Новае выданне. Кніга пра беларускага паэта з Беластока

Панядзелак, Жнівень 31, 2015 0

У менскім выдавецтве «Кнігазбор» выйшла з друку кніжка Сяргея Чыгрына «Мора Віктара Шведа». Яна прысвечана жыццю і творчасці найстарэйшага беларускага паэта з Беластока (Польшча) Віктара Шведа, які сёлета ў сакавіку адзначыў сваё 90-годдзе.

шведк

У кнігу ўвайшлі артыкулы аўтара пра творчасць Віктара Шведа, а таксама гутаркі з ім у розны час.

Віктар Швед нарадзіўся ў вёсцы Мора на Гайнаўшчыне.  Вучыўся ў беларускіх школах у Гайнаўцы і  Бельску-Падляскім (Польшча). Закончыў Акадэмію палітычных навук у Варшаве (1951), аддзяленне журналістыкі (1955) і аддзяленне беларускай філалогіі (1969) Варшаўскага ўніверсітэта.

Працаваў журналістам у беларускім тыднёвіку ,,Ніва» (Беласток), рэдактарам у выдавецтве ,,Ksiаzka i Wiedza» ў Варшаве (1960-1988). Пасля выхаду на пенсію жыве ў Беластоку.

Дэбютаваў 24 сакавіка 1957 г. вершам ,,Я беларус» у беларускім тыднёвіку ,,Ніва». Піша на беларускай і польскай мовах. Яго творы  перакладаліся на англійскую, эсперанта, польскую, расійскую, украінскую і венгерскую мовы.

Апублікаваў 16 зборнікаў вершаў: “Жыццёвыя сцежкі” (Беласток, 1967), “Дзяцінства прыстань” (Беласток, 1975), “Дружба” (Менск, 1976), “Мая зялёная Зубровія” (Менск, 1990), “Родны схоў” (Беласток, 1991), “Вясёлка” (Беласток, 1991), “Вершы Натальцы” (Беласток, 1998), “Выбраныя вершы” (Беласток, 2000), “Мае Айчыны” (Беласток, 2003), “Смяшынкі” (Беласток, 2009), “Адплываем з Мора” (Беласток, 2010). У перакладзе аўтара на польскую мову выйшлі кніжкі: “Wiersze wybrane” (Bialystok, 1997), “Lata wiatr skrzydlaty” (Bialystok, 2000), “Smiech nie grzech” (Bialystok, 2000), “Przemijanie” (Bialystok, 2006), “Smieszynki” (Bialystok, 2010).

Рэдактар выдання (у сааўтарстве з Яшам Буршам, Аляксандрам Баршчэўскім) “Белавежа. Літаратурны альманах” (Беласток, 1965). Аўтар падручнікаў: “Дружба і праца. Хрэстаматыя для VІІІ класа” (у суаўтарстве з Аляксандрам Баршчэўскім, Варшава, 1967), “Насустрач жыццю. Хрэстаматыя для VІІІ класа” (у суаўтарстве з Аляксандрам Баршчэўскім), Варшава, 1974.

Перакладае з беларускай, рускай, украінскай моў на польскую, з польскай — на беларускую.

Яго вершы ўвесь час друкуюцца на старонках беластоцкага беларускага тыднёвіка “Ніва”. На дзіцячай старонцы “Зорка» гэтага тыднёвіка вядзе пастаянную рубрыку “Вершы Віктара Шведа», а таксама друкуецца ў “Беларускіх каляндарах» (Беласток) і ў іншых выданнях Польшчы і Беларусі. Аўтар правёў звыш тысячы аўтарскіх сустрэч. Многія творы Віктара Шведа пакладзены на музыку.

Сябар Саюза польскіх пісьменнікаў і ганаровы сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў. Сузаснавальнік і шматгадовы старшыня Беларускага літаратурнага аб’яднання «Белавежа». Пастаянны сябар Беларускага грамадска-культурнага таварыства (БГКТ). У 1958-1969 і 1976-1988 гадах быў сябрам Галоўнага праўлення БГКТ, у 1958-1960 гадах — яго адказным сакратаром, а ў 1984-1988 гадах — сябрам Прэзідыума, з’яўляўся таксама сябрам розных камісій БГКТ.

Узнагароджаны Крыжамі Кавалерскім і Афіцэрскім Ордэна Адраджэння Польшчы, сярэбраным медалём “Заслужаны культуры Gloria Artis”, медалём Францішка Скарыны, адзнакай “Заслужаны дзеяч культуры Польшчы”, нагрудным знакам “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”, ордэнам Святых Роўных Апо-сталам Кірылы і Мяфодзія, грамадскім ордэнам “За вернасць Бацькаўшчыне”.

Кніга Сяргея Чыгрына «Мора Віктара Шведа» ужо паступіла ў менскую кнігарню «Акадэмічная кніга».

Барыс Баль,

г. Слонім.

 

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *