Навіны Германіі. Дзясяты тыдзень нямецкай мовы і культуры ў Берасці

Серада, Лістапад 9, 2016 0

З 17 па 27 кастычніка 2016 года ў горадзе над Бугам праходзіў Дзясяты тыдзень нямецкай мовы і культуры з вельмі насычанай праграмай мерапрыемстваў. Сёлета Тыдзень нямецкай мовы і культуры адзначае юбілей. Упершыню ён адбыўся 10 гадоў назад — у 2006 годзе.

— У першы год мы правялі толькі два мерапрыемствы і яшчэ не звалі гэта тыднем, — адзначыла настаўнік нямецкай мовы СШ  № 7 Карын Краус. — У наступным годзе ў нас ужо былі лектары Фонду імя Роберта Боша, валанцёры DAAD. Мы папрасілі дапамогі ў Берасцейскай абласной бібліятэкі імя Максіма Горкага.

Так мерапрыемства разраслося да маштабнай падзеі. На Тыдні нямецкай мовы выступалі беларускія паэты Алесь Разанаў, Віктар Жыбуль, Вера Аснач, Андрэй Хадановіч. Прыязджалі і госці з Германіі і Аўстрыі: напрыклад, аўстрыйскі пісьменнік Марцін Полак. Сёлета перад берасцейцамі выступіў таксама нямецкі журналіст Томас Файбель. Прайшлі і іншыя мерапрыемствы — як для школьнікаў, так і для студэнтаў і выкладчыкаў нямецкай мовы.

На заключных мерапрыемствах у межах Тыдня нямецкай мовы і культуры 26 кастрычніка, адбываліся адразу дзве майстэрні »Жыць у сяброўстве з прыродай, карыстаючыся ўзнаўляльнымі крыніцамі энергіі» — у сярэдняй школе № 7 і Берасцейскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце. А 27 кастрычніка ў абласной бібліятэцы імя Горкага прэзентаваны даклад »Храмавае свята, Майскае дрэва, Птушынае вяселле — абрады і звычаі паволжскіх немцаў 1763 года».

Акрамя таго, у межах Тыдня нямецкай мовы і культуры ў Берасці прайшлі такія тэматычныя сустрэчы як — »Моўны тэст OnDaF (DAAD)» нямецкай службы акадэмічных абменаў струдэнтаў, аўтарскія чытанні »LikeMe — кожны клік улічваецца», серыя семінараў і спеўных імпрэзаў.

Беларускае Радыё Рацыя.

На здымку: адна з арганізатараў тыдня Карын Краўс.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *