Альтанка ТБМ пры Замкавым гасцінцы ў Лідзе

Аўторак, Ліпень 11, 2017 0

13 траўня ў  Лідзе адбылася ўрачыстая прэзентацыя новага гарадскога праекту “Замкавы гасцінец”. Ідэя палягала ў тым, што  пакуль што на суботу, а далей — болей, вуліца “Замкавая” робіцца пешаходнай, тут разгортваюцца розныя атракцыёны, пракат ровараў, а таксама маецца на ўвазе, што тут будзе разгортвацца гандаль сувенірамі, творамі мастацтва і падобнай прадукцыяй. Улады пры гэтым абяцалі на першым этапе поўную свабоду гандлю і бясплатнае размяшчэнне гандлёвых ятак. Абяцалася і свабода для выступленняў вулічных музыкаў.

Што праўда, пешаходнай вуліца Замкавая пабыла нядоўга. ДАІ запатрабавала вуліцу адкрыць для руху, але ідэя Замкавага гасцінца ад гэтага не пацярпела, балазе месца каля замка дастаткова. І вось гэтай нагодай вырашылі скарыстацца лідскія арганізацыі ТБМ.

1 ліпеня пры Замкавым гасцінцы была разгорнута альтанка ТБМ. Альтанку разгарнулі Лідская гарадская арганізацыя ТБМ, Ёдкаўская суполка ТБМ і аграсядзіба “Гасьціна”. Чаму альтанка? А перш за ўсё таму, што ніхто ніякіх вялікіх задач перад гэтай пляцоўкай не ставіць. Гэта будзе месца, дзе ў першую чаргу кожны ахвотны зможа пагаварыць па-беларуску, пачуць нейкія навіны з беларускага жыцця, распавесці нешта сваё. Тут можна будзе пакуль бясплатна атрымаць беларускія выданні. Пазней, можа, атрымаецца нешта і прадаваць.

плакаткчарняккгасц2к

А пакуль гаспадар агратурыстычнай сядзібы «Гасьціна» Віталь Карабач, сябар гарадской арганізацыі ТБМ Сяргей Сідарэнка прапаноўвалі  лідзянам газеты «Наша слова» і «Новы час», краязнаўчы часопіс «Лідскі летапісец» і іншыя выданні. Радавалі мінакоў сваімі спевамі пад гітару вядомы лідскі бард Сяргей Чарняк і Ягор Урбановіч.

Лідскія арганізацыі  ТБМ у партнёрстве з сядзібаю «Гасьціна» збіраюцца стала ўдзельнічаць у праекце «Замкавы гасцінец». Плануецца значна пашырыць культурную праграму, зрабіць пляцоўку цікавай і прывабнай, тым самым папулярызуючы беларускую мову, буларускую культуру і традыцыі.

Альтанка будзе разгортвацца што суботу недалёка ад Доміка Таўлая, таму ёсць спадзяванне, што сюды будуць наведвацца і аматары паэзіі, хто пачытаць вершы, а хто паслухаць. Міма раз-пораз ідуць экскурсійныя групы, то хоць эмблему ТБМ хто-ніхто пабачыць. З цягам часу павінны з’явіцца якія-кольвеч сядзенні і беларускае надвор’е запатрабуе нейкага намёта, але было б жаданне — і ўсё зробіцца.

Таму, шаноўныя лідзяне і госці горада, чакаем вас што суботу ў Лідзе на Замкавым гасцінцы ў альтанцы ТБМ.

Сяргей Пантус.

Фотаздымкі Ягора Ўрбановіча і Дзімы Кантаровіча.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *