Залаты юбілей лідскага «Суквецця»

Серада, Ліпень 5, 2017 0

21 чэрвеня ў памяшканні Лідскага гістарычна-мастацкага музея адбылася вечарына, прымеркаваная да 50-годдзя літаратурнага аб’яднання «Суквецце» пры рэдакцыі «Лідскай газеты». На святочным мерапрыемстве прысутнічалі лідскія паэты, а таксама тыя, хто супрацоўнічае з літаб’яднаннем, мае да яго дачыненне. Вядоўцамі святочнай праграмы былі кіраўнік «Суквецця» Алесь Хітрун (ён жа — яе арганізатар) і маладая па-этэса, якая параўнальна нядаўна ўлілася ў калектыў літаратурнага аб’яднання, Анастасія Яловік.

хітрунказалак

Часам утварэння літаратурнага аб’яднання «Суквецце» ўмоўна прынята лічыць чэрвень 1967 года, калі суполку літаратараў пры рэдакцыі газеты «Ўперад» (папярэдніцы «Лідскай газеты») узначаліў адказны сакратар Віктар Кучынскі (выразка з газеты «Ўперад» з нататкай аб гэтым перададзена ў літаратурны аддзел Лідскага гістарычна-мастацкага музея). Пасля Віктара Кучынскага літаб’яднанне доўгі час, больш за трыццаць гадоў, узначальваў Уладзімір Васько, а з 2004 па 2011 год «Суквеццем» кіраваў Міхась Мельнік (і Уладзімір Гаўрылавіч, і Міхась Іванавіч прысутнічалі на вечарыне, расказвалі аб колішняй дзейнасці «Суквецця»). Са студзеня 2012 года літаб’яднанне ўзначальвае Алесь Хітрун.

— Наша «Суквецце» працягвае актыўна дзейнічаць, — гаворыць Алесь. — Вось ужо сёмы год лідскія паэты збіраюцца на паседжанні літаб’яднання ў доміку Таўлая — літаратурным аддзеле гістарычна-мастацкага музея. Сама атмасфера ў гэтым доміку па вуліцы Замкавай напоўнена паэзіяй і гісторыяй. Тут паэты чытаюць і абмяркоўваюць вершы, маюць зносіны паміж сабой, знаходзяць новых сяброў і аднадумцаў. З намі таксама сябруюць кампазітары, краязнаўцы, гісторыкі, пажылыя людзі з аддзялення «Актыўнае даўгалецце». Як і раней, паэты Лідчыны выступаюць у школах, бібліятэках, заяўляюць аб сабе праз новыя выдадзеныя кнігі паэзіі. Як і раней, мы, як кажуць, не варымся ва ўласным соку, а наладжваем і падтрымліваем сувязі з паэтамі і пісьменні-камі, якія жывуць паза межамі Лідчыны, запрашаем іх да сябе ў госці, арганізоўваем сустрэчы.

Алесь таксама адзначыў, што дзейнасць літаб’яднання паранейшаму актыўна падтрымлівае рэдакцыя «Лідскай газеты», пры якой яно існуе, а падтрымка заўсёды дае творчым людзям натхненне. Вершы лідскіх паэтаў рэгулярна друкуюцца на літаратурнай старонцы «Лідскай газеты», амаль у кожным выпуску літ-старонкі з’яўляюцца новыя імёны. Дарэчы, у бягучым, юбілейным для літаб’яднання, годзе літаратурная старонка «Суквецце» змяніла свой фармат — у ёй з’явіліся дзіцячая рубрыка «Каласок», гумарыстычная рубрыка «Асака». Ёсць задумка стварыць на сайце «Лідскай газеты» закладку «Суквецце» — электронны варыянт літаратурнай старонкі — каб з творчасцю лідзян пазнаёмілася яшчэ больш шырокае кола чытачоў. А знаёміць ёсць з кім. За 2012-2016 гг. у “Лідскай газеце” былі змешчаны вершы 101 лідскага паэта. Друкуюцца творы сяброў літаб’яднання і ў альманаху «Ад лідскіх муроў» — літаратурна-мастацкім выданні Лідчыны.

Лідскае «Суквецце» ўваходзіць у лік самых моцных і вядомых літаратурных аб’яднанняў Гарадзенскай вобласці, ведаюць аб ім і далёка за межамі Гарадзеншчыны. Наперадзе ў літаб’яднання — нямала задумак, у тым ліку цікавых літаратурных сустрэч.

З залатым юбілеем літаратурнае аб’яднанне павінша-вала і пажадала яму далейшых творчых поспехаў галоўны рэдактар «Лідскай газеты», пры якой і існуе літаб’яднанне, Кацярына Серафіновіч. Віншавалі «Суквецце» і расказвалі аб супрацоўніцтве з ім рэдактар часопісаў «Лідскі летапісец» і «Ад лідскіх муроў», газеты «Наша слова» Станіслаў Суднік, дырэктар Лідскага гістарычна-мастацкага музея Ганна Драб, кіраўнік творчай музычнай майстэрні «Родник» пры Лідскім каледжы Святлана Мазітава.

З даследчай працай «Літаратурнае аб’яднанне «Суквецце»: гісторыя і сучаснасць» азнаёміла прысутных кіраўнік гэтай працы, настаўніца рускай мовы і літаратуры СШ № 11 Наталля Анашкевіч (даследаваннем займаліся адзінаццацікласніцы згаданай школы Вераніка Аляхновіч і Дыяна Жэгала). Дарэчы, Наталля Мікалаеўна да юбілею распрацавала лагатып «Суквецця», бэйджыкі з гэтым лагатыпам былі раздадзены перад пачаткам імпрэзы кожнаму сябру літаб’яднання.

Вершы, прымеркаваныя да юбілею літаб’яднання, чыталі Святлана Цішук, Ірэна Сліўко, Таццяна Сямёнава, Ірына Бараздзіна, Жанна Сян-кевіч, Ірына Маркевіч, Святлана Антонік і іншыя лідскія паэты. Гучалі таксама песні ў выкананні Сяргея Чарняка, Жанны Сянкевіч, Анастасіі Яловік, аўдыязапісы песень на словы лідскіх паэтаў. Хвілінай маўчання ўшанавалі прысут-ныя памяць тых сяброў «Суквецця», якіх ужо няма з намі: Віктара Бачарова, Леаніда Вінніка, Смарагда Сліўко, Пятра Макарэвіча і іншых.

жаннак

У заканчэнне імпрэзы лідскімі паэтамі быў дружна выкананы гімн «Суквецця» на словы аднаго з яго актыўных сяброў, супрацоўніка рэдакцыі «Лідскай газеты» Алеся Мацулевіча.

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ.

 

Гарадзенскае абласное аддзяленне

ГА «Саюз беларускiх пiсьменнiкаў»

                                                                                                                           

Старшынi 

  лiтаратурнага аб’яднання

«Суквецце»

 Хiтруну Аляксандру      

 Часлававiчу

 

Гарадзенскае абласное аддзяленне Саюза беларускiх пicьменнiкаў вiншуе сяброў лiтаб’яднання «Суквецце» з пяцi-дзесяцiгадовым юбiлеем. За паўстагоддзя cваёй плённай дзейнасцi Ваша лiтаб’яднанне зрабiла значны ўклад у куль-турнае жыццё Лiдчыны, Гарадзенскай вобласцi i ўсяго пры-нёмскага рэгiёна. Прапаганда беларускай мовы, лiтаратуры за ўзгаданы значны перыяд была прыарытэтнай задачай лiтаратараў Лiдчыны. А  cталыя i  маладыя паэты i пiсьменнiкi, якiх аб’ядноўвала i аб’ядноўвае «Суквецце», заўсёды будуць гонарам як Гарадзеншчыны, так i ўсяе Беларусi. Сябры абласнога аддзялення Саюза беларускiх пiсьменнiкаў зычаць Вам, а ў вашай асобе i ўсiм сябрам лiтаб’ядннаня «Суквецце» твор-чых поспехаў, здароўя i ўсяго найлепшага.

Старшыня

Гарадзенскага абласнога аддзялення

            ГА «Саюз беларускiх пiсьменнiкаў»          В.Я. Дубатоўка.

Мы — паэты

(Песня паэтаў Лідчыны)

 

Чакаем трэцяй серады —

чарговае сустрэчы.

Настане дзень той — і тады

зноў разам мы, паэты.

 

Збіраемся «Суквеццем» зноў

у доміку Таўлая,

бо ў Лідзе існуе даўно

традыцыя такая.

 

Мы на сустрэчы, бы на ўрок,

прыносім сшыткі, кніжкі,

таму што творчы мы народ,

вянок паэтаў лідскіх.

 

Збіраецца «Суквеццем» зноў

у доміку Таўлая

паэтаў Лідчыны вянок,

прынёманскага краю.

 

Ціхенька кніжка шалясціць

ці сшытачак лістамі —

і непрыкметна час ляціць

у гутарках, чытанні.

 

Збіраемся «Суквеццем» зноў

у доміку Таўлая.

Майстры паэзіі, са слоў

паэмы мы ствараем.

Алесь Мацулевіч.

 

Жыватворчыя сустрэчы

 

Сябрам сваім, лідскім паэтам, адрасую гэтыя радкі.

 

Жыву самотна, шчыра веру:

Пасля паседжання «Суквецця»

Запоўніце маю кватэру

Сваёй прысутнасцю

прыветнай.

 

За Вашы радасныя ўсмешкі,

Задумак творчых навізну,

За жарты і экспромты-вершы

Я Вас, сябры мае, люблю.

 

Мне з Вамі хоць на

светакрай…

Шчасліваю такой бываю…

Шчэ не адзін сустрэнем май —

Надзею грэю, не губляю.

 

Не здрадзім краю мы свайму,

Не збочым са сваёй сцяжыны,

Заўжды паклонімся дабру,

Якое з бездані падыме.

 

За Вашых думак чысціню,

За свет вачэй прыветных

Вашых

Я Вас, сябры мае, люблю!

Часцей бы слухаць Вас

і бачыць!

Алеся Бурак.

 

У Пушчы паэзіі

Я згубіўся ў Пушчы

паэзіі нашай,

на бяросце друкую

я вершы свае.

Прымірыцеся, людзі,

з такою прапажай.

Дзякуй Богу, што Пушча

натхнёна жыве.

 

Не пачуеце вы,

дык пачуюць казулі,

хто тут голас

з глухога кутка падае.

Мае рыфмы-зязюлі

яшчэ не заснулі,

рытмам дзяцел

усякіх нячысцікаў б’е.

 

Тут мяне абміне

ўсялякае ліха,

тут ніколі

ў дугу аніхто не сагне,

і бабёр малады

з маладою бабрыхай

з надазёрнай вярбы

помнік выгрызуць мне.

Уладзімір Васько.

 

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *