Навіны Германіі. Беларуска атрымала прэмію за актывізм у Берліне

Панядзелак, Травень 29, 2017 0

У Дзень Еўропы, арт-актывістцы мянчанцы Марыне Напрушкінай уручылі прэстыжную ўзнагароду Еўрапейскага культурнага фонду Princess Margriet Award for Culture. Прэмію заснавала прынцэса Маргрыт Францыска Нідэрландская.

Прэмію Марыне прысудзілі за праект Neue Nachbarschaft / Moabit («Новае суседства / Маабіт»). Маабіт — гэта раён у Берліне, у якім жыве шмат старых і «новых» (эмігранты, бежанцы) берлінцаў. Праект Марыны накіраваны на тое, каб з дапамогай мастацтва спрыяць іх узаемнай інтэграцыі, піша citydog.by.

У інтэрвію кіеўскай газеце «Дзень» Марына распавядала, як у 2013 годзе пачынаўся праект. Яна выпадкова пазнаёмілася з сем’ямі бежанцаў у інтэрнаце.

— Там жыло больш за сто дзяцей, ніхто імі не займаўся. Я пагутарыла з сацыяльнымі працаўнікамі, яны нам выдзелілі маленькі пакой. У насельнікаў інтэрната былі жудасныя ўмовы, таму што ім займалася прыватная фірма, якая проста раскрадала грошы. Напрыклад, дзяржава выдзяляла сродкі на дзіцячы садок, а яго нават не адкрылі. Пральных машын бракавала. Людзі недаядалі, жылі ў перапоўненых пакоях. Мы пачалі гэта крытыкаваць, і нас адтуль выгналі.

Пасля гэтага Марына дамовілася з суседняй кавярняй, дзе пачалі праводзіць розныя заняткі для жыхароў інтэрната. А пазней з’явілася вялікае памяшканне, дзе цяпер і збіраюцца ўдзельнікі праекту.

— Важна, што атмасфера тут зусім іншая. Людзі ў інтэрнаце жывуць, як селядцы ў банцы, таму часта ўзнікаюць этнічныя і рэлігійныя канфлікты, утвораюцца іерархіі. А ў нас за тры гады ніводнай спрэчкі не паўстала. Пэўна, дзякуючы памяшканню. Яны самі яго рамантавалі, усе разам дапамагалі. Чачэнцы, расейцы, сірыйцы, афрыканцы сядзяць за адным сталом, вывучаюць нямецкую, а ў інтэрнаце такое было б немагчыма.

citydog.by.

Фота: citydog.by.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *