за 10 з напісаных артыкулаў атрымалі адзнакі статусу: гэта значыць, былі прызнаныя добрымі або выдатнымі, што з’яўляецца ў Вікіпедыі найвышэйшым знакам якасці.

Аднак большасць артыкулаў, дасланых на конкурс, была перакладзеная з іншамоўных раздзелаў Вікіпедыі (найперш з Рускай Вікіпедыі). Такія перакладзеныя артыкулы, якія не мелі ўласна аўтарскага ўнёску, атрымалі штрафныя балы.

Тым не менш, удзельнік Artificial123, які стварыў каля 20 якасных перакладаў артыкулаў, атрымаў за маштабнасць і тэхнічнасць працы прыз III ступені за артыкул «Руаль Амундсен».

Другое месца заняў удзельнік Gruszecki  за артыкул «Беларускае фэнтэзі».

Прыз I ступені выйграў удзельнік “Коця” за артыкул «Беларускі нацыянальны касцюм».

У нядзелю, 28 чэрвеня, у сядзібе ТБМ адбылося ўзнагароджанне ўдзельніка, які заваяваў прыз І ступені. Дзяўчына на імя Вольга, зарэгістраваная ў Вікіпедыі як удзельнік «Коця», атрымала планшэт Lenovo Yoga Tablet і распавяла, што тэма артыкула-пераможцы ніяк не звязаная з яе працай, а народныя касцюмы розных этнасаў ёсць прадметам яе захаплення ды вывучэння. Тым, хто яшчэ ніколі не пісаў артыкулы ў Вікіпедыю, Вольга параіла не баяцца складанасцяў, якія могуць узнікнуць на іх шляху: усе тэхнічныя цяжкасці насамрэч вельмі проста адолець. Астатнія пераможцы будуць узнагарожданыя цягам наступнага тыдня.

трусаўк

Даглядчык беларускай Вікіпедыі Ігар Цярэшчанка ў перадачы «Інтэрвію тыдня” падзяліўся з карэспандэнтам “Радыё Свабода” Віталем Цыганковым дадатковай інфармацыяй пра конкурс:

— Мэтай конкурсу было прыцягнуць дадатковую ўвагу да беларускай Вікіпедыі, прыцягнуць болей аўтараў і напоўніць яе новымі артыкуламі. Адгукнулася не так шмат людзей, як мы чакалі — каля 25 чалавек. З іх не ўсе разумелі, што такое вікіпедыйны арты-кул. Таму ў фінал конкурсу выйшлі толькі 6 чалавек.

— Пра што былі арты-кулы? Што прываблівае сён-няшніх аўтараў?

— Вядома, найчасцей пішуць біяграфічныя артыкулы. Але ў канкрэтна нашым конкурсе найбольш артыкулаў было напісана на тэму палярных даследаванняў — гэта асабістае захапленне чалавека, які заняў трэцяе месца.

— Наколькі ўвогуле папулярная беларускамоўная Вікіпедыя? Колькі людзей яе чытае?

— Увогуле, магу сказаць, што на пачатку гэтага года былі зафіксаваныя рэкордныя прагляды. За красавік Вікіпедыю сучасным правапісам прагледзелі 10 мільёнаў разоў, Вікіпедыю класічным правапісам — 3,6 мільёна. Магу прывесці вам статыстыку, колькі чытаюць беларускамоўную Вікіпедыю з Беларусі. На першым месцы ідзе расейская — 83 працэнты ўсіх праглядаў Вікіпедыі, на другім ангельская — 9 працэнтаў, на трэцім беларуская акадэмічная — каля 1 працэнта праглядаў. Беларуская класічная — 0,3 працэнта. І гэта даволі істотны рост, таму што былі часы, калі арабская Вікіпедыя з тэрыторыі Беларусі праглядалася часцей за беларускую.

Дарэчы, панаванне іншамоўнай Вікіпедыі — не толькі беларускі феномен. Напрыклад, у Літве ці Славаччыне англамоўная Вікіпедыя больш папулярная за адпаведна літоўскую і славацкую.

— А якая будучыня ў беларускай Вікіпедыі? Тут ёсць нейкае зачараванае кола. Вось калі я нешта шукаю ў сеціве, набяру першапачаткова па-беларуску, але потым бачу, што належнай інфармацыі няма, і наступным разам буду набіраць па-расейску ці па-ангельску. Як разарваць гэтае зачараванае кола?

— Вельмі проста — трэба проста пісаць у беларускую Вікіпедыю. Цяпер мы маем 89692 артыкулы акадэмічным правапісам і 56 650 артыкулаў класічным правапісам. З кожным днём колькасць артыкулаў павялічваецца, і шукаць інфармацыю па-беларуску становіцца ўсё прасцей. А тым, хто скардзіцца, што беларускамоўныя артыкулы Вікіпедыі не высвятляюцца ў іхніх пошукавых сістэмах — я магу параіць змяніць налады браўзера. У ім ёсць прыярытэт моваў, і пра гэта мала хто ведае…

 

Таварыства беларускай мовы дзякуе ўсім удзельнікам конкурсу, вітае пераможцаў і раіць кожнаму практыкавацца ў напісанні артыкулаў у Вікіпедыю, бо гэта — не толькі простая магчымасць зрабіць варты ўнёсак у развіццё беларускай мовы ды культуры, але і шанец выйграць у наступных конкурсах — якія будуць праводзіцца Таварыствам у будучыні.

Яўгенія Парашчанка.

На здымку: Алег Трусаў і “Коця”.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *