Польскі лінгвіст: Палякі Віленшчыны дагэтуль размаўляюць па-беларуску

Чацвер, Верасень 10, 2015 0

У Літве на Віленшчыне жыве шмат людзей, якія лічаць сябе палякамі, але размаўляюць пры гэтым «па-просту». Пра гэта заявіў у інтэрв’ю Zw.lt польскі лінгвіст, супрацоўнік Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук Міраслаў Янкавяк.

— Я беларусіст і ведаю беларускую дыялекталогію, і «простая мова» для мяне з’яўляецца сінонімам беларускай», — адзначыў ён, падкрэсліўшы, што польская мова для гэтых людзей ёсць мовай «культурнай, высокай і мовай інтэлігенцыі».

Навуковец паведаміў таксама пра рознасць беларускіх гаворак у Літве. Так, у Рымшанах (Ігналінскі раён) моцныя ўплывы паўночных беларускіх гаворак і шмат рускіх словаў, тады як у астатніх раёнах Літвы пераважаюць цэнтральныя беларускія гаворкі.

Міраслаў Янкавяк адзначыў таксама, што ў розных мясцовасцях Віленшчыны людзі размаўляюць па-рознаму. Так, у Падброддзі, Нямянчыне і Свянцянах дамінуе польская мова, а найбольш беларускімі з’яўляюцца Дзевянішкі і іншыя памежныя з Беларуссю раёны. «Людзі, якія перад вайной хадзілі да польскай школы, больш пачуваюцца палякамі, і ў іх простай мове будзе больш паланізмаў», — сказаў ён.

— Што цікава, аўтар першай граматыкі беларускай мовы Браніслаў Тарашкевіч паходзіў з-пад Лаварышак, і можна казаць, што яго гаворка, ці яго «простая мова», стала ў вялікай ступені падставай для кадыфікацыі беларускай літаратурнай мовы. Памятаю, як першы раз прыехаў на Віленшчыну ў 2009 годзе і папрасіў, каб людзі размаўлялі са мной часткова па-польску, а часткова «па-просту», дык здзівіўся, навошта гэтыя людзі размаўля-юць са мной беларускай літаратурнай мовай, — дадаў лінгвіст.

Міраслаў Янкавяк адзначыў, што 90 % яго суразмоўцаў называлі сябе палякамі, віленскімі палякамі ці «пілсудскімі палякамі». Пры гэтым ён дадаў, што с аповедаў мясцовых людзей вынікае, што «па-просту» людзі тут размаўлялі прынамсі з другой паловы ХІХ стагоддзя.

Існаванне беларускай мовы ў Літве навуковец назваў феноменам, бо паводле розных моўных тэорый беларускія гаворкі мусілі знікнуць за дзясяткі год паланізацыі, дзвесце гадоў русіфікацыі, а пазней і літуанізацыі. «Але маем ХХІ стагоддзе, стагоддзе глабалізацыі, бярэм дыктафон, ідзём у вёску і маем паўсюль чыстую беларускую гаворку з добра захаванай структурай. Мяркую, што ў значнай ступені гэта вынікае з таго, што мова гэтая, добра зразумелая іншымі народнасцямі, з’яўляецца вельмі добрым сродкам камунікацыі», — падкрэсліў лінгвіст.

krynica.info

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *