Навіны Германіі. Немец і беларус напісалі манаграфію пра гісторыю Белавежскай пушчы

Чацвер, Верасень 21, 2017 0

Беларусазнаўства ўсё актыўней развіваецца на Захадзе. У Германіі паступова афармляюцца важныя даследчыя цэнтры, якія цікавяцца Беларуссю: у першую чаргу вылучаюцца ўніверсітэты Ольдэнбурга і Гісена. Невыпадкова ў гэтай сувязі, што чарговая прэмія Кангрэсу даследнікаў Беларусі мае асобную намінацыю для нямецкамоўных прац, піша nn.by.

Неўзабаве выйдзе чарговае даследаванне, прысвечанае беларускай (дакладней — беларуска-польскай) тэматыцы. Калектыўную манаграфію пра гісторыю Белавежскай пушчы Томас Бон, прафесар усходнееўрапейскай гісторыі ва ўніверсітэце Гісена (Германія), прадставіў у красавіку ў мюнхенскім Фондзе Сіменса.

Аўтары даследавання разглядаюць нацыянальны парк у яго гістарычным развіцці, як масток, які злучае два спосабы пісаць гісторыю — гісторыю рэгіёна і гісторыю навакольнага асяроддзя. Даследнікі, якія працавалі над кнігай — акрамя прафесара Бона гэта былі Аляксандр Даўгоўскі (гісторык з Менска) і Маркус Дробка (нямецкі даследнік, які вывучае Польшчу) — ставілі за мэту разгледзець узаемадзеянне палітычных структур, сацыяльных груп і прыроднага асяроддзя.

Такая перспектыва дазволіла прыўнесці ў кнігу шырокі спектр праблем. Гэта і звычайныя гістарычныя сюжэты: змена палітычных сістэм і рэжымаў, уплыў распрацаваных імі ідэнтычнасцяў і лаяльнасцяў. Гэта лакальныя пытанні пра тое, як узаемадзейнічалі мясцовыя жыхары, немясцовыя ўласнікі лесу ці прысланыя імі спецыялісты і замежныя эколагі ды абаронцы прыроды. Сімвалічнае і практычнае значэнне зубраў і, уласна, лесу, супрацоўніцтва палякаў і беларусаў, умацаванне амерыканскай ідэі нацыянальнага парку, логіка нямецкай акупацыйнай улады былі сярод іншых тэм кнігі.

Цікава, што для рэкламы лекцыі арганізатары выкарыстоўвалі імя дзейснага прэзідэнта Беларусі: «Якія адносіны да зубра мае Лукашэнка?» Гэта пытанне было пашыраны наступным чынам: «Наколькі лёс апошняга еўрапейскага ляснога запаведніка звязаны з палітыкай Лукашэнкі? Ці ўздзейнічае «адказны» турызм на беларускую аўтакратыю? І наколькі беларускае імкненне да большай самастойнасці ад Расіі і асцярожнае збліжэнне з Заходняй Еўропай адбіваецца на ўтрыманні парку, з яго  800-тамі дзікімі быкамі, якія жывуць на волі? І як складаецца польска-беларускае супрацоўніцтва ў адміністраванні парку?»

Уласна кніга ўяўляе сабою «скразную» гісторыю Белавежскай пушчы. У лекцыі, якая адбылася ў якасці прэзентацыі, значная ўвага надавалася таксама міфам, што ўзніклі вакол пушчы пераважна за апошнія 200 гадоў. Уваходжанне Белавежскай пушчы ў сучасную літаратуру адбылося дзякуючы польскім рамантыкам (нажаль, у дакладзе аказаўся абыдзены ўвагай Мікола Гусоўскі). Для Міцкевіча пушча была сучасніцай польскага караля, а зубр і іншыя жывёлы- імператарамі першабытнага лесу.

Пушча функцыянавала як месца памяці, сімвалічнае ўвасабленне сіл супраціву — як расійскім царам, так і нямецкім акупантам. У тым ліку па гэтай прычыне выявы зубраў сталі часткай помнікаў у Гайнаўцы і ў Камянцы.

Галоўнай задачай калектыўнага даследчага праекту была «гістарызацыя» (г. зн. разгляд у гістарычным кантэксце) памежнага помніка экалогіі. Апошні ў 2004 годзе нечакана стаў мяжой паміж «вольным светам» і «апошняй дыктатурай Еўропы». Аднак прафесар Бон разглядае такое ўспрыманне як хібнае, бо парк з’яўляецца аб’ектам узаемадзеяння беларускіх і польскіх уладаў.

Значэнне Белавежскай пушчы выцякае першым чынам з таго, што гэта — апошні падобнага роду лясны масіў у Еўропе. Па гэтай прычыне ў 1979 годзе польская частка пушчы была ўключана ў сусветны спіс спадчыны ЮНЭСКА; у 1992 годзе туды ўключана і беларуская частка. У 2014 годзе, на падставе сумеснай заяўкі беларускай і польскай адміністрацый парку Белавежская пушча пачала разглядацца ў спісе як адзіны аб’ект.

На працягу сваёй гісторыі пушча «абрасла» шматлікі-мі культурнымі міфалогіямі, якія дынамічна змяняліся ў залежнасці ад палітычных рэжымаў, меж, ідэнтычнасцяў. Пушча служыла «пляцоўкай ментальных праекцый фантазій пра першабытны лес». Пэўнымі прыкладамі такіх міфалогій з’яўляюцца выявы «імператара пушчы» (менавіта так Міцкевіч характарызаваў зубра), ці ўяўленне пра 600-гадовую гісторыю запаведніка.

Аб’ектам цікавасці даследнікаў з’яўляюцца таксама адносіны, якія складваюцца па-між прыродай, жывёламі і чала-векам. Так, у канцы XIX стагоддзя мясцовае насельніцтва выкарыстоўвала для саманазвы агульнараспаўсюджанае паняцце «тутэйшы». Пазней, з міжваеннай пары, распаўсюджваецца саманазва «пушчанцы» — як спосаб адмежавацца ад тых, хто жыве ў «полі».

У доўгай гісторыі пушчы, якая была і «літоўскім лесам» у культуры Рэчы Паспалітай, і «царскім лесам» у Расійскай Імперыі, у XIX стагоддзі адбываецца інтэрвенцыя чалавека ў прастору пушчы: царскі двор, які непасрэдна кіраваў лесам, разбудаваў тут у другой палове стагоддзя адпаведную інфраструктуру. У 1888 годзе пачалася нарыхтоўка драўніны.

У Першую сусветную вайну нямецкія акупацыйныя ўлады ставілі сваёй мэтай стварыць у пушчы «ўзорную гаспадарку», якая служыла б наглядным прыкладам перавагі нямецкага парадку. Разбудоўвалася інфраструктура: напрыклад, была пабудавана чыгунка. Пасля гэтай спадчынай скарысталася Польшча, якая прадала канцэсію на нарыхтоўку лесу брытанскай фірме.

Асобны цікавы сюжэт — гісторыя папуляцыі зубраў, якая была знішчана ў 1919 годзе. У канцы 1920-х гадоў ідэя аднаўлення папуляцыі знайшла міжнародную падтрымку, першым чынам у Германіі. У гэтай справе канкуравалі польскія і нямецкія навукоўцы. Пасля 1945 года гэты кірунак набыў на нейкі час тыя ці іншыя траекторыі ў СССР і ў Польшчы. У гады лысенкаў-шчыны савецкія навукоўцы праводзілі эксперыменты са скрыжаваннем зубраў. Падчас дэсталінізацыі была дасягнута прынцыповая дамова паміж польскімі і савецкімі калегамі: у пушчу маглі ў далейшым дапускацца толькі расава чыстыя жывёліны.

Цікава, што некаторыя маскоўскія спецыялісты выказвалі незадаволенасць канцэнтрацыяй гадоўлі зубраў у Белавежскай пушчы. Успрымаючы зубра як знак савецкага патрыятызму, яны прапанавалі перамясціць гэтую індустрыю бліжэй да Масквы, у адмысловы парк.

У гады Другой сусветнай вайны вялікую цікавасць да пушчы праяўляў Гебельс, які лічыў, што зубры сімвалізуюць лепшыя якасці арыйскай расы («характэрна германская жывёла»). Па гэтай прычыне прадпрымаліся спробы стварэння ў пушчы «імперскай паляўнічай прасторы». Гэта ажыццяўлялася ў рамках расісцкага пераўпарадачання прасторы — нароўні са знішчэннем габрэяў і спальваннем вёсак.

Пасля вайны пушча была падзелена паміж Польшчай і СССР. Гэта была саступка Сталіна польскаму ўраду ў выгнанні, паколькі лінія Керзона ў 1919 годзе вызначала, што на тэрыторыі пушчы і вакол яе пражываюць беларусы і ўкраінцы, а не палякі. Беларуская партыйная эліта спрабавала пераканаць Маскву ў нямэтазгоднасці такога падзелу, але безвынікова.

Цікава змяняўся статус пушчы ў СССР пасля вайны. З аднаго боку Сталін гатовы быў дэманстраваць клопат пра ахову прыроды ў пушчы. Гэта была свайго роду «кампенсаванне» амбіцыйных праектаў умяшання ў экалогію (паварот рэк, напрыклад). Пасля Хрушчоў паставіў мэтай грандыёзную праграму жыллёвага будаўніцтва і імкнуўся скараціць астатняе «марнатраўства». У выніку ў канцы 1950-х склаўся цікавы «падвойны» статус пушчы: як прыроднага запаведніка і як эксклюзіўных паляўнічых угоддзяў.

Абшары пушчы заставаліся тым часам недаступныя для мясцовага насельніцтва, затое іх наведвалі кіраўнікі савецкай дзяржавы. Напрыклад, Хрушчоў сем разоў быў у  Белавежы, Брэжнеў паляваў тут тройчы. Гэты эксклюзіўны статус падпаў пад крытыку ў гады галоснасці.

У верасні 1991 года пушча набыла статус нацыянальнага парку, які фармальна ахопліваў увесь лясны масіў. Цікава, што сам канцэпт нацыя-нальнага парку быў запазычаны з Амерыкі. У ім закладзены два асноўныя моманты: абарона прыроднай спадчыны і эканамічны фактар турызму.

У 1994 годзе пушча перайшла ў прамое кіраванне Адміністрацыі прэзідэнта. Яна фінансавалася дзяржавай толькі часткова, таму там павінна была развівацца бізнэс-актыўнасць. Гэта прывяло да канфліктаў паміж рознымі групамі інтарэсаў: адміністрацыяй, навукоўцамі, мясцовым насельніцтвам. Галасы незадаволеных заглушаліся шляхам звальненняў.

Паступова ўсё больш відавочным станавіўся сімвалічны і турыстычны патэнцыял пушчы. З 2000-х гадоў у Беларусі актыўна эксплуатуецца выява зубра, пасля такая тэндэнцыя назіраецца і ў Польшчы. Найболей яркім прыкладам, безумоўна, з’яўляецца Волат — талісман чэмпіянату па хакеі 2014 года.

Новы імпульс беларускаму кіраванню пушчай быў нададзены юбілейнымі імпрэзамі 2009 года. Лукашэнка абвясціў прыродны помнік нацыянальнай святыняй. У адміністрацыйнай практыцы гэта азначала рэактывацыю старога канцэпта «нацыянальнага парку». У гэтым выявілася «ўлада дыскурсу», аддалены эфект экалагічнага павароту, які адбыўся ў 1970-я гады.

Кніга «Wisent-Wildnis und Welterbe. Geschichte des polnisch-weissrussischen Nationalparks von Bialowieza» («Пушча зубраў і сусветная спадчына. Гісторыя польска-беларускага нацыянальнага парку Белавежа») выйдзе ў верасні 2017 года, у выдавецтве «Bоhlau».

Хартыя-97, nn.by.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *