Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. «Я родам з Адраджэння, і цяпер усім часам, прасторам я належу

Серада, Верасень 27, 2017 0

Кніжныя выставы, песні, танцы і многае іншае, і ўсё гэта — проста ў скверы, пад адкрытым небам, на вачах у соцень мінакоў… Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і да Дня бібліятэк быў прымеркаваны фестываль лідскай кнігі і друку «Зоркі лідскіх небасхілаў», які адбыўся ў мінулую пятніцу каля помніка Францішку Скарыну. Зразумела, што арганізатарам гэтага свята кнігі выступіла Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы — галоўны лідскі дом кніг.

банерыклілякмельніккдырэктаркскоблак

Яшчэ перад пачаткам мерапрыемства ля помніка беларускаму першадрукару гучала сярэднявечная музыка ў выкананні гурта «Скудрынка» — музыканты як бы заклікалі мінакоў не праходзіць міма, спыніцца, папрысутнічаць на свяце, пранікнуцца духам даўніны. А яшчэ — ушанаваць памяць беларускага асветніка, які пяць стагоддзяў назад выданнем друкаваных кніг Бібліі паспрыяў увядзенню Беларусі ў «сям’ю» перадавых еўрапейскіх краін.

Нягледзячы на хмарнае, ветранае надвор’е, людзей на фестываль пад адкрытым небам сабралася шмат. Прыемна адзначыць, што вялікую частку прысутных складалі школьнікі, навучэнцы, — значыць, памяць пра Скарыну і яго справу жыве і ў малодшых пакаленнях сучаснікаў.

Са святам прысутных, у першую чаргу работнікаў бібліятэк і тых, хто мае дачыненне да друкарскай і выдавецкай справы, павіншаваў намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Віктар Пранюк. Гаворачы пра Францішка Скарыну, Віктар Францавіч адзначыў, што на працягу стагоддзяў асоба першадрукара з’яўляецца пуцяводнай зоркай для беларусаў, у тым ліку для лідзян, а заклік, высечаны на помніку Скарыну ў Лідзе: «Бярыце і чытайце» — важны для маладога пакалення лідзян.

Аб вялікім выхаваўчым значэнні Бібліі і ўвогуле кніг гаварылі прадстаўнікі праваслаўнага і каталіцкага духавенства — сакратар Лідскай епархіі протаіерэй Максім Цыгель і ксёндз Фарнага касцёла Узвіжання Святога Крыжа Віталь Сідорка. З гісторыяй друкарскай справы на Лідчыне і з днём сённяшнім мясцовага кнігадрукавання азнаёміў прысутных дырэктар Лідскай друкарні Мікалай Пякарскі. У ролі Францішка Скарыны выступіў мастак-пастаноўшчык і акцёр народнага драматычнага тэатра Палаца культуры горада Ліды, сябар Лідскай гарадской рады ТБМ Алег Лазоўскі. Падчас выступаў неаднаразова згадваўся і важкі ўнёсак у культуру Лідчыны газеты “Наша слова”, часопіса “Лідскі летапісец”, альманаха “Ад  лідскіх муроў”.

Былі ў праграме фестывалю выступленне мясцовых рыцараў, сярэднявечы танец, патрыятычныя песні (апошнія — у выкананні салістаў Лідскага эстраднага аркестра). Верш пра беларускую мову зачытала перад публікай лідская паэтэса Ганна Рэлікоўская. Наведалі фестываль і Міхась Скобла ды Таццяна Грыневіч-Матафонава з Менска.

Госці мерапрыемства мелі магчымасць азнаёміцца з імправізаванымі выставамі кніг і іншай друкаванай прадукцыі, прыняць удзел у майстар-класе па пісьме пер’евай ручкай (у апошнім асабліва актыўна ўдзельнічалі дзеці; свой аўтограф забытай пер’евай ручкай пакінуў і галоўны герой урачыстасці — Францішак Скарына, ролю якога, як ужо адзначалася, бліскуча сыграў Алег Лазоўскі).

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *