Фестываль патрыятычнай песні і паэзіі пад Лідай “1514”

Чацвер, Верасень 21, 2017 0

8 верасня 2017 г. на аграсядзібе “Гасьціна” ў в. Пескі пад Лідай прайшоў 2-гі фестываль патрыятычнай песні і паэзіі да Дня беларускай вайсковай славы “1514”.

Фэст арганізоўваўся арганізацыямі ТБМ Лідскага раёна і рэдакцыяй газеты “Наша слова” з улікам леташняга такога ж фестывалю.

Адкрыў фестываль намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Сяргей Чарняк, які даў слова для віншавання старшыні арганізацыі падпалкоўніку запасу Станіславу Судніку. Наступным на сцэну выйшаў маёр запасу бард Зміцер Захарэвіч, які патрыятычнымі песнямі задаў танальнасць усёй імпрэзе.

залак

Далей пайшлі вершы ў выкананні акцёра Алега Лазоўскага і паэта Міхася Скоблы, які, карыстаючыся нагодай, прэзентаваў новую кнігу “Гісторыя Сапегаў”, укладальнікам і рэдактарам якой ён з’яўляецца.

лазоўскікскобла2к

Прагучалі песні ў выкананні Таццяны Грыневіч — Матафонавай, і на сцэну выйшаў Алесь Дзянісаў, кіраўнік гарадзенскага гурта “Дзяцюкі”, які не змог прабіцца на Lidbeer, ну то прыехаў у Пескі.

танякдзянісаўк

Зміцер Бартосік ужо традыцыйна выйшаў на сцэну з дачкой, якая прадэманстравала выключныя вакальныя якасці.

бартосікк

Новым для 2017 года быў удзел у фестывалі гурта тутэйшых украінцаў “Смерычка”, які несумненна ўпрыгожыў дзею, дадаў каларыту, тым больш, што Ўкраіна не раз згадвалася ў вершах розных паэтаў.

украінцык

Ну і прыйшла чарга Андрэя Мельнікава, які кожны год ездзіў на Крапівенскае поле, але ўжо другі год прыязджае пад Ліду.

мельнікаўк

Завяршыў выступленні бардаў Алесь Мацкевіч, які спецыяльна на фестываль дабіраўся ажно з Калінінграда.

мацкевічк

Апошнюю песню, прысвечаную 27 ліпеню і прыняццю Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, на словы Станіслава Судніка выканаў хор арганізатараў фэсту.

фіналк

Калі глядзець на падбор выступоўцаў, то фестываль быў арганізаваны выдатна. Адзін з арганізатараў Сяргей Пантус сказаў:

— Страх падумаць, што будзе ў наступным годзе, бо сёлета дзея цягнулася пяць гадзін, а калі будзе выканаўцаў з пятнаццаць.

Канешне, па колькасці гасцей з Lidbeer пакуль не зраўняцца і не наблізіцца нават, але варта зазначыць, што і адзін фестываль, і другі, і “Меч Лідскага замка”, і фестываль лідскага друку 15 верасня, і фестываль песеннага фальклору памяці Земавіта Фядэцкага, спланаваны на 24 верасня — гэта ўсё Лідчына, дзе ўжо сёння можна бачыць тую Беларусь, якая будзе на ўсёй тэрыторыі краіны праз гадоў 10-15.

Так што, шаноўнае спадарства, калі ласка ў беларускую Ліду, каб адпачыць душой і целам ды крышку дакрануцца да беларускасці.

Наш кар.  

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *