Сонечны дэбют гурта «Merada» «Merada» — «Проста вер», Мн., 2015, «Vigma»

Субота, Жнівень 1, 2015 0

Быў час, калі хваля цікавасці да рок-творчасці спарадзіла масу крытэраў пошуку навінак на музычных развалах, дзе нават недасведчаны меламан лёгка знаходзіў знакамітыя брэнды на дысках «Бітлоў», «Цэпелінаў», «Ролінгаў»… Ну а крытэры дасведчанага пошуку былі яшчэ шырэйшыя: «А што гэта ты набыў нешта невядомае?» — пытае неяк мяне хлопец у краме, калі я купіў фірменны дыск гурта «The Firm». Адказваю проста: «Гурт насамрэч невядомы, але гітарыст тут цэпелінаўскі Джымі Пэйдж, бубнара Крыса Слэйда ўсе чулі ў «Manfred Mann’s Earth Band» і «Uriah Heep», вакаліст Пол Роджэрс запомніўся ў «Free» і «Bad Company»…» — «Далей не трэба, пайду і сабе вазьму». Была эпоха агульнай радасці, калі захапленне раcсявалася, як вірус, гартуючы пакаленне рок-меламанаў, якіх цягнула і да якасці слухання — на апаратуры hi-fi ці hi-end. Цяпер наўрад ці хто назаве сапраўдных мегакуміраў, таму на вокладкі ў крамах нават няма каму паглядзець, а ў інтэрнэце знаёмства з песнямі падобнае на мітусню бамжоў на звалцы, дзе ўсё, як кажуць, «прыблізна адной якасці». У Беларусі дайшло да камп’ютарных самарэзаў «найвялікшых» зорак, якіх і ў фірмовым выглядзе ніхто не бярэ. Але нехта ж выдае фірмовыя навінкі? Менскі гурт «Merada» для шырокай публікі рэальна пакуль невядомае імя, але ж неяк прымусіў фірму «Vigma» заняцца не камп’ютарным рамесніцтвам, а сур’ёзным заводскім тыражаваннем. І я раскажу вам як.

Merada1кMerada2кMerada3к

Лідара калектыва Стыва Крамэра я ведаю з рамантычных 80-х, калі ўздымаліся першыя зоркі нацыянальнага року ў Беларусі. Вы іх ведаеце: «Мроя» і «Бонда». Акурат жа Стыў (тады Сева) асмеліўся напісаць ПЕРШЫ маштабны артыкул пра «Мрою» ў газеце «Чырвоная змена» («МРОЯ і яе вытокі»), а ў «Бонды» ён вучыўся гукарэжысуры. Як сапраўднага фана, яго пускаў пасядзець за пультам сам Алесь Клаўс Белізяк.

Потым пара дзясяткаў гадоў эміграцыі, дзе ён нарэшце купіў свой першы фірменны «Gibson» (дома практыкавацца даводзілася ці на балгарскай гітарцы, ці на пераробленай «Фарманце»). Задавальнення і ўвасаблення творчых ідэй («рок на роднай мове») усё адно не было ні тут, ні там, хоць практыка студыйнай і канцэртнай працы ТАМ стала шырэйшай. Дый на ўласную студыю ўдалося зарабіць менавіта там, але яго мімаволі цягнула дамоў, бо памятаў Скарынава «нават птушкі шануюць гнёзды свае». Чарговае вяртанне на мяжы стагоддзяў спарадзіла нават студыйны рэліз ягонага гурта «Бава» на сур’ёзным CD-трыб’юце паэта-грамадоўца Сяргея Новіка-Пяюна «Дні лятуць» (100 гадоў яму было ў 2006-м). Твор сімвалічна называўся «Праз акіян», было нават некалькі прэзентацыйных канцэртаў цэлай праграмы, але жыццё нібы пераконвала: «Тут і песні роднай не пачуеш». Хоць «Бава» аказалася праектам больш плённым за першы (ці прыгадае хто гурт «Юрась Братчык»?), але ён зноў з’язджаў туды, дзе родная песня не стане перашкодай у творчым лёсе — у Краіну Эмігрантаў.

Праўда, удалечыні ад дому ён працягваў думаць пра Беларусь. Асабліва, пасля гібелі сына ў аўтакатастрофе, і пя-ток гадоў таму ён здолеў зноў вярнуцца сюды, каб заснаваць дыхтоўна абсталяваную студыю «Everest-Media», дзе мелі гонар запісацца ўжо і «Дзецюкі», і «J-Морс», і «Naka». А яшчэ ён знайшоў тут новую спадарожніцу жыцця — спявачку Аню, якая і стала таксама Крамэр. Спярша выступалі з каверамі класічнага блюзу і кантры пад назвай «Steve Cramer Band», але ўжо ад 2013-га ў розных інтэрнэт- і радыё-плебісцытах пачалі мільгаць уласныя беларускамоўныя хіты праекту з філасофскім назовам «Мерада». Філасофія ў тым, каб адчуваць меру быць сучасным і авангардным без здрады сваёй сутнасці.

І вось «Мерада» выдае альбом «Проста вер». Некалі мы выбіралі ў краме навінкі паводле актуальнага стылю, паводле зорнага статусу. Але цяпер няма актуальнага стылю для ўсіх: ёсць рэп-тусня, ёсць метал-фаны, панкі, а што ж чакаць ад гурта «Мерада», які выдаў сур’ёзны дэбютны альбом, за-пісаны ў студыі амерыканскага ўзроўню? Скарыстаемся другім крытэрам: ці можа пакінуць расчараванні альбом, дзе на бубнах у песні «Дзень народзінаў вясны» грае знакаміты металер Аляксей Золатаў («Divina Enema»), а папытовы студыйны клавішнік Кастусь Гарачы сеў за арган у «Срэбным анёле», ну а на губным гармоніку грае сам Ігар Варашкевіч («Крама»), сябар Стыва яшчэ з «Бонды» (сл. песню «Адзіны ты»):

У мяне быў адзіны ты,

                               адзіны ты.

Я цябе ў чужых вачах

                              шукаю зноў.

Неба глядзіць на нас

                     блакітным сном.

У мяне быў адзіны ты,

                     ды я ўжо адна…

 

Тэксты піша вакалістка Анна Крамэр, таму пазітыўны настрой a-la femme вытрыманы ідэальна ў атмасферы пазітыўнай сумесі блюзу, кантры і фольку ад гартаванага блюз-рокера Стыва (на кантры ён падсеў толькі ў ЗША). Ён грае і на гітарах розных тыпаў, і на мандаліне, і на перкусіі. Дый увогуле ў складзе гурта багаты інструментальны кантынгент: асноўны бубнар Іван Махновіч, асноўны клавішнік Уладзімір Міхновіч, басіст Валеры Дасюкевіч, сола-гітара Генадзя Дульчэўскага. Фрагментарна гучаць акардэон, скрыпка, конгі. Гэткі класічны мелодык-рок-бэнд, дзе вакал грае адметную ролю аб’ёмнага інструмента шырокага дыяпазону. У Ані рэальны спеўны голас, дзе ноты яшчэ важней за манер-насць.

Цяпер пералік стыляў мала што гаворыць, але паверце, зачароўваюць творы, якія будзяць рэальную настальгію па часе віртуозных гітарыстаў, дасціпных і непадобных адзін да аднаго вакалістаў, па часе пошуку НОВЫХ рыфаў, НОВЫХ гукаў з сучасных і класічных інструментаў. Каб усё гэта ацаніць, адчуць, трэба быць наслуханым самай рознай музыкай: і наша «Бонда», і брытанскі «Led Zeppelin», і амерыканскі Джымі Хендрыкс… Гартаванае ў Амерыках ды Брытаніях майстэрства Стыва выяўляе гэта на беларускім матэрыяле.

Дзе рака бяжыць

                        сярод узгоркаў,

Дзе лес шуміць і кліча яр,

Жыве народ Зямлёю Продкаў,

Бароніць іх спакой Ваяр.

 

Колькі ён шукаў вакалістаў для праекту «Бава», нават мяне вучыў спевам дзеля праекту «Юрась Братчык», а Бог даў яму спадарожніцу Аню, з якой ствараюць мудрыя і вабныя балады. Мо мінула мода на глыбокія песні, але ці маркоціўся Джо Кокер, захапіўшы свет блюз-рокам у час зусім іншай моды (метал, панк, хардкор). Маўляў, не сачы за модай, а стварай яе сам, але больш якасна за папярэднікаў. Менавіта так і навучыўся Стыў рабіць. Ягоныя песні маюць салідны рэйтынг у Польшчы, Расіі, Украіне, а ў Беларусі проста няма радыё для беларускіх песень («Как я ненавижу этот язык!», — кажуць мясцовыя радыё-дыджэі). Але «Мерада» проста верыць, што не ўсё так дрэнна, як здаецца. Галоўнае, трымацца найвышэйшых крытэраў якасці таго, што сам робіш. Вечны вандроўнік па свеце Стыў Крамэр, як і славуты Адысей, цар Ітакі, знайшоў шуканае менавіта дома. І верыць у тое, што проста «трэба рабіць», як казаў вялікі «Partyzone».

Галоўная тэма дэбютнага альбома «Мерада» — сонца, родны край, вера ў светлыя мары. Цудоўным носьбітам гэтых каштоўнасцяў стаў увесь досвед так упадабанай з юнацтва плыні рок-музыкі, з якой яны не выключаюць і пэўныя знаходкі рэперскіх плыняў, гітарныя рыфы метал-плыні, хоць шчыра адданыя меладычнаму пачатку і традыцыйнай філасофіі свайго народу. І не бяда, што ў тваіх руках класічны рок-альбом баладнага шарму на 45 хвілінаў. Не бяда, бо ра-дасць, якую засведчыла і сонечная вокладка Яўгена Ковэка і Алены Румянцавай з крывіцкім алатыр-каменем (васьмірогам) пасяродку.

Жадаеш добрага настрою і якаснага кайфу ў лайфе, дык слухай настраёвыя балады «Ваяр Святла» (мой кумір), «Дзень народзінаў вясны», «Рака кахання», «Вядзьмак», «Цягнік», «Адзіны ты», «Бывай», «Проста вер» (было б радыё, быў бы промахіт для ўсіх), «Няхай вандруе любоў», «Срэбны анёл» (шкада, не ўвайшла ў альбом створаная яшчэ з светлай памяці Змітром Сідаровічам песня «Шыбуе дзядзька ў Вільню»). У іх ты пачуеш усё, што колісь любіў — «Песняры», «Beatles», «Led Zeppelin», «Мрою», «Бонду», родны дом, сонца, чыстае неба над галавой і… «Мерада». Проста вер!

Вітаўт МAРТЫНЕНКА,

музычны крытык.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *