Навіны Германіі. Лужычане жывуць у Германіі і не забываюцца мовы сваёй

Аўторак, Жнівень 1, 2017 0

Лужыца — рэгіён, размешчаны на тэрыторыі нямецкіх земляў Саксонія і Брандэнбург. У гэтым рэгіёне жыве невялікая славянская нацыянальная меншасць — лужычане або лужыцкія сербы. (Не блытаць з балканскімі сербамі!)

У лужыцкіх сербаў свая асобная мова, нават дзве: верхнелужыцкая і ніжнелужыцкая. Лужычане ў Саксоніі гавораць на верхнелужыцкай мове, а ў Брандэнбургу — на ніжнелужыцкай. Наагул можна сказаць, што верхнелужыцкая мова бліжэйшая да чэшскай мовы, а ніжнелужыцкая — да польскай.

У канцы чэрвеня мы наведалі паўднёвую частку Лужыцы, якая знаходзіцца ў Саксоніі. Мы прыехалі сюды зайсці ў рэдакцыю газеты «Serbske Nowiny», якая месціцца ў горадзе Будышын (Баўцэн), культурным цэнтры лужыцкіх сербаў, а таксама пабываць на міжнародным фальклорным фестывалі, які арганізуецца раз на два гады.

Ацэньваецца, што ў 40-тысячным Будышыне каля 10% насельніцтва складаюць этнічныя лужыцкія сербы. Горад прыгожа раскінуўся над ракой Шпрэўяй (Шпрэе), за 50 кіламетраў на ўсход ад Дрэздэна. У горадзе вылучаецца гістарычны цэнтр з замкам Ортэнбург, які быў збудаваны яшчэ ў Х стагоддзі і перабудаваны ў гатычным стылі ў другой палове XV стагоддзя.

Лічыцца, што ў Германіі жыве каля 60 тысяч лужыцкіх сербаў — 20 тысяч у Верхняй Лужыцы і 40 тысяч у Ніжняй Лужыцы. Аднак гэтыя дадзеныя не пацверджаныя ніякімі падлікамі: у агульнанацыянальных нямецкіх перапісах этнічнае паходжанне не адзначаецца.

Галоўны рэдактар штодзённай газеты «Serbske Nowiny» Янак Воўчар (па-лужыцку Janek Wowсer; па-нямецку Janek Schаfer) сказаў нам, што на верхнелужыцкай мове ўсё яшчэ гавораць каля 20 тысяч чалавек. Усе яны, зразумела, валодаюць і нямецкай мовай. І няблага разумеюць сумежныя славянскія мовы: чэшскую і польскую. Мы без праблемаў дагаворваліся з лужычанамі на чэшскай мове. Зразумець іхнюю верхнелужыцкую нам было нашмат цяжэй, чым ім нашую чэшскую.

Сітуацыя з ніжнелужыцкай мовай значна больш складаная — некаторыя кажуць, што гэтая мова ўжо амаль паме-рла. Тым не менш, існуе адмысловая праграма падтрымання і ажыўлення ніжнелужыцкай мовы для дзяцей у дзіцячых садках і школах Ніжняй Лужыцы.

А як ставяцца да нацыянальнай меншасці прадстаўнікі большасці — немцы? Мы папрасілі нашага суразмоўцу адказваць на нашы пытанні на сваёй роднай мове, якую беларусам рэдка дзе і калі даводзіцца чуць.

Газета «Serbske Nowiny» выходзіць пяць разоў на тыдзень. Распаўсюджваецца выключна праз падпіску. Цяпер у яе — 1000 падпісчыкаў. Раз на месяц выходзіць нямецкамоўны дадатак да газеты. Газета пачала выходзіць у 1842 годзе, а ў 1854 атрымала назву «Serbske Nowiny». У 1937 годзе нацысты закрылі гэтае выданне. У часы Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі газета ўзнавіла выхад пад новай назвай — «Nowa doba». У 1989 годзе вярнулася да традыцыйнай назвы. У рэдакцыі працуюць 13 чалавек: 7 рэдактараў-журналістаў, стажор, фатограф, стыль-рэдактар, 2 графічныя рэдактары, сакратарка.

Газета «Serbske Nowiny» выходзіць у выдавецтве «Domowina» ў Будышыне. Выдавецтва месціцца ў тым самым будынку, што і газета. У тым самым будынку знаходзіцца таксама лужыцкая кнігарня. «Domowina» атрымлівае фінансавыя сродкі з Фонду лужыцкага народа, прыблізна 2 мільёны еўра на год. У сваю чаргу, Фонд лужыцкага народа атрымлівае штогод амаль 17 мільёнаў еўра: 8,2 мільёна ад федэральнага ўраду; 5,7 мільёна ад зямлі Саксонія; 2,9 мільёна ад зямлі Брандэнбург.

за газетайк

Па дарозе з рэдакцыі мы абышлі будынак, дзе месцяцца ўсе лужыцкія культурныя ўстановы, і зазірнулі ў кнігарню. Лужыцкія кнігі выходзяць рэгулярна, хоць і нягуста. Актыўна пішуць некалькі дзясяткаў літаратараў, але над імі па-ранейшаму ўзвышаюцца постаці сучасных класікаў — паэта Кіта Лорэнца і празаіка Юрыя Брэзана. На жаль, фатаграфаваць нам у самой кнігарні не дазволілі — рэжымны аб’ект… Затое нам пашэнціла скупіць у букіністычным аддзеле два апошнія асобнікі «Верхнялужыцка-расейскага слоўніка» 1974 года выдання, набылі і што з гэтым слоўнікам пачытаць.

кнігік

На вуліцах у Будышыне лужыцкай мовы асабліва не пачуеш. Але ёсць месцы, якія трэба ведаць. Апрача ўжо згаданага «бастыёна», дзе месцяцца культурныя ўстановы, рэдакцыі і кнігарня, ёсць яшчэ Сербскі музей з даволі добрай і ўсеахопнай экспазіцыяй.

Яшчэ адін абавязковы пункт праграмы кожнага госця лужыцкай сталіцы — рэстаран сербалужыцкай кухні «Wjelbik», які славіцца сваёй гасціннасцю і кулінарнай аўтэнтыкай.

Спыніліся мы ў гатэлі «Dom Eck» — «Саборны рог», які месціцца каля Кафедральнага сабора, як раз на рагу. Праўда, дзеля таго, што мы ведалі толькі нямецкую назву, ідэнтыфікаваць гатэль, не зазіраючы ў слоўнік, удалося не адразу.

Якраз у Кросчычах — дзе жыве тысяча чалавек, амаль усе з якіх гавораць на верхне-лужыцкай мове — 24 чэрвеня адбыліся найважнейшыя канцэрты сёлетняга Міжнарод-нага фальклорнага фестывалю ў Лужыцы, на які былі запро-шаныя фальклорныя калектывы з тузіну замежных краінаў, у тым ліку і «Крупіцкія музыкі» з Беларусі. Дарэчы, гэты калектыў, створаны ў вёсцы Крупіцы Менскага раёна 35 гадоў таму, на нашу думку меў найлепшы выступ на фестывалі ў Кросчыцах.

Але цікавейшымі за выступы ўдзельнікаў фэстывалю былі жывыя кантакты з мясцовымі людзьмі.

Каля 5 тысяч дзяцей у Верхняй Лужыцы ходзяць у лужыцкія і дзвюхмоўныя, лужыцка-нямецкія, школы. У малодшых класах усе прадметы выкладаюцца па-лужыцку; у старэйшых — такія прадметы як фізіка і матэматыка выкладаюцца па-нямецку і па-лужыцку. Мы пагаварылі з сям’ёй Клеменса і Юдыт Шкодаў з вёскі Панчыцы пра тое, ці лёгка захоўваць сваю мову, культуру і традыцыі лужыцкім сербам, ім у сям’і і лужыцкім сербам у Саксоніі.

На развітанне Юдыт з дзецьмі заспявалі нам лужыцкую песеньку.

Апошняя сустрэча чакала нас ужо, калі мы збіраліся вяртацца ў Прагу. Проста на фестывальнай вуліцы нас пазналі нейкія беларускія людзі — Пятро і Марлена. Як выявілася, яны тут не першы і не другі раз, цікавяцца лужыцкай сітуацыяй, маюць тут сяброў, з якімі падтрымліваюць творчыя кантакты. Сябры гэтыя таксама стаялі побач — гэта быў вядомы нават і ў Беларусі сербалужыцкі «антыфолк-панк-шансон»- дуэт Berlinska drоha — Ута і Паўль. На фоне фестывальных бутафорскіх «вышыванак» яны глядзеліся сапраўды жыва і арыгінальна.

Ян Максімюк,

Сяргей Шупа, svaboda.org.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *