З любоўю і даверам да людзей

Пятніца, Ліпень 10, 2015 0

Падышоў пад канец год сустрэч і трэнінгаў Школе асобаснага росту «ШАР» на сядзібе ТБМ у Менску. Яе вядоўца, Людміла Мікалаеўна Дзіцэвіч, педагог, псіхолаг, грамадскі дзеяч, пяшчотная матуля напаўняе прастору вакол сябе аптымізмам і пазітывам. У яе  асобе акумулююцца добрая энергетыка, чуллівасць і гуманнасць,  чалавечнасць і спагада,  патрабавальнасць і дабрыня,  прыгажосць душы і мастацкі густ. Мы сустрэліся са сп. Людмілай і ўзгадалі пра розныя праявы яе дзейнасці.

дзіцкшколак

— Лепшыя рысы беларусаў, добрае і пазітыўнае перадалі Вам бацькі?

— Я нарадзілася  4 лістапада 1953 года ў вёсцы Погіры Дзятлаўскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сям’і настаўніка Мікалая Міхайлавіча Дзіцэвіча. Маці звалі Юлія Бенедыктаўна (у дзявоцтве Дзядовіч), у сям’і нарадзілася шасцёра дзяцей, засталіся жыць трое з іх. Бацька працаваў настаўнікам пачатковай школы. Мне падабалася, як ён, высокі, мажны прыходзіць дадому з кніжкамі і сшыткамі, я кручуся каля яго, гляжу, якія ён ставіць адзнакі. Я бачыла, як ён выкладае: спакойна, разважліва. І мне захацелася быць настаўніцай.

Мы атрымалі класічнае выхаванне. Нас выхоўвалі гарманічна, бацькі ніколі не казалі брыдкіх слоў і не лаяліся, гаварылі па-беларуску, важна было пачуць прыгожую лексіку. Увечары бацька збіраў нас з братамі, мы садзіліся, і кожны дакладваў, што ён зрабіў за дзень. Бацькі хвалілі і ўшчувалі. Прысутнічала фізічнае выхаванне: мы вельмі шмат працавалі. Усю работу, якую робяць на вёсцы, я умею рабіць: даіць карову, касіць траву, вязаць лён, даглядаць сена. Я ўдзячна цудоўнаму працоўнаму і спартыўнаму выхаванню. Бацька адвёў кавалачак, дзе расце бульба, пад спартыўныя прылады, у нас былі гантэлі, эспандэры. Ён быў моцны, упэўнены, прынцыповы.

Матуля выхоўвала ўласным прыкладам: мяккая, праўдзівая, сумленная. У нас заўсёды быў мёд, і мама заахвочвала ўсім дзяліцца з людзьмі. Запомнілася яе прыслоўе: «Адзін з’еш хоць вала — адна хвала!». Мы жылі грунтоўна, багата. Бацькі пабудавалі цёплую ўтульную хату, дзе нам было так добра! Далі нам гаспадарчую загартоўку, усе мы ўтраіх хораша трымаемся ў жыцці. У школе я заўсёды была лідарам, арганізатарам. Закончыла Дзятлаўскую СШ № 2  у 1971 годзе. Мая стрыечная сястра вучылася на філфаку, і я пайшла за ёй. Ва ўніверсітэце мне было добра, усюды ўдзельнічала, артыстка ад прыроды, я іграла ў тэатры. Потым стварала тэатры на розных месцах працы.

Скончыла філфак БДУ (1976), аспірантуру Інстытута літаратуры АН БССР (1983). Працавала ў Інстытуце гісторыі АН БССР малодшым навуковым супрацоўнікам (1973), у Сцяпянскай СШ №2 Менскага раёна была настаўніцай, вяла заняткі ва ўсіх класах: з 5-га па 10-ты, а пазней працавала намеснікам дырэктара (1976-1991). Працавала старшым выкладчыкам Беларускага камерцыйнага ўніверсітэта кіравання (1995-1997), старшым выкладчыкам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры (1997-2008). Выкладала па сумяшчальніцтве ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце, Жаночым інстытуце «Энвіла», ТАА «Прапілеі», Інстытуце сучасных ведаў, Менскім інстытуце кіравання. З захапленнем займалася рэдагаваннем сцэнараў на тэлеканале «Лад», напісаннем сцэнараў па культуры мовы, удзельнічала ў здымках тэлеперадач па моўных і культурніцкіх пытаннях.

— Вы сумяшчалі педагагічную дзейнасць з асветніцкай працай, з абаронай беларускай мовы, папулярызацыяй гістарычных ведаў?

— Прысвячаю час метадычнай і навуковай працы, маю каля 20 публікацый навуковага характару, прымаю ўдзел у  навуковых канферэнцыях у нашай краіне, а таксама за яе межамі.  У коле навуковых зацікаўленняў знаходзіцца гісторыя беларускай мовы, сучасны яе стан, а таксама пытанні псіхолага-педагагічнай і выхаваўчай работы.

Займаюся публіцыстыкай, надрукавала каля 70 артыкулаў у газетах «Наша слова», «ЛіМ», «Новы час», часопісе «Вышэйшая школа» і іншых навукова-папулярных і асветніцкіх выданнях. З’яўлялася першым намеснікам старшыні ГА «Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны», сябрам рэдакцыйнай калегіі газеты «Наша слова».

У 2011 годзе атрымала другую адукацыю ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы па спецыяльнасці «Псіхолаг. Выкладчык псіхалогіі». З сакавіка 2013 года працую ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце педагогам-псіхолагам. Займаюся ажыццяўленнем праекту «Студэнцкі псіхалагічны тэатр мініяцюр», Школай асобаснага росту «ШАР».

— Моладзь ідзе да Вас па падтрымку, з даверам, бо Вы імкнецеся кожнага пад-трымаць, падбадзёрыць.

— Моладзь горнецца да мяне таму, што я бачу ў кожным асобу. Некалі і не адразу я ўбачыла асобу ў сабе. Спачатку я лічыла, што ўсе вакол вышэйшыя за мяне, дасканалыя, што трэба ўсім дапамагаць, ратаваць, спрацоўвала ўстаноўка «ратаўніка», якую дала наша матуля. Мама ратавала ўсіх абяздоленых, няшчасных, — увесь свет.

Вера дапамагла мне асэнсаваць, што мы — моцныя, магутныя, мы можам усё, толькі трэба захацець, сабраццца, сканцэнтравацца. Хочаш — рабі! Гэта стала для мяне дэвізам. Захацела стаць настаўніцай — стала, захацела несці асвету — стала асветніцай. Пайшла ў ТБМ, пісала артыкулы пра гісторыю зямлі і мовы, несла гістарычныя веды пра Беларусь. Праца ў камісіі па асвеце, канферэнцыі, канцэрты, вечарыны, шэсці  —  усе формы дзейнасці прыносілі плён і натхнялі. Захацела стаць псіхолагам — скончыла РІВШ, у 57 гадоў атрымала дыплом і ў 59 стала псіхолагам. Іншыя ўжо на пенсію ідуць, а мне трэба было дасягнуць мэты. Паўтары гады працую псіхолагам у Беларускім тэхналагічным універсітэце, кансультую па розных пытаннях.

Я ўсё жыццё любіла дзяцей, любіла беларускую літаратуру, любіла выкладаць. Я давала вучням заданне, загружала, заўсёды старалася падтрымаць і пахваліць,  і яны вырасталі ў ведах. Калі я вяла педагагічную практыку ў настаўнікаў, вяла мятодыку выкладання беларускай мовы і літаратуры, казала  настаўнікам, што ісці да дзяцей трэба з эмоцыямі дабразычлівасці, любові, павагі, упэўненасці, з усмешкай. Заўсёды трэба пахва-ліць. Я і да сябе так стаўлюся, зраблю што-небудзь і пахвалю сабе. Я называю гэта «любоў-тэрапіяй». Калі мы маленькім дзецям кажам: «Ты — малайчынка, ты — разумніца!», абдымаем, цалуем, — на гэтым створана цэлая школа псіхолагаў. Я інтуітыўна да гэтага ішла.

У мяне быў нават залік па ўсмешцы, каб гэта была не крывая ўсмешка, а адкрытая і вясёлая! Вячка Станкевіч з Вільні прыехаў да нас у ТБМ, і я дапамагала яму пісаць падручнік. Ён складзены на аснове самых сучасных методык. Пасля я вяла семінар на ТБМ «Я магу жыць лепей»  з 2000 года, і вось там я выкарыстоўвала свой досвед. Зараз на сядзібе ТБМ дзейнічае школа асобаснага росту «ШАР» цягам усяго навучальнага года кожную першую і трэцюю пятніцу.

— «Люблю, дзякую, прабачаю!»-  гэта галоўныя словы для Вас. Ці не так?

— Кажу студэнтам, што ўсё ідзе ад даверу да сябе. У савецкі час мы баяліся гэтага «я», каб не быць эгаістамі і нарцысістамі, зараз «я» выходзіць на першае месца, акрамя сусветнага «Я». Хто я? Дзе я? З кім я? Калі чалавек гэтага не разумее, ён можа патрапіць у залежнасць. Нельга страчваць ні аднаго гігібайта сваёй індывідуальнасці. А ўсяго нашыя непаўторныя рысы скаладаюць 60 гігоў.

Людзям, якія трапілі ў цяжкія сем’і, з антыпедагагічнымі паводзінамі, трэба выпрацаваць стрыжань сваёй асобы з цяжкасцямі, цераз пакуты, цераз выбар. Стрэсы і крызісы спрыяюць росту асобы, у тым ліку і нацыянальнай асобы. Трава з-пад асфальту прабіваецца, бо яна жывая. Мова — жывая, нацыя — жывая, яна праб’ецца! Я не думаю, што з мовай будзе бяда. Калі я была ў Ірландыі, бачыла ва ўсёй вялізнай бібліятэцы ў Дубліне толькі тры кніжкі на ірландскай мове,  і то яны ўпэўненыя, што ў іх усё адродзіцца. А ў нас ёсць Караткевіч, Барадулін, Бураўкін — поўныя кнігарні. Не трэба лямантаваць і жаліцца, енчыць і стагнаць, а годна несці ўсё як мае быць! Калі ў бацькі згарэла хата,  і ён хацеў пажаліцца, мама яму сказала: «Колечка! У цябе ёсць дзеці, яны табе дапамогуць! Толькі чалавека не можна перастварыць нанава.»

Але можна і чалавека! Калі клетка жывая, то і чалавек можа стаць здаравейшы. У мяне ёсць даследванне «Псіхілагаічныя прычыны фізічных захворванняў». Чалавек здаравее на любові, на дараванні, на прабачэнні, на дабразычлівасці.

— Вы дапамагалі ў аздараўленні дзяцей за мяжой. Як пачалося Ваша супрацоўніцтва з ірландцамі, адлюстраванае ў  «Ірландскім дзённіку»?

— У 1993 годзе, калі пачалі засноўваць розныя фундацыі ў дапамогу дзецям Чарнобыля, унучка Якуба Коласа Марыя Міцкевіч стварыла фонд «Сакавік», і мы пайшлі працаваць у фонд. На працягу многіх гадоў я працавала з ірландскай арганізацыяй Kil-beggan Friends of Belarus з горада Кілбэген графства Вестміт па аздараўленні беларускіх дзяцей: дзяцей-інвалідаў, сірот з розных школ-інтэрнатаў, а таксама са звычайных сем’яў. Я вазіла дзяцей ў Італію, Ірландыю, Уэльс на працягу 20-ці гадоў.

У Ірландыі першы раз я пабывала летам 1997 года, калі з групай беларускіх дзяцей адпачывала ў невялічкім ірландскім горадзе Мільтаўн-Мэлбі ў графстве Клер. Жыла я ў сямідзесяцігадовай Бэры Фокс, цудоўнай, па-мацярынску клапатлівай, незвычайна добрай і рухавай. Гатавала яна так, што праз месяц у Менск я прыехала на пару кілаграм круглейшай. Тады я яшчэ не здагадывалася, што гаючымі былі не лекі і прадукты, а любоў і дабрыня, якіх так шмат у сэрцах ірландскіх людзей.

Вочы беларускіх дзяцей свяціліся радасцю, знік з твару адбітак адчаю, суму. У Ірландыі мы адчувалі на сабе дэмакратычны стыль выхавання, бачылі свабоду ў дзеянні. Там мы праходзілі навуку дапамагаць іншым і быць валанцёрамі. Мы бачылі сем’і з вялікай колькасцю дзяцей і вучыліся разумець іх. Там мы вучыліся верыць і любіць.

У 2003 годзе я зноў трапіла ў Ірландыю па запрашэнні сяброў з Кілбэгена і ўжо магла ўсвядоміць, як многа значыць сяброўская рука дапамогі, сяброўскае слова падтрымкі.

— У Вашым жыцці важнае месца займае творчасць. Вершы і песні нараджаюцца з любові да блізкіх асобаў?

— Пісаць вершы  я пачала з 1 курса, на жаль, захавалася не шмат. З 2009 года пі-шуцца песні, у асноўным, прысвячэнні людзям — сябрам, зяцю, сваім сватам. Да сустрэчы з выпускнікамі сваёй школы напісала верш пра родную вёску. Дзятлаўскаму святару Алегу чытала ў касцёле верш. Дачушцы Юліі прысвяціла некалькі вершаў і эсэ «Эфектыўныя бацькі».

На залатое вяселле стрыечнай сястры напісала вітальныя словы. Цётцы Алене на гадавіну адыходу з жыцця (не дажыла да 93) прысвяціла верш. Другая цётачка сказала: «Ты мне таксама напішы, я хачу пакінуць сваім сынам». Калі рыхтавалася да свайго 60-годдзя, узгадвала ўсё, пісала аповеды пра дзяцінства, пра сям’ю, усё сабрала ў альбомы. Важна і дзецям паказваць прыклад. Дачка таксама паспела шмат чаго зрабіць, яна працуе рэжысёрам у «Белтэлерадыёкампанніі». Пішу для студэнтаў на стэнды для псіхалагічнай асветы,  у вершаванай форме тэма лепш зразумелая. Калі вучылася на псіхолага, то адказвала вершамі.

— У Вас ёсць яшчэ шмат захапленняў?

— Мае хобі: люблю спяваць і танцаваць; пішу апавяданні пра свой радавод; пішу вершы і песні; займаюся арганізацыяй і правядзеннем імпрэз на беларускай мове, у тым ліку беларускіх вяселляў з захаваннем этнаграфічных асаблівасцяў. Люблю вандроўкі, кантакты з самымі разнастайнымі людьмі, работу. Умею афармляць прычоскі, накладваць макіяж і навучаю гэтаму іншых. Захоўваю здаровы лад жыцця, прапагандую валеалогію;  люблю плаванне, настольны тэніс. Ахвотна займаюся хатнімі справамі, люблю гатаваць, шыць, рабіць закаткі. А самае галоўнае хобі — я люблю любіць, любіць усё і ўсіх, што мяне атачае.

Мама мяне прывучыла да веры. Я яшчэ больш умацавалася ў веры, калі біскуп Тадэвуш Кандрусевіч бежмаваў нас у Менску. Той падзеі прысвяціла верш аб сакраманце бежмавання, верш падзячны, напісала песню «Духу Святому», песню «Нашчадкам».

Гутарыла

Эла Дзвінская.

 

Фота аўтара:

  1. Людміла Дзіцэвіч у працоўным кабінеце псіхолага.
  2. На занятках у школе асобаснага росту » ШАР”.

 

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *