Навіны Германіі. У Еўрапейскім парламенце ў Страсбургу развіталіся з Гельмутам Колем

Аўторак, Ліпень 11, 2017 0

У французскім Страсбургу ў будынку Еўрапейскага парламента прайшла цырымонія развітання з былым канцлерам ФРГ Гельмутам Колем. Яна доўжылася дзве гадзіны, на працягу якіх лідары розных краін гаварылі пра заслугі нябожчыка ў аб’яднанні Германіі і ўсёй Еўропы. Труна з целам Коля была накрыта адным сцягам — сцягам Еўрапейскага саюза.

Як паведамляе Бі-бі-сі, на цырымоніі прысутнічалі, апроч іншых, былы прэзідэнт ЗША Біл Клінтан, прэм’ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў, канцлер Германіі Ангела Меркель, прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Тарэза Мэй і нядаўна абраны прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон.

Коль знаходзіўся на пасту канцлера на працягу 16 гадоў — з 1982-го па 1998 год. Ён памёр на 88-м годзе жыцця 16 чэрвеня 2017 года ў сваім доме ў Людвігсхафен-ам-Райне. Пахаванне былога нямецкага канцлера прайшла адразу пасля цырымоніі развітання ў Еўрапарламенце. Яго цела пахавалі на могілках сабора ў нямецкім горадзе Шпайер на мяжы Францыі і Германіі.

Для Германіі і ўсёй Еўропы постаць Коля стала знакам аб’яднання. Менавіта яго высілкі прывялі да ўз’яднання Заходняй і Ўсходняй Германіі ў 1990 годзе, і шмат у чым дзякуючы яму была падпісана Маастрыхтская дамова, якая заклала асновы Еўрасаюза ў яго цяперашнім выглядзе.

Раней, 27 чэрвеня, у саборы Святой Ядвігі ў Берліне прайшла памінальная служба: на ёй прысутнічала Меркель, дэпутаты нямецкага парламента, прэзідэнт Германіі Франк-Вальтар Штайнмайер і старшыня Бундэстага Норберт Ламерт.

 Бі-бі-сі.

europarl.europa.eu.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *