Навіны Германіі. Беларуска распавядае з Германіі

Панядзелак, Травень 1, 2017 0

25-гадовая Таццяна Банцэвіч распавяла intex-press.by пра сваё жыццё ў горадзе Кіль, пра тое, як немцы здаюць жыллё і якая тыпова нямецкая рыса з’явілася ў яе за гэты час.

 

Пра пераезд і працу:

— У дзяцінстве я часта наведвала Германію. Наша сям’я мела зносіны з нямецкай сям’ёй, і аднойчы немцы прапанавалі знайсці мне працу няняй у Германіі. Мая мама была не супраць, і праз паўгода ў мяне на руках былі ўсе неабходныя дакументы. Я заўсёды марыла пераехаць у іншую краіну, і прапусціць такую прапанову было б памылкай. Нават тое, што я на той момант вучылася ў БарДУ, мяне не спыніла.

Працу мне прапанавалі ў нямецкай сям’і, дзе было ўсяго адно дзіця — 7-гадовая дзяўчынка. Сям’я мне спадабалася, ніякіх цяжкасцяў з дзіцем не ўзнікала. Дзяўчынка лічыла мяне часткай сям’і і нават звала старэйшай сястрой. Паралельна я паступіла ва ўніверсітэт на курсы нямецкай мовы для замежных студэнтаў.

з дзіцемк

Калі кантракт з сям’ёй скончыўся, я ўладкавалася працаваць у піцэрыю. Адпрацавала два тыдні і працаўладкавалася ў фінансавую кампанію, дзе ў мае абавязкі ўваходзіла праца з дакументацыяй і лістамі. Пазней уладкавалася працаваць афіцыянткай у яхт-клуб, дзе працягваю працаваць дагэтуль.

Пра моўны бар’ер і вучобу:

— Паступіла ва ўніверсітэт горада Кіль. Абрала сацыялогію. Калі паспяхова скончу ўніверсітэт, змагу працаваць сацыяльным працаўніком. А ведаючы нямецкую, я змагу даваць урокі нямецкай мовы прыезджым. Цяпер такія працаўнікі тут на вагу золата.

Каб працаваць у Германіі, веды нямецкай абавязковыя. Пакуль я не валодаю нямецкай мовай у дасканаласці, таму ва ўніверсітэце даводзіцца «папацець». А вось на працы праблем са зносінамі і разуменнем не ўзнікае. Калі я не ведаю нейкае слова, то спрабую растлумачыць па-іншаму ці шукаю гэта слова ў інтэрнэце. Пры гэтым нейкай сарамлівасці за тое, што я гэтага не ведаю, у мяне не ўзнікае. Навакольныя ставяцца з разуменнем.

Пра «кастынг» пры зняцці жылля:

— Знайсці жыллё ў Германіі не вельмі лёгка. Перш чым арэндадаўцы зацвердзяць тваю кандыдатуру, трэба прайсці адмысловы «кастынг». У аб’яве гаспадары кватэр заўсёды паказваюць, чаго хочуць ад новых жыхароў, якія ў іх патрабаванні да кватэраздымшчыка.

Калі вас задавальняе жыллё, і вы падыходзіце па патрабаваннях, вы павінны напісаць арэндадаўцам ліст і распавесці ў ім пра сябе. На падставе гэтага ліста гаспадары кватэры прымаюць рашэнне: сустракацца з вамі ці не. На агляд жылля запрашаюць адразу некалькіх ахвотнікаў.

І ўжо пасля гэтай сустрэчы гаспадары вырашаюць, каму яны здадуць кватэру. Сярэдні кошт пражывання ў адным пакоі ў Кілі складае 250 еўра.

 

Пра горад і мясцовых жыхароў:

— Кіль — невялікі гарадок на беразе Балтыйскага мора. Горад прыгожы і спакойны. Мясцовыя жыхары, як ва ўсёй Германіі, заўсёды ветлыя і ўсмешлівыя. Яны папросту могуць пагаварыць з незнаёмцамі пра надвор’е, пажадаць добрага дня.

Да чаго я доўга не магла прывыкнуць, дык гэта да таго, што па нядзелях, а таксама па вялікіх святах (Каляды, Вялікдзень) усе крамы ў горадзе зачынены, а гарадскія аўтобусы ходзяць раз у паўгадзіны. Таму з часам у мяне з’явілася тыпова нямецкая рыса — закупляць прадукты і іншыя тавары да выходных.

Святы немцы, у адрозненне ад беларусаў, адзначаюць сціпла: пасядзяць нядоўга, паядуць і разыйдуцца.

 

Пра мясцовую кухню і кошты:

— Наведванне рэстарана ў Германіі — гэта звычайная справа. І паводзяць сябе немцы ў такіх установах спакойна, без пафасу. У тым жа Менску, напрыклад, наведвальнікі рэстаранаў паводзяць сябе інакш — напышліва, лічачы, што ім «усе павінны».

Немцы аддаюць перавагу абедам у коле сям’і. На стале абавязкова павінны быць гарачыя стравы. А вось вячэра можа складацца з бутэрбродаў. Немцы любяць шмат смажанай бульбачкі і бульбы фры, увесь час ужываюць спаржу і шпінат. Паколькі Кіль — партовы горад, мясцовыя ядуць шмат рыбы.

У рэстаранах звычайна падаюць вялікія порцыі, і добра паесці можна за 10 еўра.

Кошты на прадукты тут практычна такія ж, як у Беларусі. Алкаголь — танней: сярэдні кошт за бутэльку нямецкага ці французскага віна каля 5 еўра. А вось пачак цыгарэт каштуе прыкладна 6 еўра.

Вельмі дарагія ў Германіі паслугі цырульніка. Напрыклад, за тое, што табе падстрыгуць кончыкі валасоў, прыйдзецца заплаціць каля 20 еўра.

 

Пра Радзіму:

— З горада Баранавічы я з’язджала лёгка. Быў, вядома, перыяд, калі я 10 месяцаў не магла прыехаць дахаты, і тады пачувалася прыціснута. Плюс гэта быў пераломны момант для мяне — усё змянялася: месца жыхарства, праца, жыллё. Цяпер прынамсі два разы ў год я прыязджаю ў Баранавічы.

За чатыры гады, што я жыву ў Германіі, ні разу не думала пра тое, каб вярнуцца ў Беларусь. Тут я пачуваюся як дома.

Паводле intex-press.by.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *