Брытанскі пісьменнік Джэк Файрвэзер ў Лідзе

Панядзелак, Травень 29, 2017 0

Скарыстаўшыся магчымасцю наведаць Беларусь на працягу 5 дзён без візы, у Ліду прыехаў вядомы брытанскі пісьменнік і журналіст Джэк Файрвэзер (Jack Fairweather), аўтар бестселераў пра войны ў Афганістане і Іраку («The Good War: Why We Couldn’t Win the War or the Peace in Afghanistan»,  «War of Choice: The British in Iraq»  і  «A War of Choice: Honour, Hubris and Sacrifice: The British in Iraq»).

джэкк

Ужо больш за год брытанец збірае матэрыял для сваёй будучай кнігі пра нашага славутага земляка Вітольда Пілецкага — чалавека, які добраахвотна пайшоў у Асвенцым, каб даведацца, што там робіцца, потым арганізаваў уцёкі з лагера і гераічна ваяваў супраць нацыстаў і камуністаў. Брытанскі гісторык прафесар Майкл Фут (Michael Foot) залічыў Вітольда Пілецкага да ліку шасці самых адважных герояў Другой Сусветнай вайны.

Пісьменнік прыехаў з дзвумя асістэнткамі, якія дапамагаюць яму збіраць матэрыял — Ханнай Вальдэ (Hannah Wadle) і Мартай Гольян (Marta Goljan). Сын Пілецкага Андрэй парэкамендаваў пісьменніку ў Лідзе сустрэцца з рэдактарам газеты «Лідская зямля» Аляксандрам Колышкам, а менская акадэмічная супольнасць звяла брытанца з даследчыкам і рэдактарам сайта «Павет» Леанідам Лаўрэшам. Гэтыя людзі з’яўляюцца лепшымі знаўцамі рэалій лідскай гісторыі 1920-30 гг.

Джэку Файрвэзеру быў прэзентаваны нумар «Лідскага летапісца» з  артыкулам пра Пілецкага. Потым уся група наведала месца, дзе быў маёнтак Пілецкіх — Сукурчы (за кіламетр ад легендарнага Вострава, месца, у якім адбылося Востраўскае пагадненне 1392 г, паміж Вітаўтам і Ягайлам). У Крупаўскім касцёле, дзе да гэтага часу вісіць абраз пэндзля Вітольда Пілецкага, Файрвэзер выпадкова сустрэўся з Данутай Лапян (1934 г.н., цёткай вядомага польскага пісьменніка Аляксандра Юрэвіча), у доме якой жыла жонка Пілецкага Марыя з дзецьмі. Пані Данута расказала, як разам з дзецьмі Пілецкага святкавала Каляды 1939 г. (у красавіку 1940 г. Марыя Пілецкая перайшла мяжу і пасялілася ў сваіх бацькоў у Востраве-Мазавецкім). Потым уся група наведала старога лідскага краязнаўца Станіслава Ушакевіча.

бабкактроек

Сябры даследчай групы на свае вочы пабачылі людзей і зямлю, адкуль паходзіць герой Другой сусветнай вайны, запісалі шмат цікавай інфармацыі і зрабілі шэраг здымкаў. Кніга пра Вітольда Пілецкага павінна выйсці ў наступным годзе ў адным з самых славутых брытанскіх выдавецтваў ХарперКолінз (HarperCollins).

Наш. кар.

На здымках:

  1. А. Колышка, Дж. Файрвэзер, Л. Лаўрэш з часопісам «Лідскі летапісец»; 2. Дж. Файрвэзер у Сукурчах; 3. Ханна Вальдэ з Данутай Лапян.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *