Нашчадкі Ігната Дамейкі на Лідчыне

Аўторак, Жнівень 15, 2017 0

Нацыянальны герой Чылі Ігнат Дамейка ўсё жыццё лічыў сябе ліцвінам, вельмі любіў зямлю, на якой нарадзіўся, і назаўжды ўвабраў у сябе культурныя і палітычныя традыцыі Вялікага Княства Літоўскага. Сёння ў свеце пражывае каля двухсот яго прамых спадчыннікаў. Яны паважаюць памяць свайго вялікага продка, наведваюць месцы, звязаныя з яго жыццём. У го-нар 215-гадовага юбілею нашага знакамітага земляка Ігната Дамейкі надоечы прайшлі імпрэзы ў Менску. Ганаровымі гасцямі на імпрэзах былі прамыя нашчадкі навукоўца, якія прыехалі ў Менск з Чылі, Аўстраліі, ЗША. Сярод іх — праўнучка навукоўца Пас Дамейка з Аўстраліі, якая напісала кнігу пра свайго знакамітага продка (нядаўна кніга была перакладзена на беларускую мову).

2 і 3 жніўня нашчадкі Ігната Дамейка ў суправаджэнні прадстаўнікоў навуковай грамадскасці, журналістаў наведалі памятныя месцы на Гарадзеншчыне, звязаныя з жыццём іх продка.

Другога жніўня іх маршрут пралёг праз Карэліцкі і Наваградскі раёны. Там яны наведалі Вялікую Мядзведку, дзе захаваўся падмурак дома, у якім нарадзіўся  Ігнат Дамейка, і сямейны касцёл (цяпер гэта праваслаўная царква), а таксама ўсталяваны помнік навукоўцу. Затым быў пераезд у Мір. Нашчадкі Дамейкі пабывалі ў Мірскай школе, дзе размяшчаецца прысвечаны навукоўцу музей, наведалі магілу яго бацькі. У Мірскім замку з іх удзелам прайшло адкрыццё выставы, прысвечанай іх знакамітаму продку, на якой была прадстаўлена каталагізаваная ім калекцыя мінералаў з Горнай школы ў Парыжы. У праграму на Наваградчыне было ўключана, у прыватнасці, наведванне музея Адама Міцкевіча, які быў блізкім сябрам Ігната Дамейкі, возера Свіцязь. Трэцяга жніўня ў Дзятлаўскім раёне нашчадкі навукоўца па-бывалі ў Жыбуртоўшчыне, такой мілай сэрцу Ігната Дамейкі, дзе да нашых дзён захаваўся шляхочы дом. У Шчучыне замежныя госці наведалі касцёл Святой Тэрэзы і калегіюм піяраў, а таксама пабывалі ў адноўленым палацы Друцкіх-Любецкіх. А потым іх ветліва сустрэла Лідская зямля.

На Лідчыне, у Крупаўскaй сярэдняй школе, з 1995 гады функцыянуе музей Ігната Дамейкі (дарэчы, у гэтым жа 1995 годзе ў Крупаве яго імем назвалі былую вуліцу Лідскую). Заснавальнікам музея з’яўляецца Іван Гівойна (да выхаду на пенсію ён быў дырэктарам СШ, а цяпер — настаўнік гісторыі). Крупаўская школа і стала першым прыпынкам нашчадкаў навукоўца на Лідчыне. Тут гасцей з Чылі, Аўстраліі, ЗША, а таксама прыбылых з імі навукоўцаў, даследнікаў сустракалі старшыня Лідскага райвыканкама Міхаіл Карповіч, начальнік аддзела адукацыі Аляксандр Кадлубай, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Леўшунова і іншыя прадстаўнікі райвыканкама, дырэктар Крупаўскай СШ Наталля Агіенка, прадстаўнікі Крупаўскага і Дзітвянскага сельскіх саветаў, Лідскага гістарычна-мастацкага музея.

У двары школы з хлебам-соллю віталі гасцей навучэнцы ў нацыянальных беларускіх строях. Затым усе прайшлі да памятнага знака Ігнату Дамейка, усталяванага ля сцен навучальнай установы ў 2002 годзе да двухсотгадовага юбілею навукоўца. У вітальнай прамове кіраўнік раёна Міхаіл Карповіч адзначыў, што хоць Ігнат Дамейка параўнальна нядоўга жыў на Лідчыне, сёння яго землякі гэтым вельмі ганарацца і памятаюць яго. У прыватнасці, імем Ігната Дамейка названы вуліцы ў Лідзе і тут, у Крупаве. У слове ў адказ госць з Чылі Мігель Заўшкевіч-Дамейка падзякаваў мясцовай ўладзе, асабіста Міхаілу Карповічу і ўсім прысутным за сардэчны прыём. «Вялікі дзякуй!» — сказаў ён у завяршэнне па-беларуску. І дадаў: «Жыве Беларусь!».

1крупавакмузейк

Пасля ўсе прайшлі ў школьны музей. Вучні школы пазнаёмілі гасцей з экспазіцыяй музея, пры гэтым у сваіх каментарах асобна спыняліся на фактах біяграфіі знакамітага навукоўца, звязаных з Прынёманскім краем, і, вядома, з маёнткам Заполле, размешчаным недалёка ад Крупова. Таксама юныя экскурсаводы не хавалі, што будуць вельмі радыя, калі паміж нашчадкамі Ігната Дамейкі і школьным музеем усталююцца цёплыя адносіны ў будучыні.

Асабліва ўрачыстым быў момант, калі кіраўніку школьнага музея Івану Гівойне ад старшыні літоўскага таварыства імя Ігната Дамейкі, акадэміка Альгімантаса Грыгялюса былі ўручаны два асобнікі напісанай ім кнігі пра выбітнага навукоўца. Сам акадэмік, нажаль, не змог прыехаць. Каштоўны дарунак (адзін асобнік для музея, а другі — асабіста для Івана Барысавіча) уручаў старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі Алег Гайдукевіч, які дапамагаў літоўскаму аўтару пісаць кнігу.

Ад’язджаючы з Крупава, нашчадкі Дамейкі пакінулі падзячныя запісы ў музейнай кнізе водгукаў. Наперадзе іх чакаў асабліва трапяткі момант — яны мелі ступіць на зямлю бы-лога фальварка Заполле, па якой хадзіў іх знакаміты продак.

І вось ззаду застаўся параўнальна нядоўгі адрэзак дарогі па сельскай гравейцы, і аўтобус спыніўся на павароце на былы фальварак. Прыпынак тут зроблена невыпадкова. На гэтым павароце ў 1995 годзе быў усталяваны памятны знак Ігнату Дамейку. А адразу за паваротам да былога фальварка і сёння вядзе алея з векавых дрэў. Алея завяршаецца вялікай палянай, дзе захаваліся прыступкі і падмуркі сядзібнай хаты. Было відавочна, што для нашчадкаў Дамейкі тыя хвіліны ў іх жыцці, калі яны хадзілі па гэтай зямлі і дыхалі гэтым паветрам пад велізарнымі дрэвамі, былі асаблівымі і незабыўнымі.

“Лідская газета”.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *