Навіны Германіі. Як нямецкі фатограф 100 гадоў назад зарабляў на беларускіх краявідах

Панядзелак, Чэрвень 19, 2017 0

Група беларускіх архітэктараў і рэстаўратараў сабрала калекцыю фотакартак Лынтупаў і ваколіцаў, зробленых амаль невядомым у Беларусі фатографам.

Нямецкі фатограф Фрыц Краўскопф нарадзіўся ва Ўсходняй Прусіі ў 1882 годзе. Як нямецкі вайсковец ён трапіў у Беларусь падчас Першай сусветнай вайны. У перыяд акупацыі Краўскопф жыў у Лынтупах на Пастаўшчыне. Пра вайсковую кар’еру Краўскопфа вядома няшмат, а вось вынікі ягонай працы як фатографа захаваліся добра.

гліннікк

— Ён чамусьці меў магчымасць адносна вольна перамяшчацца ўздоўж лініі фронту, па ваколіцах Лынтупаў, — кажа архітэктар і рэстаўратар Вадзім Гліннік, які разам з паплечнікамі сабраў вялікую калекцыю фатаздымкаў Краўскопфа. — Пры гэтым Краўскопф не быў вайсковым фатографам і не фатаграфаваў месцы баёў. Ён займаўся тым, што рабіў здымкі беларускіх краявідаў, друкаваў іх на паштоўках і прадаваў нямецкім салдатам.

Вядома, што на тэрыторыі Беларусі Фрыц Краўскопф знаходзіўся ў 1916-17 гадах. Толькі ў Лынтупах фатограф зрабіў каля 400 здымкаў. Акрамя гэтага Краўскопф фатаграфаваў Камаі, Шэметава, Кабыльнік (цяперашнюю Нарач). Асабліва цікавыя здымкі Краўскопфа, зробленыя ў Полацку.

лынтупык

Агулам за два гады ў Беларусі Краўскопф зрабіў некалькі тысяч фатаграфій. Аднак ягонае імя амаль невядомае беларускім гісторыкам і краязнаўцам.

— Дасюль лічылася, што Краўскопф усяго толькі друкар. Але даследаванні куратара нашай выставы Ядвігі Лукашык даказалі, што ён асабіста фатаграфаваў. І потым са сваіх уласных фатаздымкаў рабіў адбіткі і выпускаў паштоўкі, — кажа Вадзім Гліннік.

Арганізатары выставы высветлілі, што адзін з вядомых здымкаў касцёла ў Камаях таксама належыць Краўскопфу. Вадзім Гліннік кажа, што імя немца неабходна вярнуць ва ўжытак гісторыі беларускага мастацтва і культуры.

Пасля вайны Фрыц Краўскопф вяртаецца ў Прусію, дзе праз два гады адкрывае друкарню, фатаграфуе ваколіцы Кёнігсберга і мірнае жыццё Прусіі. Становіцца даволі вядомым фатографам. З успамінаў ягонага сына вядома, што дзякуючы фатаграфіі Краўскопф даволі добра зарабляў і нават мог сабе дазволіць на-быць аўтамабіль «Мерседэс» высокага класу. Ва ўсёй Прусіі ў той час былі толькі дзве такія машыны.

Большая частка архіва Краўскопфа была знішчана ў 1945 годзе падчас штурму Кёнігсберг савецкімі войскамі. Тады ж загінуў і сам Краўскопф, які адмовіўся ехаць у эвакуацыю. Ацалела толькі частка негатываў. У 1954 годзе была выдадзеная кніга з фотаздымкамі ахопленага агнём Кёнігсберга, іх Краўскопф рабіў у апошнія дні жыцця. Захаваць здымкі ўдалося дзякуючы тром сынам, якія своечасова вывезлі негатывы. Усе трое пазней таксама сталі фатографамі.

— Нам было вельмі цікава прасачыць стаўленне Краўскопфа да беларускіх краявідаў. Ён не здымаў страшных ваенных эпізодаў. На ягоных здымках няма жахаў вайны, няма рэпартажаў з лініі фронту. Краўскопф у асноўным здымаў тылы, адпачынак нямецкіх салдат, яго вельмі цікавіла жыццё мясцовых беларусаў. Ёсць шмат партрэтаў лынтупскіх дзяцей, шмат назіранняў за архітэктурай, — кажа Вадзім Гліннік.

Рэстаўратар дадае, што дзякуючы паштоўкам Краўскопфа цяпер можна больш дакладна аднавіць будынкі ў Полацку. Фатограф вельмі актыўна падарожнічаў. Акрамя Беларусі, шмат здымаў у Латвіі і Польшчы.

Паштовачны бізнэс фатографа квітнеў. На большасці сабраных Вадзімам Гліннікам і яго калегамі паштовак можна пабачыць пасланні ад нямецкіх салдат сваім родным. Яны апісваюць сваё жыццё ў Беларусі і службу на фронце. Здымкі Краўскопфа фактычна былі для іх тым самым, што цяпер інстаграм: з іх дапамогай салдаты паказвалі родным сваё жыццё.

— Цікава, што калі тэрыторыя Беларусі перайшла пад кантроль расейскіх салдат, яны таксама дасылалі дадому паштоўкі Краўскопфа. Мабыць, знаходзілі іх на месцах, дзе паштоўкі друкаваліся, і дасылалі дадому. Існуюць нямецкія паштоўкі з подпісамі па-расейску, — кажа Вадзім Гліннік.

Група архітэктараў і рэстаўратараў, якія ладзяць выставу паштовак, сёння стварае Лынтупскі культурны цэнтр «Культыватар». Праз аўкцыёны яны набываюць фо-такарткі. Каля 40 з іх будуць пастаянна выстаўляцца ў Лынтупах.

— Як чалавек пунктуальны, Краўскопф большасць сваіх здымкаў падпісваў і нумараваў. Па іх можна аднавіць шлях ягоных перамяшчэнняў… Для пачатку стагоддзя ягоныя фота маюць выдатную якасць, — кажа Гліннік.

Фрыц Краўскопф быў далёка не адзіным нямецкім фатографам, які працаваў у Беларусі сто гадоў таму. Аднак ягоныя здымкі ўнікальныя тым, што паказваюць жыццё беларусаў, яны захавалі архітэктурныя дэталі Лынтупаў і По-лацка. Існуе нават некалькі картак, зробленых з борта аэраплана — за сто год да папулярнасці дронаў. Яны з’явіліся дзякуючы таму, што ў Лынтупах дзейнічаў нямецкі аэрадром. Вядомыя нават пахаванні нямецкіх лётчыкаў, якія загінулі пры няўдалых палётах.

— Краўскопф друкаваў паштоўкі і прадаваў іх салдатам, зарабляў такім чынам на жыццё, — кажа Вадзім Гліннік. — А мы дзякуючы гэтаму маем выдатныя дакументы пра жыццё ў Беларусі роўна сто гадоў таму.

Радыё Свабода.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *