Навіны Германіі. Германіі прапанавалі стварыць у Беларусі СП па вытворчасці электрамабіляў

Серада, Ліпень 5, 2017 0

Германія застаецца для Беларусі самым важным гандлёва-эканамічным партнёрам у Еўрасаюзе, заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей 1 чэрвеня ў Менску на паседжанні беларуска-германскай няўрадавай рады дзелавога супрацоўніцтва.

Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства падкрэсліў, што яшчэ некалькі гадоў назад узаемны таваразварот дасягаў 4,8 млрд даляраў, у Беларусі паспяхова працуюць каля трохсот кампаній з нямецкім капіталам.

— Патэнцыял нашага супрацоўніцтва значна вышэйшы за яго цяперашні ўзровень, — лічыць Уладзімір Макей.

Ён падкрэсліў, што Беларусь надае вялікую ўвагу дзейнасці беларуска-германскай дзелавой рады, створанай у 2009 годзе па ініцыятыве Аляксандра Лукашэнкі. Аднак рада доўгі час не збіралася (падчас дзеяння санкцый ЕС. — БЕЛАПАН.).

— Тут будуць сустракацца і працаваць людзі ад бізнэсу. Бізнэс кажа на адной мове, бізнэс хутчэй дзейнічае, бізнэс можа працаваць нават у тых краінах, паміж якімі могуць існаваць нават нейкія палітычныя цяжкасці, — сказаў міністр, пры размове з журналістамі.

Па яго меркаванні, больш цеснае перапляценне эканамічных інтарэсаў «дазволіць выйсці і на хутчэйшае рашэнне некаторых палітычных цяжкасцяў, якія, вобразна кажучы, існуюць паміж Усходам і Захадам».

Макей арыентаваў чальцоў рады шукаць рэальныя бар’еры ў двухбаковым супрацоўніцтве і спрыяць іх ухі-ленню.

Таксама міністр падкрэсліў, што беларускі бок зацікаўлены ў нямецкім досведзе рэфармавання заканадаўства, прыватызацыі прадпрыемстваў ва ўсходняй Германіі. Ёсць і зацікаўленасць у прыходзе кампаній, занятых у сферы ўзнаўляльнай энергетыкі і перапрацоўкі адыходаў.

Міністр прапанаваў германскаму бізнэсу стварыць у Беларусі сумеснае прадпрыемства па вытворчасці электрамабіляў.

— Думаю, што для гэтага ёсць неабходныя ўмовы і адпаведныя напрацоўкі. Калі мы разам з вамі паспрабуем гэта зрабіць і рэалізуем ідэю, гэта стане сур’ёзным унёскам у развіццё нашага двухбаковага эканамічнага ўзаемадзеяння, — адзначыў кіраўнік МЗС.

Пры гэтым ён не ўдакладніў, хто ў такім разе можа стаць партнёрам з беларускага боку.

Беларусь гатовая, адзначыў міністр, адвесці германскаму бізнэсу адмысловую ролю ў мадэрнізацыі і структурнай перабудове сваёй эканомікі.

— Мы вітаем выхад германскага бізнэсу, які цяпер адстае ад іншых краін ЕС у засваенні беларускага рынку, на перадавыя пазіцыі сярод замежных інвестараў. Мы разумеем, што з гэтым звязаны адпаведныя крокі, якія павінен ажыццявіць урад Беларусі. Пе-ракананы, што ў нашым далейшым узаемадзеянні мы выйдзем на ўзаемнае разуменне па форме, хуткасці і фармату дадзеных крокаў, — дадаў Макей.

Міністр таксама выказаў надзею на тое, што фундатары прыйдуць у такія сферы, як аўтамабілебудаванне, хімія і нафтахімія, энергетыка, высокія тэхналогіі, фармацэўтыка, электроніка, транспарт, вырошчванне і перапрацоўка сельгаспрадукцыі.

БелаПАН.

На фота МЗС: паседжанне Беларуска-германскай няўрадавай рады дзелавога супрацоўніцтва

 

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *