Навіны Германіі. Працаваць, як конь у Берліне нельга нават коням

Панядзелак, Жнівень 7, 2017 0

Дзясяткі тысяч подпісаў сабралі актывісты пад петыцыяй супраць таго, каб коні працавалі на турыстычны сектар Берліна.

У галоўным кіраванні юстыцыі, абароны правоў спажыўцоў і антыдыскрымінацыйным кабінеце пры гарадской радзе пацвердзілі: на сённяшні дзень сабраны больш за 80000 подпісаў пад петыцыяй за забарону турыстычных карэт з коньмі ў Берліне. У першую чаргу актывісты хочуць абараніць коней, якія стаяць парой гадзінамі запрэжанымі каля Брадэнбургскіх варот у чаканні кліентаў для рамантычнай прагулкі па Берліне.

Карэт у Берліне не так ужо і шмат. На Парыжскім пляцы штодня працуюць ад шасці да дзевяці коней. Аднак абаронцы правоў жывёл востра крытыкуюць некамфортныя працоўныя ўмовы для коней. Па іх меркаванні жывёлы пакутуюць з-за гарадскога шуму, выкідных газаў, а таксама ад адсутнасці нармаванага працоўнага графіка — коні мала адпачываюць, лічаць іх абаронцы.

 

Палітыкі ўпрэгліся за коней

 

Берлінская кааліцыя сацыял-дэмакратычнай партыі, Левай партыі і партыі «Зялёных» ужо прыняла рашэнне пра забарону турыстычных карэт з коньмі ў цэнтры Берліна. Дазвол на працу і ўдзел у транспартным руху горада карэтам выдаюць раённыя кіраванні сталіцы. У 2009 годзе была апублікавана дырэктыва па эксплуатацыі конных вазкоў у горадзе. У ёй агучаны наступныя пункты: жывёлы павінны быць здаровыя, добра ўкормленыя, дагледжаныя і ўпрэжаныя ў працоўную турыстычную схему толькі пасля дасягнення пяцігадовага ўзросту. Працоўны дзень берлінскага каня не павінен перавышаць дзевяці гадзін у дзень, уключаючы запрэжку, дарогу са стайні на «працоўнае месца», дарогу назад у стайню. І гэта незалежна ад сапраўды адпрацаваных гадзін.

Ада Астроўская, г. Берлін

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *