Леанід Лаўрэш. Новае з гісторыі лідскай архітэктуры

Панядзелак, Чэрвень 19, 2017 0

Лідская гімназія. Першасны праект Лідскай гімназіі Ежы Бейля не дачакаўся рэалізацыі, бо верагодна, быў занадта дарагі. Аднак планы пабудовы гімназіі не былі адкладзены. Тады Бейль зрабіў пэўную карэктуру першаснага праекту. Памеры будынка былі паменшаны, зменены формы фасадаў. Замест прыгожага, класічнага будынка з цэнтральным рызалітам і багатай дэкарацыяй з «дыяментавай» рустоўкай1 сцен быў спраектаваны, а потым пабудаваны больш сціплы будынак з выразным ухілам у мадэрнізм. Уплыў функцыяналізму адчуваецца ў бакавых фасадах, апаясаных гарызантальнымі пасамі вокнаў. Гэта яшчэ не ёсць стужкавыя вокны ў стылі Ле Карбюззе (дзякуючы каркаснай канструкцыі і адсутнасці апорных сценаў у сучасным будынку, стужачныя вокны Ле Карбюззе рабіліся практычна любой велічыні і канфігурацыі, у тым ліку маглі быць свабодна працягнуты стужкай ўздоўж усяго фасада), пры традыцыйнай канструкцыі будынка гэта было зрабіць немагчыма, аднак аконныя праёмы кожнага з паверхаў злучаны гарызантальнымі ліштвамі ў форме паласы — гэта і стварае выгляд вокнаў Ле Карбюззе. Таксама ідэі функцыяналізму праяўляюцца ў выкарыстанні прынцыпу залежнасці функцыі ад формы. Гэта добра бачна на прыкладзе пабудовы паўдзённага фасада, дзе ад абрысаў агульнага будынка выразна аддзелены аб’ём гімнастычнай залы.

гімназіячб

Будынак сучаснай Лідскай школы №1 з’яўляецца цікавай ілюстрацый праблемы каадукацыі (сумеснага навучання хлопчыкаў і дзяўчынак) у міжваенны перыяд. Праблема мела вялікі ўплыў на праектаванне школ. Першыя каадукацыйныя школы з’явіліся у другой палове XIX ст. Але каадукацыя яшчэ доўга заставалася дыскусійнай праблемай. Таму школы ў архітэктурным сэнсе часта праектаваліся ў адным будынку, але былі падзеленыя на дзве паловы з асобным уваходам. У вёсках і малых мястэчках сумеснае навучанне мела і эканамічны сэнс з-за невялікай колькасці вучняў. Некаторыя, больш рэдка ўжываныя памяшканні — гімнастычная зала, спецыялізаваныя навучальныя класы ці адміністрацыйныя памяшканні, праектаваліся супольнымі, але так, каб хлопцы не маглі патрапіць на жаночую палову. Такія «сіметрычныя» школы добра атрымлівалася праектаваць у стылі неакласіцызму, дастаткова папулярным у 1920-х гг. у Еўропе. Адно крыло школы было мужчынскім, а другое жаночым, яны мелі свае ўваходы, а ў частцы, якая злучала два крылы школы, месціліся пакоі настаўнікаў, гімнастычная зала, тут жа быў галоўны ўваход у школу. У новым гмаху размясціліся агульнаадукацыйныя школы № 1 і 2, левае крыло для хлопчыкаў, правае — для дзяўчынак. Будынак сучаснай Лідскай школы № 1 ёсць ідэальным узорам такога пра-екту. Аналагічная ідэя была рэалізавана ў шмат якіх школьных будынках таго часу.

школачб

Лідская пошта. Насуперак гарадскім легендам, будынак быў спраектаваны ў 1936 г. Вандай Баэрнер-Пшэўлоцкай (Wanda Boerner-Przewlocka) якая раней спраектавала будынак пошты ў г. Івонічы і жылыя дамы катэджнага тыпу для працаўнікоў пошты ў Варшаве. Верагодна заказ на праектаванне будынка пошты ў Лідзе архітэктар атрымала праз адпаведныя кантакты — яе дзядзька, Ігнат Баэрнер ў 1929-33 гг. быў міністрам поштаў і тэлеграфаў Польшчы.

З боку гледжання архітэктуры гмах пошты складаецца з кубічных аб’ёмаў з элементамі, тыповымі для стылю Ле Карбюззе — першы паверх знаходзіцца трошкі ў глыбіні што падкрэслена больш цёмным колерам і на першым плане бачны канструкцыйныя слупы. У галоўным аб’ёме будынка знаходзіўся паштова-касавая зала і бочная тэлеграфна-тэлефонная зала з агульным вестыбюлем. Вакол паштова-касавай залы месціліся памяшканні розных паштовых службаў. Для працаўнікоў пошты меліся асобныя выхады з боку і тылу будынка. На другіх-чацвёртых паверхах знаходзіліся розныя офісныя памяшканні, а таксама тэлефонная і тэлеграфная станцыі, а ў бочным крыле пошты — кватэры.

поштачб

1 Рустоўка — у архітэктуры абліцоўванне знешніх сцен будынка або іх некаторых частак чатырохкутнымі, правільна складзенымі і шчыльна прыгнанымі адзін да другога камянямі, пярэдні бок якіх пакінуты неабчэсаным ці абчэсаным вельмі груба, і толькі па краях абведзены невялікай гладкай паласой. Пры «дыяментавай» рустоўцы камяні абчэсаны ў форме дыямента.

 

Здымкі:

  1. Лідская гімназія з гімнастычнай залай і стужкавымі вокнамі Ле Карбюззе ў правым фасадзе (NAC).
  2. Лідская «сіметрычная» каадукацыйная школа № 1, 2.
  3. Лідская пошта ў 1938 г. фота з кнігі (Pszczolkowski Michal. Kresy nowoczesne. Architektura na ziemiach wschodnich II Rzeczypospolitej 1921-1939).

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *