Звініць каса — жыве вёска

Аўторак, Чэрвень 27, 2017 0

У другі раз у  аграгарадку Ганчары 10 чэрвеня  2017 года адбыўся  раённы конкурс па ручной касьбе «Звініць каса — жыве вёска». Сэнс мерапрыемства закладзены ў самой назве, і конкурс паказаў, што аматары ручной касьбы ёсць і ў цяперашні час у нашым раёне. Зноў удзельнічалі ў конкурсе майстры касьбы мінулага года: Іван Кароль з аграгарадка Ваверка, Станіслаў Ждонец і Марыя Іванаўна Бальцэвіч з аграгарадка Гуды, Мікалай Сакалоўскі і Дзмітрый Сокалаў з аграгарадка Бердаўка, а таксама самы старэйшы з касцоў Матусевіч Іван Антонавіч (больш за 80 гадоў) з аграгарадка Ганчары. Усіх было 11 касцоў.

полек

Ацэньвалася праца па наступных крытэрыях: хуткасць касьбы, якасць касьбы (вышыня, якая застаецца пасля пракосу), чысціня касьбы ( каб барады не было), эстэтычны выгляд пракосу.

У выніку конкурсу пераможцам стаў Матусевіч Іван Антонавіч, другое месца заняў Ждонец Станіслаў, а трэцяе месца падзялілі Іван Кароль і Яўген Каранюк (Яўген з аграгарадка Ганчары). Асобным падарункам была адзначана  адзіная жанчына-касец Марыя Бальцэвіч.

Фундатары мерапрыемства — «Белаграпрамбанк» і Лідская раённая арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, а таксама мясцовая гаспадарка.

Напрыканцы хочацца сказаць, што для нашых продкаў касьба была не проста знясільвальным маханнем косамі, не проста зразаннем травы і натужлівай працай, а касьба была для іх святочным рытуалам.

Без перабольшвання зазначу, што ў нас таксама атрымалася сапраўднае свята касьбы, па-беларуску шчырае і прыгожае.

Вядучы метадыст ДУ «Лідскі раённы цэнтр

культуры і народнай творчасці»

Ганна Некраш.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *