Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. «Маляўнічая гісторыя» Ўладзіміра Арлова прыйшла і ў Ліду

Панядзелак, Чэрвень 19, 2017 0

7 чэрвеня ў канферэнц-зале Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкi Купалы адбылася прэзентацыя новай кнігі вядомага беларускага майстра гістарычнай літаратуры Ўладзіміра Арлова «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі». Гэтая кніга — першая з задуманай пісьменнікам трылогіі па гісторыі Беларусі. Уладзімір Арлоў працаваў над ёй чатыры гады, выдатны беларускі мастак-афармляльнік Павел Татарнікаў — шэсць гадоў.

залак

Кніга адразу знайшла свайго чытача. Толькі ў пачатку бягучага года ў Менску хутка разышліся першыя тры тысячы экземпляраў — былі выдадзены новыя тры тысячы. З Менска кніга «пайшла» па іншых гарадах краіны, і вось днямі дабралася і да Ліды.

— Калі параўноўваць з папярэднімі маімі гістарычнымі кнігамі, — гаворыць пісьменнік, які прыехаў на прэзентацыю сваёй кнігі ў Ліду, — то можна сказаць, што гэта «Краіна Беларусь» для дзяцей і падлеткаў. Але карысна будзе прачытаць яе і дарослым.

Першая частка трылогіі — «Ад Рагнеды да Касцюшкі» — ахоплівае час ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя і заканчваецца паўстаннем 1794 года пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, пасля паражэння якога Беларусь была ўключана ў склад Расійскай імперыі. У кнігу ўвайшлі цікавыя, пазнавальныя і багата ілюстраваныя гістарычныя апавяданні, знайшлося ў ёй месца таксама легендам і паданням. Як ужо адзначалася, кніга багата аздобленая малюнкамі Паўла Татарнікава — мастака-афармляльніка кніг, запатрабаванага не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Гістарычныя апавяданні ў кнізе суправаджаюць больш за дзвесце ілюстрацый, у тым ліку больш за 65 партрэтаў нашых славутых суайчыннікаў, пачынаючы ад Рагвалода і Рагнеды.

Адзін з экземпляраў сваёй кнігі «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі» Ўладзімір Арлоў падарыў Лідскай дзіцячай бібліятэцы. Пісьменнік таксама адзначыў, што запланавана выдаць яшчэ дзве часткі «Маляўнічай гісторыі» (праца над другой часткай ужо ідзе). Аўтар трылогіі спадзяецца, што і наступныя дзве кнігі будуць прэзентаваны ў тым ліку і ў Лідзе.

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *