Навіны Германіі. Максім Багдановіч перакладаў з нямецкай

Панядзелак, Снежань 19, 2016 0

Разам з Янкам Купалам, Якубам Коласам, іншымі пісьменнікамі-перакладчыкамі нашаніўскай пары Максім Багдановіч далучаецца да перакладу нямецкай паэзіі, у прыватнасці творчай спадчыны Генрыха Гайне і Фрыдрыха Шылера. Даследчык беларуска-нямецкіх літаратурных сувязей Уладзімір Сакалоўскі сцвярджае, што: “Вершы Г. Гайне захапілі аўтара «Вянка» жараснасцю лірычнага пачуцця, глыбокім пранікненнем у самыя інтымныя зрухі чалавечай душы, філасофскім зместам, вялікім гуманізмам, саркастычным выкрыццём людскіх заган, урэшце, дасканаласцю формы, меладычнасцю, блізкасцю да народнай песні”.

У 1909 г. на старонках «Нашай Нівы» быў апублікаваны першы Багдановічавы перакладны верш Генрыха Гайне — «У паўночным краю на кургане». Праз год у гэтай газеце быў змешчаны пераклад верша Фрыдрыха Шылера «Хочаш сябе ты пазнаць». Пяць іншых перакладзеных вершаў Гайне — «Азра», «Дзяцюк шчыра любіць дзяўчыну», «Калі любоў замучыць», «Калі маеш шмат чаго», «Генрых» — былі апублікаваныя толькі ў 1927 годзе ў першым акадэмічным зборы твораў Максіма Багдановіча. Ацэньваючы Багдановічавы пераклады Генрыха Гайне і Фрыдрыха Шылера Уладзімір Сакалоўскі сцвярджае: “Багдановічаўскія пераклады твораў Г. Гайне і Ф. Шылера хаця і маюць некаторыя недахопы, што больш залежалі ад часу, чым ад самога перакладчыка, сталі, як і ўся спадчына беларускага паэта, класічнымі”.

З ГАЙНЕ

 

Ў паўночным краю на кургане

Сасна адзінока стаіць,

Абкутаўшысь лёдам і снегам,

Як белай адзежынай, спіць.

 

I бачыць у сне яна пальму,

Што ў дальняй паўдзённай зямле

Самотна стаіць і нудзьгуе

На спаленай сонцам скале.

 

*   *   *

 

Дзяцюк шчыра любіць дзяўчыну,

Ёй іншы да сэрца прыпаў,

А іншы той іншую любіць

І мужам яе хутка стаў.

За першага, хто ні спаткаўся,

Дзяўчына са злосці ідзе.

Дзяцюк жа марнее і губіць

Жыццё маладое ў нудзе.

Старая ўжо гэта гістор’я,

Хоць новаю будзе ўсягды.

Як з кім яна здарыцца — пэўне

Пакрыша ім сэрцы тады…

 

*   *   *

 

Калі любоў ізмучыць

Два сэрцы маладыя, —

Смяюцца ў небе зоркі,

Гавораць, залатыя:

 

«Хай людзі-небаракі

Душою шчырай любяць, —

Любоў іх гнібіць тугай,

Жыццё ім нават губіць.

 

А мы — бяссмертны; вечна

Блішчым на небе сінім,

Бо мы любві не маем

I з мук яе не гінем».

 

*    *   *

 

Калі маеш шмат чаго,

Дык яшчэ табе прыбавяць;

А як трохі, — ўсё вазьмуць,

Ні скарынкі не аставяць.

 

Галяка ж адна труна

Ў белым свеце прывітае,

Бо ў нас права на жыццё

Мае той, хто нешта мае.

ГЕНРЫХ

 

У Каносе, перад замкам,

Ноччу цёмнай і дажджлівай,

На дварэ стаіць цар Генрых,

Босы, у адной кашулі.

На яго ў акно хтось двое

Пазіраюць… Месяц глянуў,

Асвяціў Рыгора папы

Брыты чэрап і Мацільду.

Пабялеўшымі губамі

Генрых «Ойча наш» шапоча,

Але злуе яго сэрца,

Нешта іншае гаворыць:

«Там далёка, ў краю родным,

Горы цвёрдыя паднялісь;

У глыбі тых гор жалеза

Пахавана на сякеру.

Там далёка, ў краю родным,

Ёсць лясы з дубоў вялізных:

З самаго старога дуба

Для сякеры выйдзе ручка.

Край мой родны! Край мой верны!

Зродзіш, край, ты чалавека,

Што змяю майго мучэння

Ўраз заб’е сякерай вострай».

 

АЗРА

 

Кожны вечар ля крыніцы,

Дзе вада дзюрчыць, плюскоча,

Упярод і ўзад хадзіла

Доч прыгожая султана.

Кожны вечар ля крыніцы,

Дзе вада дзюрчыць, плюскоча,

Малады стаяў нявольнік

I марнеў штодня ўсё болей.

Раз яна ў яго паціху,

Затрымаўшыся, спытала:

«Як завуць цябе, дзе край твой

Ды з якога ты народу?»

Адказаў нявольнік: «Клічуць

Магаметам з Іемена,

А народ мой — тыя Азры,

Што канаюць ад кахання».

 

З Ф. ШЫЛЕРА

 

Хочаш сябе ты пазнаць, —

паглядзі на людзей, на іх справы;

Хочаш людзей зразумець, —

ў сэрца сваё загляні!

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *