Навіны Германіі Новы амбасадар Беларусі ў ФРГ: «Мы не павінны балансаваць паміж Расіяй і Еўразвязам. Важныя абодва кірункі»

Панядзелак, Снежань 5, 2016 0

Месяц таму, 25 кастрычніка 2016 году Аляксандар Лукашэнка прызначыў амбасадарам Рэспублікі Беларусь у Германіі 40-гадовага Дзяніса Сідарэнку. Да гэтага Сідарэнка ачольваў Упраўленне агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва МЗС.

Новы амбасадар прапрацаваў у Берліне на новай пасадзе 5 дзён і прыехаў у Беларусь на XIV Менскі форум. Дзяніс Сідарэнка на адкрыцці Форуму ўдзельнічаў у дыскусіі «Беларусь — Германія — Еўразвяз: перспектывы еўрапейскага суседства і бяспекі», а потым даў эксклюзіўнае інтэрвію Радыё Свабода.

 

— Я толькі ў мінулую пятніцу з’ехаў у Германію на новую працу, але праз пяць дзён вымушаны быў вярнуцца ў Беларусь, таму што Менскі форум — гэта вельмі сур’ёзнае, уплывовае мерапрыемства, дзе ёсць магчымасць паразмаўляць з усімі ўплывовымі асобамі, хто цікавіцца беларуска-нямецкімі дачыненнямі, і хутчэй уліцца ў мой новы мандат, які зусім нядаўна атрымаў, і стварыць своеасаблівую мапу працы на будучыню.

— Чым асаблівыя адносіны Беларусі з Германіяй?

— Так, нашы адносіны з Германіяй — гэта стасункі са стратэгічным партнёрам, які сёння з’яўляецца адным з лідараў Еўразвязу. Таму для нас гэтыя адносіны вельмі важная і патрэбныя. Я не магу сказаць, што на новай пасадзе я пачынаю з нуля. Ёсць шмат плыняў, шмат вектараў, шмат кірункаў, дзе мы працуем не толькі на дзяржаўным узроўні, але і паміж эканамічнымі суб’ектамі, паміж прадпрыемствамі, паміж людзьмі. Я як амбасадар Беларусі ў Германіі зраблю ўсё магчымае, каб падтрымаць, надаць нашым узаемаадносінам паскарэнне. Так, нашы адносіны сёння развіваюцца, але патэнцыял іх у поўнай меры яшчэ не выкарыстаны. Я таксама сканцэнтруюся, каб прывесці ў Беларусь яшчэ больш інвестараў.

— На вашу думку, Беларусь павінна балансаваць паміж Захадам і Ўсходам, паміж Расеяй і Еўразвязам, ці ўсё ж такі больш канкрэтна вызначыцца, так бы мовіць, да якога берага яна прыплыве?

— Я перакананы, што і нашы адносіны з Расіяй, і нашы адносіны з краінамі Еўразвязу, і ў прыватнасці з Германіяй, вельмі важныя ў абодвух кірунках. І гэта не пытанне балансу, гэта пытанне выбудоўвання нармальных канструктыўных і прагматычных адносінаў з усімі партнёрамі і суседзямі, бо і Расія, і краіны Еўразвязу — гэта нашы непасрэдныя суседзі, з якімі непасрэдна нам давядзецца выбудоўваць адносіны ў пазітыўным кантэксце.

Радыё Свабода.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *