Згадайма апублікаваныя артыкулы без купюр — будзе аб’ектыўны адэкватны адказ

Серада, Ліпень 8, 2015 0

сцяцко

У «Нашым слове» № 7 за 1995 год быў апублікаваны наш артыкул «Раіліся з Хімаю Чыгрын», дзе напісана: «Беларускія прозвішчы на -ін, -ын нярэдка перакручваюцца на небеларускі лад, напрыклад, Гавін, Гурын, Літвін, Логвін, Русін, Чыквін і падобныя пры абазначэнні асобы жаночага полу раптам набываюць канчатак : Гавіна, Гурына, Літвіна, Логвіна, Русіна, Чыквіна. Ці апраўданая такая форма? Не, нічым не можна яе абгрунтаваць. Форму жаночага роду маюць толькі тыя прозвішчы, якія паходзяць ад уласных жано-чых імёнаў і ўтвораныя ад іх з выкарыстаннем суфікса -ін-: Зініна, Зосіна, Ларына. Гэта былыя прыналежныя прыметнікі: Зіна — Зінін (сын) і Зініна, Зося — Зосіна (дачка) і г. д. Што да зга-даных утваральных асноў, то наадварот, самыя гэтыя прозвішчы выступаюць утваральнымі да больш новых прозвішчаў: Літвін — Літвінаў, Русін — Русінаў, Чыгрын — Чыгрынаў. Першасна яны таксама былі прыметнікамі: Чыгрын-аў — сын Чыгрына, Літвінаў — сын Літвіна. Адсюль вынікае, што формы Чыгрын, Літвін, Русін і пад. адначасова абазначаюць асобу мужчынскага і жаночага полу. Пры абазначэнні асобы жаночага полу такія прозвішчы не павінны скланяцца. Як і Міцкевіч, Пашкевіч і пад. Як піша ў лісце да аўтара гэтых радкоў вядомы беларускі літаратар, кандыдат філалагічных навук Іван Чыгрын, прозвішча Чыгрын на Слонімшчыне ніколі не скланялася, калі яно належала асобе жаночага полу, і прыводзіць прыклад, як звярталіся вяскоўцы да яго маці Хімы: «Раіліся з Хімаю Чыгрын», «Казалі пра Хіму Чыгрын …». Так, гэта натуральна і нармавана. Згадайма тут і справядлівае сцверджанне Станіслава Судніка, рэдактара слыннага штотыднёвіка «Наша слова» у допісе да артыкула Алеся Каўруса «Згадайма» (Наша слова № 20. 20 траўня 2015 г.): «На Лідчыне жаночыя прозвішчы Логвін, Сонгін (Сангін), Ліцвін, Жамойцін традыцыйна не скланяюцца».

А цяпер пра публікацыю ў гэтым нумары «Лобан. Пра паходжанне прозвішча. Алесь Каўрус». У ім бачым сцверджанне: «прозвішчы адной сямейкі: Лабовіч, Лобач, Лобань … і з класічнага твора Лабановіч«. І далей доктар філалагічных навук В. Шур лічыць: «У аснове прозвішча Лабановіч апелятывы лабасты, лобан, якія ўжываюцца для апісання чалавека не толькі з вялікім ілбом, а і разумнага, кемлівага … У трылогіі Я. Колас выкарыстоўвае разнавіднасці гэтага прозвішча: Лабуня, Лабанок« (Анамастычная лексіка ў беларускай мастацкай літаратуры. 2002, С. 98). В. Шур прыводзіць таксама цытату з успамінаў Міколы Лобана: «Кажуць, калі дзед (пісьменніка В.Ш.) першы раз пайшоў у школу, настаўнік запытаў: «Як прозвішча?» — «Лабановіч». — адказаў хлапчук. — «Як Лабановіч? Мужык ды шляхецкае прозвішча носіш? Лабан тваё прозвішча», — запярэчыў настаўнік і запісаў «Лабан Васілій». І ў канцы публікацыі рэзюмэ аўтара публікацыі: «Гэтых звестак, напэўна, дастаткова, каб зрабіць вывад пра паходжанне раз-гляданага прозвішча».

На наш погляд, у гэтай публікацыі неапраўдана атаясамліваюцца розныя антрапанімічныя структуры і розныя словаўтваральныя тыпы прозвішчаў. Антрапонім Лабановіч мае беспасярэдняе дачыненне да бацькаймення Лабанавіч — дэрыват адмысловага антрапанімічнага спосабу — акцэнтаванне — утварэнне новых слоў шляхам змены ў слове месца націску (Акцэнтаванне як адзін з антрапанімічных спосабаў дэры-вацыі / П.У. Сцяцко // Веснік Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсі-тэта. Серыя 3. Філалогія. Педагогіка. Псіхологія. — 2010. — № 1). Гэты спосаб найперш выкарыстоўваецца пры ўзнікненні прозвішчаў ад імёнаў па бацьку асобаў («бацькайменне»): Адамовіч — ад Адамавіч (сын Адама, Адамаў сын) шляхам акцэнтавання антрапафарманта -овіч (Адам-овіч). Такіх утварэнняў шмат у мове. Шляхам акцэнтавання прозвішчамі сталі некаторыя кананічныя імёны: Богдан < Багдан, Борыс < Барыс, Тарас < Тарас, а таксама адапелятыўныя мя-нушкі: Бокач < Бакач, Брыкач < Брыкач, Бычак < Бычок, Коваль < Каваль.

На матэрыяле «Беларускай савецкай энцыклапедыі (1969-1975) выяўлена каля 50 такіх онімаў. Фактары гэтага працэсу — аб’ектыўны і суб’ектыўныя, палітычна-гістарычныя. Гэта і імкненне носьбіта прозвішча адмежаваць онім ад апелятыва, нярэдка з адмоўнай канатацыяй; пазбегчы аманіміі прозвішча і ўласнага асабовага імя, а таксама ўплыў мовы суседніх дзяржаў — Польшчы і Расіі. Як вядома, польскай мове ўласцівы сталы націск на прадапошнім складзе слова. Паводле гэтай заканамернасці афармляліся ў афіцыйных польскіх дакументах і беларускія прозвішчы: Жабрак (этымал. Жэбрак) стала Жэбрак, Федзяня Фядзеня. Уплыў расійскай мовы — афармленне прозвішчаў беларусаў з канцавым -а / -ка як слоў з фіналямі -о/-ко: ЖылкаЖылко, ГнеўкаГняўко, ШышкаШышко. Гэтым самым формы на -о/-ко станавіліся нескланяльнымі (як і ў расійскай мове).

Антрапонім Лобан узнік шляхам семантычнай дэрывацыі апелятыва расійскай мовы лобан — пра чалавека з вялікім ілбом (перан.) ‘разумнага, кемлівага’. У аснове яго слова лоб ‘верхняя частка твару чалавека або морды жывёлы'; памянш. лабок. Гэтымі словамі і іх дэрыватамі (вытворамі — паводле Алеся Каўруса) лабуня, лабунька расіяне называюць і любых свойскіх жывёлінаў. А пераносна — гэта і семантычныя дэрываты прозвішчаў Лоб, Лобок, а таксама вытвораў Лобуня, Лобунька (беларускія варыянты — адэкваты маюць фармант -ач-), Лобач (Лобач) (супрацоўніца інстытута, імя і імя па бацьку не запомніліся, яна была на абароне кандыдацкай дысертацыі ў гэтым Інстытуце, дзе я выступаў афіцыйным апанентам у 1970-ыя гады).

Так што беларускаму нарматыўнаму слову лобач (лабач) адпавядае рас. лобан — дэрыват з суфіксам -ан. Гэта засведчана ў выданні: П.У. Сцяцко. Праблемы нормы, культуры мовы: навучальны дапаможнік па спецкурсе «Праблемы адраджэння і натуральнага развіцця беларускай мовы, нармавання яе «савецкага варыянту» для спецыяльнасці «Г020100 — беларуская мова і літаратура». — Гродна : ГрДУ, 1998. — 294 с. На старонцы 27 у параграфе 2.1.7 Суфіксы -ач і -ан чытаем: «Словы з эмацыйна-ацэнкавым суфіксам -ач негатыўна характарызуюць чалавека паводле інтэнсіўнай прыметы: галавач, гарлач, ладач, лупач, пузач і трыбухач … Аналагічныя ўтварэнні з суфіксам -ан неўласцівыя беларускай літаратурнай мове (іх мае расійская мова: голован, горлан, губан, брюхан, пузан, лобан), «Беларускарускі слоўнік» 1988 — 1989 гг. падае толькі два словы на -ан: лабан (відаць, пад уплывам прозвішча пісьменніка і мовазнаўцы — Мікола Лобан) і пузан (як паралельнае да пузач). У друк, мас-тацкія творы трапляюць губан, гар-лан і іншыя расейскамоўныя ўтварэнні — парушэнні словаўтваральнай сістэмы беларускай мовы».

Відаць, меў рацыю, абгрунтаванасць А. Баханькоў, які «у неафіцыйных абставінах жартоўна вымаўляў прозвішча загадчыка сектара лексікалогіі і лексікаграфіі з прозвішчам М. Лобан) з націскам на другім складзе … » — паведамляе аўтар публікацыі «Лобан. Пра паходжанне прозвішча». Доктар філалагічных навук Арцём Баханькоў, аўтар манаграфіі «Развіццё лексікі беларускай літаратурнай мовы ў савецкі перыяд» (1982) і двух слоўнікаў: «Толковый словарь русского языка» (1975, суаўтары Гайдукевіч, Шуба) і «Тлума-чальны слоўнік беларускай мовы» (выданні 1-3, 1965-1979) грунтоўна вывучаў лексіку абедзвюх моваў і выдатна ўсведамляў іх адметныя рысы. На яго думку, антрапонім Лобан паходзіць не ад саматычнай лексемы лоб, а ад заалагічнага наймення (рас.) лобан, беларускі адэкват яго лабан, што засведчана «Руска-беларускім слоўнікам» пад рэдакцыяй правадзейных членаў АН БССР Я. Коласа, К. Крапівы і члена-карэспандэнта АН БССР П. Глебкі. Каля 86 000 слоў — Дзяржаўнвае выдавецтва замежных і нацыянальных слоўнікаў. — Масква — 1953. Выданне 4-е, папраўл. і дап. — Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі. 1993. С. 730 : Лобан 1. прост. лабач, -ча, м. ; 2. зоол. лабан, -на, м.».

І ў маім антрапанімічным артыкуле «Лобан» у публікацыі «Прозвішчы Беларусі. Адапелятыўныя ўтварэнні (апублікаваны ў «Нашым слове»), сцвярджаецца : «Лобан (Мікола Л.) — семантычны дэрыват ад апелятыва лабан ‘прамысловая рыба сямейства кефалей’, перанос націску з суфікса -ан на каранёвую марфему (лобанлобан) абумоўлены неабходнасцю адмежавання прозвішча ад апелятыва». Можна бачыць тут і ўплыў графічнай формы расійскай мовы.

Чытачам «Нашага слова» прапануюцца два варыянты тлумачэння прозвішча Лобан. Іх права выбіраць той, які здаецца ім больш аб’ектыўным, абгрунтаваным.

Павел Сцяцко.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *