Свята яйка

Аўторак, Жнівень 1, 2017 0

Кожны філіял ДУ «Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці» мае сваё брэндавае мерапрыемства. Работнікі філіяла «Крупаўскі Дом культуры» вырашылі зрабіць брэндам свята яйка. Існуюць жа святы: бульбы , хлеба, малака, сала, агурка. Чаму б не яйка? На самой справе адзначаць такое свята прычын шмат. І найпершая — гэта харчовая каштоўнасць яек. Іх карысць і дзяшавізна робяць гэты прадукт амаль што адным з самых галоўных прадуктаў. А яшчэ — добрая палова жыхароў аграгарадка Крупава працуе на птушкафабрыцы філіяла «Дзітва» ААТ «Лідахлебапрадукт».

яйкак

Ніхто нават з арганізатараў і не падазраваў, што атрымаецца такое незвычайнае свята, яйкавая накіраванасць якога вытрымлівалася на працягу ўсяго мерапрыемства.

Вядоўцы, мясцовыя жыхаркі Алена Войсят і Валянціна Бальцэвіч, як сапраўдныя артысткі, з вясковым каларытам вялі праграму, утрымліваючы ўвагу землякоў. Праграма пачыналася з выступлення народнага мужчынскага вакальнага ансамбля «Кронан» Бярозаўскага Дома культуры. Вяселля і гумару хапіла на ўсіх прысутных. Гумарыстычныя байкі расказваў Мікалай Мінько, тэатр мініяцюр «Балагур» з Ганчарскага Дома культуры парадаваў крупаўчан гумарыстычным прадстаўленнем на тэму свята. А народны тэатр «Бераг» Мінойтаўскага цэнтра культуры і вольнага часу прадставіў казку «Курачка Раба на новы лад», якая спадабалася і дзецям, і дарослым.

Напрыканцы свята ўсе прысутныя танчылі кракавяк, а затым удзельнічалі ў гульнях і атрымлівалі падарункі. Смачны момант свята: дэгустацыя страў з яек, прыгатаваных крупаўскімі гаспадынямі. А ў спаборніцтве паміж вуліцамі аграгарадка на выпяканне пірагоў перамаглі Таццяна Вінча з вуліцы Маладзёжнай і Вольга Часноўская з вуліцы Азёрная.

На пажаданне вяскоўцаў і ў наступным годзе правесці такое свята, работнікі Крупаўскага Дома культуры паабяцалі, што абавязкова арганізуюць, толькі ўжо ў кастрычніку, калі святкуецца Міжнародны дзень яйка.

 

Ганна Некраш,

вядучы метадыст ДУ «Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці».

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *