Іван Шэга: Калі вы адмаўляецеся ад роднае мовы, то каго вы наогул з сябе ўяўляеце…

Панядзелак, Жнівень 31, 2015 0

Кіраўнік Слонімскай арганізацыі БНФ Іван Шэга звярнуўся з лістом да старшыні райвыканкама Алега Таргонскага з прапановай увесці на афіцыйным сайце Слонімскага райвыканкама беларускую мову. Цяпер сайт райвыканкама працуе на расейскай і ангельскай мовах. Адказ не прымусіў сябе доўга чакаць, старшыня райвыканкама напісаў Івану Шэгу, што зараз дзеля гэтага няма тэхнічнай магчымасці, паколькі сайт райвыканкама не можа падтрымліваць тры мовы.

Карэспандэнт: “Наколькі я разумею вы невыпадкова напісалі такі ліст старшыні райвыканкама?” 

Шэга: “Мы апошнім часам праводзім маніторынг узаемадачыненняў улады і апазіцыйных структураў у нашым горадзе. Таму часта даводзіцца заходзіць на сайт райвыканкама, аналізаваць інфармацыю і заўсёды рэжа вока тое, што сайт можна прачытаць альбо па-расейску, альбо па-ангельску, а беларускай мовы няма. Я і напісаў ліст да старшыні райвыканкама з тым, каб ён патлумачыў, чаму няма беларускай мовы, бо такое ўяўленне, што ў Слоніме жывуць толькі расейцы і брытанцы. Ці сайт наагул разлічаны толькі на іншаземцаў, а сваім людзям інфармацыя не патрэбная?”

Карэспандэнт: “Вы чакалі такога адказу, які атрымалі, ці ўсё ж на нешта спадзяваліся?” 

Шэга: “Шчыра кажучы, я меў надзею, што яны выправяць гэта, бо сапраўды гэта не цяжка зрабіць. Я сам маю ўласны сайт і ведаю, што гэта не складана, але адказ мяне ўразіў. Яны пішуць, што няма тэхнічнай магчымасці, але гэта смешна. Я скантактаваўся з адмыслоўцамі ў гэтай сферы, і яны адназначна сказалі, што такі адказ — проста адмазка, бо, відаць, не хочуць проста гэтага рабіць. Што яшчэ ўразіла ў гэтым адказе чыноўніка, дык тое, што ён піша маўляў «расейская мова таксама з’яўляецца дзяржаўнай і, улічваючы найбольш частае яе выкарыстанне жыхарамі нашага раёна для зносін, на сайце выкарыстоўваецца менавіта яна. Выкарыстанне ж ангельскай мовы абгрунтоўваецца тым, што яна лічыцца міжнароднай і забяспечвае найбольш шырокі доступ да апублікаванай на старонках сайта інфармацыі для замежных наведнікаў, што спрыяе пашырэнню міжнародных зносін і турызму…»

Карэспандэнт: “Як вы расцанілі такі адказ?”

Шэга: “Я расцаніў гэта найперш як непавагу ўласна да мяне. Як непавагу да тых жыхароў раёна, якія размаўляюць штодня на беларускай мове. Зрэшты, гэта і непавага да таго, хто гэта пісаў, бо людзі таксама жывуць у Беларусі, называюць сябе беларусамі. А мова — гэта адзінае, што можа аб’ядноўваць людзей у краіне, усё астатняе — другаснае. І калі вы адмаўляецеся ад гэтае мовы, то якая вы тады краіна, каго вы наогул тады з сябе ўяўляеце.”

Карэспандэнт: “Вы не сталі болей працягваць дыскусію з раённым чыноўнікам, не пісалі яму болей лістоў?”

Шэга: “Ведаеце, я быў вельмі ўзрушаны і напісаў ліст старшыні Гарадзенскага аблвыканкама. Я напісаў яму, што не лічу такі ліст адказам, бо ён па-просту ўтрымлівае хлусню. Мне, па-першае, схлусілі, што няма тэхнічных магчымасцяў. А па-другое, я яшчэ раз напісаў, што такое стаўленне — гэта дыскрымінацыя беларускага народа, што мне няма справы да таго, хто паміж сабой на якой мове размаўляе. Мая справа ў тым, што я тут жыву, нарадзіў-ся і хачу атрымліваць інфарма-цыю на роднай мове, якая з’яўляецца ў краіне дзяржаўнай. А беларусы — гэта тытульная нацыя ў краіне і ва ўсіх дзяржаўных установах павінна быць беларуская мова.”

Карэспандэнт: “У вас ёсць надзея на тое, што зверху нехта патрасе пальцам на раённага чыноўніка?”

Шэга: “Ведаеце, я тут не адзін такі, і калі майго ліста будзе мала, пачнём збіраць подпісы. Я думаю, што мы свайго даможамся. На маю думку, у гэтых пытаннях трэба быць настойлівымі.”

Карэспандэнт: “А як наогул выглядае сітуацыя з беларускай мовай у Слоніме?”

Шэга: “Ды такая ж як і была… У мяне язык не паварочваецца, каб сказаць, што людзі ці тыя ж чыноўнікі размаўляюць сёння на расейскай мове. У іх звычайная непісьменная расейская трасянка. Лепш бы яны размаўлялі па-беларуску, бо гэта наогул прэ з іх, калі яны выступаюць альбо даюць інтэрвію — з іх папросту прэ гэтая беларускасць, асабліва праз акцэнт.

Карэспандэнт: “А мясцовыя СМІ ў Слоніме якой мовай карыстаюцца?”

Шэга: “Раённая дзяржаўная газета «Слонімскі веснік» выходзіць выключна на расейскай мове. Нават незалежная «Газета Слонімская» большасць матэрыялаў друкуе па-расейску. У Слоніме нядаўна пачаў ізноў працаваць тэатар, але беларускай мовы ён не дадаў, большасць пастановак па-расейску, хаця людзі туды ідуць. І гэта не чыста беларускі тэатар, зрэшты, як і ўсё астатняе ў нашым грамадстве: школы, паліклінікі, іншыя ўстановы — куды ні зайдзі, усюды толькі па-расейску. А пасля мне кажуць, што большасць людзей у зносінах ужывае расейскую мову. І як тут быць, калі паўсюль па-расейску, а ты са сваёй беларускай мовай… Некаторыя людзі, самі беларусы, ужо папросту не разумеюць беларускай мовы, глядзяць на цябе вялікімі вачыма. Дайшло да таго, што беларус ужо не разумее, калі ты гаворыш з ім па-беларуску.

Паводле

Радыё Свабода.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *