Справаздача Лідскай гарадской арганізацыі ГА “ТБМ імя Ф. Скарыны” за 2014-2017 гады

Серада, Верасень 13, 2017 0

2 верасня 2017 г.                                                       г. Ліда

Папярэдняя канферэнцыя адбылася 18 верасня 2014 года.

Колькасць сяброў, якія стаялі на ўліку ў Лідскай гарадской арганізацыі ГА “ТБМ імя Ф. Скарыны” мянялася ад 50 чалавек да 100. Агульная база сяброў ТБМ па Лідзе ўключае каля 500 чалавек, намеснік старшыні Сяргей Чарняк узяў яе ў работу, каб вярнуць да актыўнай дзейнасці хаця б частку сяброў.

У гарадской арганізацыі дзейнічалі суполкі:

— Паўднёвая (6 чал.);

— Цэнтральная (30 чал.);

— Слабадская (5 чал.);

— Паўночная (5 чал.);

— Раслякоўская (3 чал.);

— Маладзёжная (3 чал.);

— “Белтэксоптык” (5 чал.);

— Абуткотвая фабрыка (12 чал.).

Нам не ўдалося аднавіць дзейнасць ТБМ у Лідскім каледжы. Праца з кіраўніцтвам каледжа па арганізацыі далейшай дзейнасці ТБМ у каледжы поспеху не мела. Усе абяцанні адміністрацыі засталіся  абяцаннямі. Парадаксальна, але там няма ні аднаго выкладчыка беларускай мовы, які праявіў бы ініцыятыву і ўзначаліў ТБМ каледжа. Тым не менш па Лідскім каледжы мы рукі не апускаем. Будзем спрабаваць аднавіць арганізацыю. Працягваюцца і мерапрыемствы ў каледжы: ідуць агульннанацыяна-льныя дыктоўкі, праводзяцца літаратурныя сустрэчы, студэнты каледжа запрашаюцца на мерапрыемствы ў бібліятэку. Абазначылася магчымасць аднавіць дзейнасць ТБМ у Музычным каледжы.

Стараннямі Лявона Анацкі была створана суполка ТБМ на Абутковай фабрыцы.

У 2011-2014 гадах Лідская гарадская арганізацыя ГА “ТБМ імя Ф. Скарыны” ўзаемадзейнічала з Бярозаўскай гарадской арганізацыяй ГА “ТБМ імя Ф. Скарыны” (старшыня Сяргей Дычок). Вынікам гэтага ўзаемадзеяненя стала аднаўленне дзейнасці Ёдкаўскай суполкі ТБМ (стаіць на ўліку ў выканкаме). Старшынём суполкі абраны Валер Мінец. Суполка вядзе вельмі актыўную дзейнасць.

Пра ўзаемадзеянне з Лідскай арганізацыяй (старшыня Лявон Анацка) мы не гаворым, паколькі структурна мы частка гэтай арганізацыі.

Арганізацыя знайходзілася ў рэжыме дыялогу з органамі ўлады, у першую чаргу з аддзелам ідэалогіі, культуры і па справах моладзі, аддзелам адукацыі, а таксама з іншымі ўладнымі структурамі. Старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ГА “ТБМ імя Ф. Скарыны” ўваходзіць у склад Каардынацыйнай рады палітычных партый і грамадскіх арганізацый пры Лідскім райвыканкаме.

У справаздачны перыяд усталяваліся самыя цесныя адносіны з Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Янкі Купалы, Лідскім цэнтрам культуры і народнай творчасці, Лідскім дабрачыннем Беларускай праваслаўнай царквы. Захаваліся цесныя стасункі з Лідскім музеем і асабліва з літаратурным філіялам. З грамадскіх арганізацый найбольш цеснае супрацоўніцтва было з літаратурным аб’яднаннем “Суквецце” пры “Лідскай газеце”, Таварыствам польскай культуры, рухам “За свабоду”, ГА БНФ “Адраджэнне”.

Па асобных мерапрыемствах адбывалася супрацоўніцтва з іншымі структурамі.

Асноўнай задачай, якую вырашала арганізацыя — гэта забеспячэнне выдання газеты “Наша слова” і часопіса “Лідскі летапісец”. І хоць фармальна газету і “Лідскі летапісец” выдае Установа інфармацыі “Выдавецкі дом ТБМ”, гарадская арганізацыя вырашае ў гэтым працэсе свае задачы, а менавіта, развязвае некаторыя пытанні фінансавання.

Паколькі папярэдняя канферэнцыя праходзіла 18 верасня 2014 года, то за гэты перыяд выйшла 154 нумары “Нашага слова”. Выйшла 12 нумароў “Лідскага летапісца”. У 2017 годзе выйшаў 1000-ны нумар “Нашага слова” ў Лідзе. Мы выправілі сітуацыю з “Лідскім летапісцам”, ліквідавалі адставанне, якое вісела над часопісам. Зараз фармальнае адставанне адзін нумар.

Актыўна абнаўляўся сайт газеты “Наша слова” naszaslowa.by, дзе размяшчаецца таксама і “Лідскі летапісец”.

Выйшаў 8-мы нумар літаратурна-мастацкага альманаха “Ад лідскіх муроў”.

Акрамя таго сябры арганізацыі выдалі шэраг кніг

У Лідзе рыхтаваліся краязнаўчыя календары на матэрыяле Гарадзеншчыне на 2015, 2016 і на 2017 гады. Укладальнік А. Пяткевіч, рэдактар С. Суднік. Рыхтуецца каляндар на 2018 год. Выдадзены насценны каляндар на 2017 г., прысвечаны гісторыі “Нашага слова”.

Па замове цэнтральнай сядзібы ТБМ у Лідзе былі выдадзены:

“Летапіс дзейнасці грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”, 2009 — 2014”;

“Моўныя правы і іх абарона”, матэрыялы Міжнароднай канферэнцыі 28 сакавіка 2015 г. Т. 1 і 2.

Мелі месца іншыя выданні.

 

Асноўным партнёрам Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны была Лідская біб-ліятэчная сістэма: Лідская раённая бібліятэка і філіялы.

У справаздачны перыяд ішлі Лідскія чытанні:

— 15 красавіка 2015 г. у Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшлі ІІІ Лідскія чытанні, прысвечаныя 175-годдзю з дня нараджэння бацькі беларускай нацыі Францішка Багушэвіча. У чытаннях прынялі ўдзел прадстаўнікі Лідскай гарадской арганізацыі ГА «ТБМ імя Ф. Скарыны»; навуковыя супрацоўнікі  ДУ «Лідскі гістарычна-мастацкі музей»; бібліятэкары ДУК «Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы»; школьныя краязнаўцы Лідскага раёна; настаўнікі гісторыі школ г. Ліды.

— «Афіцыйнай беларускай школе на Лідчыне — 100 год» — менавіта так гучала тэма навукова-практычнай канферэнцыі «IV Лідскія чытанні», якая адбылася 27 красавіка 2016 г. у Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы, і на якую былі запрошаны гісторыкі, краязнаўцы, музейныя работнікі, настаўнікі, метадысты, навучэнцы. На працягу трох гадзін гаворка вялася не толькі аб гісторыі беларускай школы ў нашым рэгіёне, але і ўвогуле аб гісторыі ўстаноў адукацыі на Лідчыне.

Да 500-годдзя ад пачатку беларускага кнігадрукавання была прымеркавана навуковая канферэнцыя «Пятыя лідскія чытанні», якая адбылася 19 красавіка ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы. На мерапрыемства былі запрошаны работнікі бібліятэк, мясцовыя краязнаўцы, а таксама краязнаўцы са Слоніма і Дзятлава. Падчас работы навуковай канферэнцыі ў канферэнц-зале бібліятэкі дзейнічала кніжная выстава «Узрасло буйным коласам зерне Скарыны», прысвечаная гісторыі друкаванай кнігі на Беларусі.

 

Быў заснаваны літаратурны конкурс імя Веры Навіцкай “Дарослыя дзецям”. Прайшлі два этапы:

— 17 снежня 2014 г. у канферэнц-зале Цэнтральнай раённай бібліятэкі адбылося падвядзенне вынікаў 1-га конкурсу. Кампетэнтнае журы вырашыла, што ў конкурсе бу-дуць вызначаны два пераможцы. Імі сталі Ўладзімір Васько і Станіслаў Суднік. Акрамя дыпломаў, пераможцам былі ўручаны і сапраўдныя прэміі. Астатнія ўдзельнікі конкурсу былі заахвочаныя дыпломамі за ўдзел, а Ірына Сліўко атрымала спецыяльны дыплом за папулярызацыю творчасці Смарагда Сліўко. 1-я прэмія сёлета не ўручалася.

— 21 снежня 2016 г. у раённай бібліятэцы адбылося ўрачыстае падвядзенне вынікаў 2-га літаратурнага конкурсу імя Веры Навіцкай “Дарослыя дзецям”, на якое былі запрошаны яго ўдзельнікі.  Прэміяй III сту-пені быў узнагарожданы Ўладзімір Васько, які даслаў на конкурс фантастычнае апавяданне «На залатой пла-неце» пра касмічныя прыгоды двух школьнікаў, прэміяй II ступені — Ганна Рэлікоўская (вершы пераважна на школьную тэматыку), прэміяй I ступені — Святлана Цішук (вершы і п’еса «Каток-футбаліст»). Пераможцам конкурсу, акрамя дыпломаў, былі ўручаны грашовыя прэміі.

Адзін з арганізатараў конкурсу імя Веры Навіцкай, лідскі паэт, краязнавец, рэдактар часопіса «Лідскі летапісец» Станіслаў Суднік пераклаў на беларускую мову адну з кніг Веры Навіцкай — «Добра жыць на свеце» (напэўна, гэта першы выпадак перакладу твораў Навіцкай на беларускую мову). Пакуль што адзіны асобнік гэтай перакладзенай кнігі ён перадаў у фонд Лідскай раённай бібліятэкі.

Дыпломы ўдзельнікаў атрымалі Валянціна Троцкая, Валянцін Бярэсціч, Ала Мась, Аляксандр Бойка, Уладзімір Руль. Апошні — жыхар Воранаўскага раёна (нагадаем, што конкурс адкрыты).

 

15 верасня ў Беларусі адзначаецца Дзень бібліятэк. Да гэтага дня ў рамках фестывалю “Ад мінулага ў сёння і ад сёння ў заўтра вядзе нас друкаванае слова”, які праводзіла Лідская цэнтральная раённая бібліятэка ў 2016 г.  пры падтрымцы Лідскай гарадской арганізацыі ГА “ТБМ імя Ф. Скарыны” на тарцавой сцяне бібліятэкі размешчаны банер з пазнакай “500 год ад пачатку беларускага кнігадрукавання”.

15 верасня 2016 г. фестываль лідскай прэсы і кнігі «Ад мінулага ў сёння і ад сёння ў заўтра вядзе нас друкаванае слова» пры вялікім зборы народу правяла Лідская цэнтральная раённая бібліятэка імя Янкі Купалы пры падтрымцы Лідскай гарадской арганізацыі ГА “ТБМ імя Ф. Скарыны” на ганку бібліятэкі.

15 верасня 2016 г. у Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы ў рамках фестывалю прайшла першая прэзентацыя новай кнігі слыннага беларускага пісьменніка, вядомага паэта і журналіста Міхася Скоблы. Зборнік «Саркафагі страху» стаўся 84-м выпускам Бібліятэкі СБП «Кнігарня пісьменніка».

15 верасня 2016 г. падчас фестывалю ў чытальнай зале бібліятэкі была адкрыта партрэтная галерэя супрацоўнікаў даваеннай рэдакцыі газеты “Ziemia Lidzka” — Уладзіслава Абрамовіча, Міхала Шымялевіча, Аляксандра Снежкі, Антона Грымайла-Прыбыткі. Выстаўлены рэпрадукцыі малюнкаў лідскага мастака Вадзіма Вераб’ёва, зробленых на аснове адзінай фатаграфіі ў польскай газеце. Фатаграфія была вельмі дрэннай якасці, і адзіным выйсцем было партрэты намаляваць. Пра лідскіх даваенных краязнаўцаў і іхнія лёсы распавялі Станіслаў Суднік і Леанід Лаўрэш. Была падкрэслена іх краёвая пазіцыя, чаго варты хаця б той факт, што Міхал Шымялевіч быў чальцом Лідскай гарадской рады ад ТБШ, адзіным чальцом ад ТБШ у Лідзе.

 

Бібліятэчная сістэма брала актыўны ўдзел у Агульнанацыянальных дыктоўках і святкаванні Міжнароднага дня роднай мовы,

Па прыкладу Лідскай бібліятэчнай сістэмы мы выйшлі крыху за межы нашай тэрыторыі і наладзілі стасункі з Наваградскай бібліятэкай і Нясвіжскай бібліятэкай імя Паўлюка Пранузы. Там сёлета прайшлі Агульнанацыянальныя дыктоўкі, прычым у Нясвіжскім раёне яны прайшлі ў некалькіх бібліятэках раёна.

Чаму бібліятэкі найбольш удзячнае поле дзейнасці, бо туды год за годам ідуць выпускнікі самага беларускага ўніверсітэта Беларусі — Універсітэта культуры і мастацтваў.

 

Развіваліся адносіны з Лід-скім цэнтрам культуры і народнай творчасці. Мы выступалі спонсарам першага конкурсу касцоў. Зараз узаемадзейнічаем па арганізацыі фестывалю песеннага фальклору памяці Земавіта Фядэцкага ў Мажэйкаве. “Наша слова” вельмі актыўна асвятляе працу гэтай установы. За тры гады прайшло пад 30 публікацый.

 

На новы этап выйшла ўзае-мадзеянне з Аддзелам адукацыі, спорту і турызму.

Асабліва нас хвалявалі беларускія класы. Што-небудзь зрабіць ТБМ не магло. Нават ідэя пра збор подпісаў за беларускую гімназію завісла. І прычына не ў ляноце. Атмасфера ў краіне вакол гімназій дрэнная. Будзе пустая праца, пакуль усё не стабілізуецца. Некаму гэтыя элітныя навучальныя ўстановы не даюць спакою. Каму?

У 2015 годзе беларускія класы адкрыліся ў лідскіх СШ № 14 і № 16. У класах адпаведна 7 і 8 чалавек.

У 2016 годзе беларускі клас адкрыўся ў СШ № 16.

Сёлета мы маем інфармацыю пакуль што пра клас у СШ № 16. І мы маем тут ужо беларускамоўную паралель. Ужо з 1-га па 6-ты клас сёлета дзеці будуць вучыцца тут па-беларуску. Класы былі спачатку невялікія, але сёлета ёсць ужо 10 чалавек, а мо за апошнія дні і больш.

На лідскія школы сістэматычна арганізоўваецца падпіска газеты “Наша слова”. Газета падпісваецца і на абодва каледжы. Мы правялі не адзін дзесятак розных імпрэзаў у школах, у асноўным вясковых, але гэтага катастрафічна мала.

26 лютага 2015 г. старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік узяў удзел у раённым педсавеце, праведзеным аддзелам адукацыі з мэтай узнагароджання настаўнікаў, якія падрыхтавалі пераможцаў абласных прадметных алімпіяд. Дарэчы па гэтым паказчыку Лідскі раён у чарговы раз стаў лепшым у вобласці.

Станіслаў Суднік ад імя Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ узнагародзіў настаўніцу беларускай мовы Лідскай гімназіі № 1 Пільчук Таццяну Канстанцінаўну, якая ў рускамоўнай гімназіі падрыхтавала трох пераможцаў абласной алімпіяды па беларускай мове, а адна з  гімназістак стала абсалютным пераможцам. ТБМ удзельнічала ў такім мерапрыемстве ўпершыню.

У 2016 годзе мы вырашалі пытанне з адкрыццём беларускамоўнай змены ў летніку “Эрудыт” для асабліва адораных дзяцей. За тры дні да пачатку змены адкрыццё яе было адменена.

Былі сарваны тры турыстычныя летнікі, якія мы спрабавалі правесці сёлета. Арганізоўваў летнікі сябар Лідскай арганізацыі ТБМ Сяргей Трафімчык. У выніку турыстычны летнік прайшоў на возеры Свіцязь у Наваградскім раёне.

Тым не менш аддзел адукацыі запрасіў ад нас прапановы па арганізацыі беларускамоўнага лінгвістычнага летніка ў 2018 г.

Сёлета мы выйшлі з прапа-новай аб арганізацыі конных спаборніцтваў на кубак барона фон Эксе (унука ўладальніка Тарнова графа Маўраса і ўдзельніка 5-х Алімпійскіх гульняў у 1912 г., неаднаразовага пераможцы Кубка караля Эдуарда ў Англіі).

 

Арганізацыі ТБМ вялі за-цятае змаганне за вяртанне беларускай мовы на ўпакоўкі беларускіх тавараў. Тут рэй мела Лідская арганізацыя ТБМ.

28 жніўня 2015 г. у Лідзе адбылося судовае паседжанне па позве старшыні Лідскай арганізацыі ТБМ Лявона Анацкі да ААТ “Лідскае піва” з нагоды негатыўнага стаўлення на прадпрыемстве да беларускай мовы. Прайшлі касацыйныя суды ў Гародні.

І вось 24 студзеня 2017 г. ААТ “Лідскае піва” перавяло свой сайт на беларускую мову і абвесціла аб пераходзе ўсёй  дзейнасці на беларускую мову.  ААТ “Лідскае піва” выпусціла тры гатункі піва “Менскае”, у тым ліку да 100-годдзя БНР. 24 чэрвеня 2017 г. ААТ “Лідскае піва” правяло ў Менску дыктоўку па беларускай мове. Па-беларуску ідзе рэклама сёлетнега піўнога фэсту

У лютым 2017 г. старшыня Ёдкаўскай суполкі ТБМ Валер Мінец пачаў кампанію па беларусізацыі “Твайго радыё”.

Вясной 2017 г. сябры ТБМ пачалі кампанію па беларусізацыі Лідскага малочна-кансервавага камбіната…

Міжнародны дзень роднай мовы 21 лютага і  напісанне Агу-льнанацыянальных дыктовак набылі на Лідчыне непараўнальны ні з чым размах.

2015 год.

Першы тыдзень роднай мовы 2015 года на Лідчыне пачаўся 18 лютага. Менавіта першы тыдзень, бо лідзяне ў адзін тыдзень укласціся не змаглі. У гэты дзень адбылася імпрэза ў Бярозаўскай гімназіі. У ёй узяў удзел намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ, сябар рэспубліканскай Рады ТБМ, бард Сяржук Чарняк.

20 лютага імпрэза адбылася ў Ходараўскай школе Лідскага раёна. У Ходараўцы прыехалі старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік і яго намеснік Сяржук Чарняк.

21 лютага 8-ю Агульнанацыянальную дыктоўку пісалі ў Бярозаўскай гарадской бібліятэцы. На дыктоўку прыйшло 8 чалавек. Прадмову да “Дудкі беларускай” Ф.  Багушэвіча чытаў старшыня Лідскай га-радской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік.

21 лютага літаратурная імпрэза да Міжнароднага дня роднай мовы адбылася ў Лідскай СШ № 14. Удзел у імпрэзе браў сябар Лідскай гарадской рады ТБМ, першы старшыня Лідскага ТБМ, паэт Міхась Мельнік.

22 лютага 8-ю Агульнанацыянальную дыктоўку пісалі ў Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы. На дыктоўку сабралася каля 20 чалавек. Чытаў прадмову да “Дудкі беларускай” Ф. Багушэвіча кіраўнік літаратурнага аб’яднання “Суквецце”, сябар Лідскай рады ТБМ  Алесь Хітрун. З мастацкім словам па творах Янкі Купалы і Францішка Багушэвіча выступіў актор народнага тэатра Алег Лазоўскі

21 лютага навучэнцы Лідскага каледжа актыўна прынялі ўдзел у святкаванні Міжнароднага дня роднай мовы. У  сувязі з гэтым, у каледжы ўжо не першы год была праведзена Усебеларуская дыктоўка.

25 лютага чарговае мерапрыемства прайшло ў Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы. Тут адбылося ўрачыстае адкрыццё бюста Янкі Купалы, які зрабіў бярозаўскі скульптар Яўген Лукашэвіч. Трэба адзначыць актыўную ролю ў гэтым Бярозаўскай арганізацыі ТБМ, бо бюст выкананы на дабрачыннай аснове і падараваны Лідскай бібліятэцы.

На імпрэзе прысутнічалі вучні трох 8-х класаў СШ № 1 г. Ліды. Актыўны ўдзел у імпрэзе бралі сябры Лідскай гарадской арганізацыі. Пра повязь Купалы з Лідай распавядаў старшыня арганізацыі Станіслаў Суднік, песні на словы Я. Купалы спяваў намеснік старшыні Сяржук Чарняк.

А вечарам 25 лютага ўжо сам Лідскі музычны каледж уласнымі сіламі зладзіў вялікі канцэрт з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы. Увесь канцэрт прайшоў па-беларуску.

У выніку за два тыдні ў мерапрыемствах з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы на Лідчыне ўзялі ўдзел 8-10 тысяч чалавек.

 

2016 год.

Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы ў 2016 г. у Лідзе ўстаноўлены тры білборды ў падтрымку беларускай мовы. Два пано ўстаноўлены па праспекце Перамогі — каля кнігарні і “архітэктуры”. Трэцяе пано ўстаноўлена ў пачатку вуліцы Камуністычнай адразу за мостам на Слабаду.

Да Міжнароднага дня роднай мовы 2016 г. Лідская гарадская арганізацыя ТБМ выпусціла камплект паштовак пад адзіным заклікам: “Не забывайма беларускія словы”. Агульны наклад — чатыры тысячы асобнікаў.

У 2016 г. на Лідчыне Агульнанацыянальную дыктоўку пісалі ў новым фармаце. У пачатку лютага Лідскі райвыканкам накіраваў ліст ва ўстановаы культуры і адукацыі, у якім рэкамедаваў усім установам правесці 9-ю Агульнанацыянальную дыктоўку. З 19 лютага дыктоўка пайшла па Лідчыне. Мерапрыествы з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы цягнуліся два тыдні. У ім узялі ўдзел большасць бібліятэк Лідчыны і грамадскаія арганізацыі, у першую чаргу структуры ТБМ.

Моцны клічнік у лідскім марафоне з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы паставілі ўстановы адукацыі Лідскага раёна. Быў праведзены цэлы шэраг мерапрыемстваў у кааледжах, гімназіях, ліцэях і школах. Такім чынам у выніку магутнай падтрымкі аддзела адукацыі 9-ю Агульнанацыянальную дыктоўку на Лідчыне пісалі больш за 5,5 тысяч чалавек у каля 20 населеных пунктах Лідчыны. Гэта яшчэ не поўны ахоп раёна, але лік ужо пайшоў на тысячы, і рэзервы таксама яшчэ ёсць.

 

2017 год.

Х Агульнанацыянальная дыктоўка на Лідчыне арганізоўвалася на дзяржаўна-грамадскім узроўні. Пр-аводзілі яе ўстановы адукацыі, культуры, грамадскія структуры. Усяго ў дыктоўцы прынялі ўдзел каля 6000 чалавек. Асноўную масу (5008 чалавек) далі ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі.

Дыктоўку на Лідчыне распачала 18 лютага 2017 г. Мінойтаўская бібліятэка. Сюды прыйшлі вучні суседняй Мінойтаўскай СШ.

Дыктоўкі прайшлі ў 33 установах адукацыі раёна. Некаторыя школы ўдзельнічалі ў дыктоўцы трэці раз (Ходараўцы), а асноўная маса — у другі.

Найбольш масавыя дыктоўкі прайшлі ў СШ № 17 — пісалі 585 чалавек; у СШ № 12 — пісалі 529 чалавек; СШ № 1 — пісалі 405 чалавек; СШ № 15 — пісалі 342 чалавекі; СШ № 9 — пісалі 336 чалавек і г.д.

У гімназіі № 1 г. Бярозаўкі, бярозаўскіх СШ № 2 і СШ № 3 у дыктоўцы ўдзел узяла прыкладна роўная колькасць вучняў: 127, 118 і 121 чалавек адпаведна.

Сярод сельскіх школ 181 чалавек пісаў дыктоўку ў Першамайскай СШ, 179 чалавек — у Дзітвянскай СШ, 101 чалавек — у Ёдкаўскай СШ; 92 чалавекі — у Ваверскай СШ і г.д. Дыктоўкі праводзіліся па класах, магчыма недзе ў сельскіх школах класы аб’ядноўвалі, але ў цэлым у школах прайшло ка каля 240 дыктовак.

У Лідскім каледжы дыктоўку пісалі 280 чалавек. Пісалі дыктоўку ў Лідскім ліцэі (завод “Оптык”).

Дыктоўкі былі праведзены ў 20 населеных пунктах на 47 пляцоўках. Усяго напісана прыблізна 270 дыктовак. 270 разоў перад аўдыторыямі рознага ўзросту выходзілі настаўнікі, літаратары, сябры ТБМ. 270 разоў гучалі беларускія тэксты. Самыя юныя ўдзельнікі дыктовак — вучні 2-іх класаў, самыя сталыя — дзеці вайны, людзі якія нарадзіліся ў 30-я гады 20-га стагоддзя.

Такая масавая дыктоўка пра-водзіцца на Лідчыне ўжо ў другі раз. У адрозненне ад леташняга года сёлета дыктоўка ішла ў рамках праекту Лідскага райвыканкама “Беларусь — мая мова і песня”.

21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, у малой зале Палаца культуры горада Ліды адбыўся творчы вечар лідскага барда і кампазітара, намесніка старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны Сяргея Чарняка «Пявучае роднае слова».

 

У справаздачны перыяд Лідская гарадская арганізацыя ТБМ мэтанакіравана займалася пытаннямі захавання гістарычнай спадчыны і гістарычнай памяці.

— 28 лістапада 2014 г. у Лідзе прайшла навуковая канферэнцыя да 230-годдзя з дня нараджэння «Бацькі беларускіх гісторыкаў» Тодара Нарбута (нарадзіўся 8 лістапада 1784 года). Канферэнцыю арганізоўваў Лідскі гістарычна-мастацкі музей пры падтрымцы Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ.

— 13 снежня 2014 года ў чытальнай зале Лідскай бібліятэкі-філіяла № 3 на ўрачыстае паседжанне з нагоды 25-годдзя Лідскага ТБМ сабраліся дзве лідскія і Бярозаўская рада ТБМ, а таксама ветэраны ТБМ і госці. Сярод гасцей — старшыня ТБМ Алег Трусаў, першы намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім і інш.

— 17 сакавіка 2015 г. у Лідскім бібліятэчным філіяле № 3 была адкрыта мінівыстава да 25-годдзя «Нашага слова». Чыста музейных экспанатаў там не шмат: пячатка рэдакцыі газеты «Наша слова» 1990-х гадоў, вуглавы штамп рэдакцыі газеты «Наша слова» тых жа гадоў, копія першага Пасведчання аб рэгістрацыіі газеты «Наша слова», друкарская машынка тых часоў, некалькі нумароў “Нашага слова” за 1993-94 гг.

Але асноўнае, што зроблена — тут на пастаянна размешчана поўная падшыўка «Нашага слова» лідскага перыяду выдання: з лістапада 1997 года па канец 2014 года. 17 гадавых падборак. Гадавыя падшыўкі амаль поўныя, не хапае некалькіх нумароў (недзе 3-4 за 17 гадоў).  Аднак трэба спадзявацца, што падшыўкі будуць дапоўнены хоць бы ксеракопіямі страчаных асобнікаў. Другая такая ж падшыўка размешчана ў Лідскім літаратурным музеі.

Такім чынам у Лідзе ёсць два месцы, дзе можна будзе пачытаць любы лідскі нумар «Нашага слова».

Акрамя “Нашага слова” зроблены падшыўкі двух перыядаў выдання (2001 — 02 гг. і 2004 — 05 гг.) лідскай газеты “Тэлескоп”, якая таксама выдавалася Лідскай гарадской арганізацыяй ГА “ТБМ імя Ф. Скарыны”, але банальна не вытрымала канкурэнцыі з дзвюмя іншымі лідскімі газетамі (дзяржаўнай і недзяржаўнай) і мусіла закрыцца.

— Да верасня 2015 г. сябар ТБМ з Бярозаўкі Яўген Лукашэвіч зрабіў макет Лідскай ратушы да 425-годдзя з дня атрымання г. Лідай Магдэбургскага права (17 верасня 1590 г.). Быў распрацаваны і выдадзены ў Лідскай друкарні мастацкі буклет, прысвечаны ўгодкам Магдэбургскага права, у тым ліку адну старонку займае Лідскі каляндар на 2016 год з шэрагам датаў лідскай гісторыі.

Былі распрацаваны, выкананы і ўстаноўлены два банеры, на якіх пададзены макет Лідскай ратушы, упісаны у пейзаж горада, на тое месца, дзе грамадскасць мае планы дабіцца яе аднаўлення (арганізатар сябар ТБМ Сяргей Трафімчык).

“Белпошта” з ініцыятывы ТБМ выдала мастацкі канверт да 425-х угодкаў надання гораду Лідзе Магдэбургскага права.

Навуковая канферэнцыя ў Лідскім музеі была сарваная.

— 3 кастрычніка 2015 г. на этнаграфічнай сядзібе “Пескі” пад Лідай прайшоў краязнаўчы “круглы стол”, прысвечаны 425-м угодкам надання г. Лідзе Магдэбургскага права. Сабраліся краязнаўцы з Ліды, Бярозаўкі, Ёдак, Дворышчаў. З Менска прыехаў малады гісторык Кірыл Сыцько. Арганізоўвала імпрэзу Лідская гарадская арганізацыя ТБМ.

— 27 лютага 2016 г. у актавай зале СШ № 2 г. Бярозаўкі прайшла Гістарычна-краязнаўчая канфе-рэнцыя  «Гэта мой горад!» (г. Бярозаўка, Лідскі р-н). На канферэнцыю было падрыхтавана 11 дакладаў.

31 ліпеня 2016 г. адбыўся патрыятычны фэст на аграсядзібе “Гасціна”, што ў вёсцы Пескі, непадалёк ад Ліды. Гаспадар сядзібы, сябар Ёдкаўскай суполкі ТБМ Лідскай арганізацыі Віталь Карабач добра папрацаваў, каб прыдаць усёй мясціне яскравы нацыянальны выгляд.

— 9 верасня 2016 г. на аграсядзібе «Гасціна» пад Лідай прайшоў фэст патрыятычнай беларускай песні. Такім чынам лідзяне і госці фестывалю адзначылі Дзень беларускай вайсковай славы.

— 18 студзеня 2017 г. у актавай зале Лідскай раённай бібліятэкі была прачытана адукацыйна-пазнавальная лекцыя “Крыніцы па генеалогіі (на прыкладзе Лідчыны)”.

— 22 красавіка 2017 г. сябры Таварыства беларускай мовы з Ліды і Бярозаўкі зладзілі суботнік у вёсцы Суботнікі Іўеўскага раёна на сядзібе Зянона Пазьняка.

Арганізацыя рэгулярна адзначала даты 25 сакавіка і 27 ліпеня.

Арганізацыя займалася пытаннямі гістарычна-краязнаўчай адукацыі. У сваіх выданнях мы публікуем масу гістарычных і краязнаўчых артыкулаў. Найбольш актыўныя аўтары Леанід Лаўрэш.

Краязнаўчая праца арганіза-цыі канцэнтруецца вакол часопіса “Лідскі летапісец”.

Арганізацыя вяла працу па наданні лідскім вуліцам беларускіх назваў. Не дабіліся тут нічога, хаця, здаецца, што ўсе чыноўнікі згодныя з наданнем імя Янкі Купалы праезду паміж выканкамам і касцёлам у бок Раслякоў.

 

Палітыка.

Нам належала ідэя правядзення Агульнанацыянальнага канкрэсу за незалежнасць, які адбыўся 21 снежня 2014 года. Лідскія арганізацыі ТБМ удзельнічалі ў ім вялікімі сіламі.

У 2016 годзе ўсё ТБМ прыняло ўдзел у выбарах у Палату прадстаўнікоў. Ад лідскіх арганізацый былі вылучаны 6 кандыдатаў. Гэта:

Мінец Валер Уладзіміравіч, старшыня Ёдкаўскай суполкі Лідскай арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны. Кандыдат у дэпутаты па Гарадзенскай-Занёманскай выбарчай акрузе № 49.

Бурачэўскі Міхаіл Уладзімі-равіч, старшыня рэвізійнай камісіі Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны. Кандыдат у дэпутаты па Іўеўскай выбарчай акрузе № 54.

Суднік Станіслаў Вацлававіч, сябар Рады ТБМ, старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны. Кандыдат у дэпутаты па Лідскай выбарчай акрузе № 55.

Ашурак Вітольд Міхайлавіч, сябар Бярозаўскай суполкі Лідскай арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны. Кандыдат у дэпутаты па Дзятлаўскай выбарчай акрузе № 56.

Круцікаў Уладзімір Уладзіміравіч, старшыня Цэнтральнай суполкі Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны. Кандыдат у дэпутаты па Наваградскай выбарчай акрузе № 57.

Трафімчык Сяргей Аляксандравіч, сябар Бярозаўскай суполкі Лідскай арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны. Кандыдат у дэпутаты па Шчучынскай выбарчай акрузе № 60.

Мы закрылі палову вобласці. І хоць ніхто з нас не перамог і блізка, але беларушчыны стала больш. Усе кампаніі ішлі па-беларуску. Ну і фактычна мы стварылі тую крытычную масу, з якой улады мусілі былі прапусціць хоць аднаго кандыдата ад ТБМ.

 

Дзейнасць у літаратурным асяроддзі і праца з літаратарамі была значнай дзялянкай у дзей-насці арганізацыі.

Літаратурнае аб’яднанне “Суквецце” пры “Лідскай газеце” ўзначальвае сябар ТБМ Алесь Хітрун. “Суквецце” аб’ядноўвае каля пяці дзесяткаў літаратараў, прынамсі за пяць гадоў у “Лідскай газеце” былі апублікаваны творы 101 аўтара. Не ўсе яны сябры “Суквецця”, але патэнцыяльна могуць імі быць. Штомесячна праыводзяцца паседжанні, вечарыны, прэзентацыі, сустрэчы з чытачамі. Вельмі актыўны ўдзел у іх браў намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі Сяргей Чарняк з неразлучнай гітарай.

Быў праведзены цэлы шэраг літаратурных сустрэч. Паэты Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін аб’ехалі ўсе вясковыя школы Лідчыны. Шмат разоў выступалі на Лідчыне Міхась Скобла і Таццяна Грыневіч-Матафонава.

Былі праведзены сустрэчы:

— 23 верасня 2014 г. у Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася літаратурная вечарына з удзелам старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны, паэта Станіслава Судніка і намесніка старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Ска-рыны, барда Сяргея Чарняка.

— 26 верасня 2014 г. Станіслаў Суднік і Сяргей Чарняк наведалі Нясвіж. Тут літаратурная сустрэча з вучнямі нясвіжскай школы № 1 і навучэнцамі педагагічнага каледжа адбылася ў бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы.

— 29 верасня 2014 г. у Менску ў сядзібе ТБМ  адбылася літаратурная вечарына з удзелам старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны, паэта Станіслава Судніка і намесніка старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны, барда Сяргея Чарняка.

— 8 кастрычніка 2014 г. у Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбылася прэзентацыя Інтэрнэт-бібліятэкі “Камунікат”, якая даступна ўсяму свету, паколькі “інтэрнэт-”, але мае базу ў Беластоку. Пазнаёміць лідзян З “Камунікатам” прыехалі Яраслаў Іванюк і Наташа Герасімюк з Беластока, доктар гістарычных навук, прафесар Алесь Краўцэвіч з Гародні, бард Зміцер Бартосік з Менска.

— 12 лістапада 2014 г. беларускае паэтычнае слова зноўку адправілася ў падарожжа па Лідчыне і не само па сабе, а з выдатнымі беларускімі паэтамі, падзвіжнікамі ў справе папулярызацыі беларускай паэзіі Леанідам Дранько-Майсюком і Эдуардам Акуліным. Гэта быў ужо трэці прыезд паэтаў на Лідчыну ў 2014 г. У гэты раз госці з Менска наведалі школы вёскі Бердаўка і пасёлка Першамайскі.

— 28 лістапада 2014 г. у Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшла творчая вечарына з нагоды  65-годдзя першага старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ГА ТБМ імя Францішка Скарыны, паэта і краязнаўца Міхася Мельніка.

— Радавод сям’і Столе, выдатных майстроў у справе гутніцтва і паспяховых заводчыкаў і купцоў, які быў апублікаваны ў часопісе “Лідскі летапісец” № 2 (66) стаў нагодай для сустрэчы рэдактара часопіса Станіслава Судніка, барда Сяржука Чарняка і сябра ТБМ Сяргея Трафімчыка з вучнямі і настаўнікамі школ г. Бярозаўкі 28 лістапада 2014 г.

— 18 лютага 2015 г. у Лідскім гістарычна-мастацкім музеі адбылася літаратурна-музычная вечарына, прысвечаная 65-годдзю з дня нараджэння паэта Віктара Бачарова.

— 11 сакавіка  2015 г. з прэзентацыяй 11-га нумара часопіса “Верасень” Лідчыну наведалі Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін. На гэты раз слынных беларускіх паэтаў і папулярызатараў беларускай літаратуры ды беларускай мовы прымалі Ваверская і Дзітвянская школы.

— 29 красавіка 2015 г. на Лідчыне адбылася прэзентацыя 11-га нумара літаратурна-мастацкага часопіса для моладзі “Верасень”. На гэты раз рэдактар часопіса паэт і бард Эдуард Акулін ды сталы аўтар выдання, паэт Леанід Дранько-Майсюк наведалі самае Панямонне — вёскі Пескаўцы і Беліцу.

— 22 траўня 2015  г. у Доміку Таўлая адбылася сустрэча мясцовых літаратараў і навучэнцаў з пісьменнікам, майстрам дэтэктыўнага жанру Віктарам Праўдзіным, нараджэнцам горада Ліды, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, які нядаўна адзначыў 60-гадовы юбілей.

— 10 чэрвеня 2015 г. у рамках Тыдня культуры Лідчыны раён наведалі паэт, перакладчык, эсэіст Міхась Скобла і спявачка Белдзяржфілармоніі Таццяна Матафонава. Першую сустрэчу госці з Менска правялі ў пасёлку Дзітва ў летніку “Эрудыт” для асабліва адораных дзяцей, выдатнікаў, пераможцаў алімпіядаў і г.д. Другая сустрэча прайшла ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы.

— 12 чэрвеня 2015 г. намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны Сяржук Чарняк выступіў на выпускным вечары ў Лідскім ліцэі.

— 14 чэрвеня 2015 г. старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны Станіслаў Суднік і яго намеснік Сяржук Чарняк выступалі ў школьным летніку “Эрудыт” для найбольш адораных дзяцей у пасёлку Дзітва Лідскага раёна. Адбылася прэзентацыя часопіса “Лідскі летапісец”.

— 26 верасня 2015 г. з нагоды Еўрапейскага дня моў Ходараўскую СШ наведалі паэт і перакладчык Міхась Скобла ды спявачка Белдзяржфілармоніі Таццяна Матафонава з прэзентацыяй кнігі “Галасы з-за небакраю”.

— 11 лістапада чарговы літаратурны дэсант на Лідчыну арганізавалі беларускія паэты Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін. Літаратурныя сустрэчы праходзілі пад знакам прэзентацыі 12-га нумара часопіса “Верасень”, рэдактарам якога з’яўляецца Эдуард Акулін, а Леанід Дранько-Майсюк цесна супрацоўнічае з выданнем. Першая сустрэча адбылася ў Тарноўскай школе. Другая сустрэча ў гэты дзень адбылася з вучнямі Ёдкаўскай школы.

— 5 снежня 2015 г. у Лідзе адбылася працоўная сустрэча гарадзенскіх і лідскіх сяброў Саюза беларускіх пісьменнікаў ды лідскага літаб’яднання “Суквецце”. З Гародні прыехалі новаабраны старшыня Гарадзенскага абласнога аддзялення СБП Валянцін Дубатоўка, былы старшыня Юрка Голуб, паэт Рычард Бялячыц. З лідскага боку ў сустрэчы ўзялі ўдзел сябры СБП Алесь Стадуб, Уладзімір Васько і Станіслаў Суднік, а таксама цяперашні кіраўнік “Суквецця” Алесь Хітрун і былы кіраўнік Міхась Мельнік.

— 5 студзеня 2016 г. у Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшоў круглы стол “Краязнаўчая дзейнасць газеты “Наша слова”. Асновай імпрэзы стала прэзентацыя нядаўна выйшаўшага “Беларускага настольнага перакіднога календара на 2016 год на матэрыяле Гродзеншчыны”. Укладальнік календара — сябар рэдкалегіі газеты “Наша слова” прафесар Аляксей Пяткевіч. Рэдактар календара — рэдактар газеты “Наша слова” Станіслаў Суднік.

— 12 студзеня 2016 г. у Лідскай бібліятэцы прайшоў “круглы стол”, арганізаваны бібліятэкай і рэдакцыяй газеты “Наша слова”. На “круглым стале” быў прэзентаваны двухтомнік “Моўныя правы і іх абарона”.

— 20 студзеня 2016 г. за “авальным столікам” літаб’яднання “Суквецце” ў лідскім “Доміку Таўлая” прайшла прэзентацыя літаратурнага альманаха беларусаў замежжа “Беларус” за 2015 год. Прэзентацыі папярэднічала публікацыя пра альманах у газеце “Наша слова”.

— 27 студзеня 2016 г. у чарговы раз на Лідчыну завіталі класікі сучаснай беларускай паэзіі Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін. На гэты раз на Лідчыне паэты выступалі перад вучнямі Гудскай базавай школы. Гэта апошняя сельская школа Лідскага раёна, дзе яшчэ не былі. З вучнямі адной з найстарэйшых школ Ліды — СШ №1  паэты сустракаліся ў канферэнц-зале Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы.

— 30 студзеня 2016 г. прэзентацыя кнігі Паўла Севярынца “Беларуская глыбіня” адбылася на Лідчыне. На літаратурную і не толькі сустрэчу сабралася звыш 20 чалавек з Ліды, Бяро-заўкі, Беліцы, Шырокага і іншых мясцін паўднёвай часткі Лідскага раёна.

— 10 лютага 2016 г. у рамках Дня спецыяліста «Інфармацыйныя веды як адлюстраванне мінулага і сучаснага Лідчыны» ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбыўся круглы стол «Інфармацыйная прастора Лідчыны: шляхі супрацоўніцтва», арганізаваны бібліятэкай і газетай “Наша слова”. За круглым сталом сабраліся прадстаўнікі розных устаноў, так ці інакш звязаных з інфармацыйным забеспячэннем насельніцтва: Цэнтральнай раённай бібліятэкі, раённых сродкаў масавай інфармацыі, Лідскай друкарні, Дзяржаўнага занальнага архіва, Гістарычна-мастацкага музея і інш. Удзельнікі круглага стала абмяркоўвалі пытанні эфектыўнага супрацоўніцтва ў Год культуры, абменьваліся досведам работы, дзяліліся планамі на бягучы год.

— 24 лютага 2016 г. Лідскі каледж наведалі паэты Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін. Сустрэча адбылася з нагоды святкавання Дня беларускай мовы. Двое знакамітых гасцей прыехалі на вечарыну да навучэнцаў гуманітарнага аддзялення.

— 24 лютага ў Лідскім літаратурным музеі (Домік Таўлая) прайшло пашыранае паседжанне літаб’яднання “Суквецце” пры “Лідскай газеце” з удзелам слынных беларускіх паэтаў Эдуарда Акуліна і Леаніда Дранько-Майсюка. Паседжанне мела форму літаратурнай сустрэчы — круглага стала. У першай частцы ўдзел бралі вучні Лідскага ліцэя, а ў другой — менавіта сябры “Суквецця”, лідскія паэты і празаікі, а таксама сябры ТБМ і рэдакцыі газеты “Наша слова”, чыімі стараннямі менскія творцы ў чарговы раз аказаліся на Лідчыне.

— 2 сакавіка 2016 г. Літаратурная сустрэча ў СШ № 9 г. Ліды, мабыць, завяршала двухтыднёвік роднай мовы на Лідчыне. На сустрэчу са школьнікамі прыйшлі паэты Алесь Хітрун — старшыня літаб’яднання “Суквецце”, паэт Станіслаў Суднік і бард Сяржук Чарняк — старшыня і намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ.

— 16 сакавіка 2016 г. у Доміку Таўлая прайшла прэзентацыя літаратурна-мастацкага альманаха “Ад лідскіх муроў” № 8.

— 20 красавіка 2016 г. у Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбылася літаратурная сустрэча з гарадзенскімі літаратарамі. Сустрэча прайшла ў рамках паседжання літаб’яднання “Суквецце” і была надзвычай насычанай і рознапланавай.

— 4 траўня 2016 г. у чарговы раз сваю малую радзіму — Лідчыну — наведала беларуская пісьменніца, перакладчыца, журналістка, галоўны рэдактар каталіцкіх часопісаў «Наша Вера» і «Ave Maria» Хрысціна Аляксееўна Лялько. Творчая сустрэча з ёй, арганізаваная сумесна літаратурным аб’яднаннем «Суквецце» пры рэдакцыі «Лідскай газеты» і Лідскай раённай бібліятэкай імя Янкі Купалы, адбылася ў бібліятэцы.

— 18 траўня 2016 г. літаратурная гадзіна «Ные сэрца і радасцю, і болем», прымеркаваная да 100-годдзя з дня нараджэння беларускай паэтэсы Ніны Тарас, у біяграфіі якой ёсць і лідская старонка, адбылася ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы. На імпрэзу былі запрошаны бібліятэкары Лідчыны, а таксама ўсе ахвотныя. Перад аўдыторыяй выступалі супрацоўнікі раённай бібліятэкі Дар’я Марцінкевіч і Галіна Курбыка, паэт, краязнавец, рэдактар часопіса «Лідскі летапісец» Станіслаў Суднік.

— 6 ліпеня ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы, у рамках імпрэзы «Перакрыжуй мой летуценны быт», адбыліся сустрэча з беларускай паэтэсай, перакладчыцай і літаратуразнаўцам, кандыдатам філалагічных навук Ірынай Багдановіч і прэзентацыя яе новай кнігі «Залатая горка». На мерапрыемстве прысутнічалі работнікі і наведвальнікі бібліятэкі, сябры літаратурнага аб’яднання «Суквецце» пры рэдакцыі «Лідскай газеты» і сябры лідскіх арганізацый ТБМ.Ірына Багдановіч мае лідскія карані, жыве ў Менску, працуе ў Інстытуце літаратуры Акадэміі навук Беларусі. Сёлета, 30 красавіка, яна ад-значыла свой 60-гадовы юбілей.

— 24 ліпеня 2016 г.  стала сапраўдным днём паэзіі стала ў Лідскім памежатрадзе. У рамках Года культуры памежатрад запрасіў у госці літаратараў — сяброў літаб’яднання «Суквецце» пры рэдакцыі «Лідскай газеты» і сяброў ТБМ, каб яны выступілі перад вайскоўцамі тэрміновай службы. Суквеццеўцы запрашэнне з радасцю прынялі.

— 8 жніўня 2016 г. у школьным лагеры пры Мінойтаўскай сярэдняй школе Лідскага раёна адбылася літаратурная сустрэча з паэтам Міхасём Скоблам і спявачкай Таццянай Грыневіч-Матафонавай.

— 11 жніўня 2016 г. у прышкольным летніку Мінойтаўскай СШ Лідскага раёна прайходзіў Дзень беларускай мовы і культуры. З гэтай нагоды летнік наведалі старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ГА “ТБМ імя Ф. Скарыны” паэт і краязнавец Станіслаў Суднік і яго намеснік, бард Сяржук Чарняк.

— 17 жніўня 2016 г. у Цэнтральнай лідскай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбылася прэзентацыя малітоўніка «Псалтыр» на беларускай мове. Пераклад яго выканаў грэка-каталіцкі святар айцец Аляксандр Надсан. Па словах пробашча ўніяцкай парафіі ў Лідзе, айца Андрэя Буйніча, пераклад а. Надсана сёмы па ліку ад часоў Францішка Скарыны і ўнікальны тым, што выкананы ім менавіта з грэцкай мовы.

— 10 кастрычніка ў ДУА «Сярэдняя школа № 11 г. Ліды» ў рамках Тыдня беларускай мовы і літаратуры адбылася сустрэча вучняў 11-х класаў з пісьменнікамі Лідчыны, сябрамі літаратурнага аб’яднання «Суквецце». У госці да вучняў і настаўнікаў завіталі кіраўнік літаратурнага аб’яднання Алесь Хітрун, паэтэса Ганна Рэлікоўская і лідскі бард Сяржук Чарняк.

— 1 лістапада ў рамках праграмы “500-годнасць”, якую прапводзіць кампанія “Будзьма беларусамі”, і якая прымеркавана да 500-годдзя пачатку беларускага кнігадрукавання, Лідчыну наведалі прадстаўнікі рэдакцыі інтэрнет-часопіса “Прайдзісвет” Ганна Янкута і Ігар Крэбс. Першая сустрэча адбылася ў Ганчарскай СШ Лідскага раёна. Другая сустрэча прайшла ў Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы.

— 23 лістапада 2016 г. Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы арганізавала сустрэчу з самымі вядомымі творамі Максіма Багдановіча. «І зорка гарыць, і не вяне вянок» — пад такой назвай прайшлі Лідскія літаратурна-музычныя зазімкі, падчас якіх радкі несмяротных і такіх любімых твораў беларускага класіка гучна і меладычна гучалі ў бібліятэцы.

—   11 снежня 2016 г. у гістарычна-мастацкім музеі адбыўся літаратурны вечар «Паміж небам і цішынёй», прысвечаны памяці лідскага паэта, журналіста, перакладчыка, сябра Лідскай рады ТБМ Пятра Рыгоравіча Макарэвіча.

— 4 студзеня 2017 г. у аграсядзібе «Гасціна» ў Лідскім раёне прайшла вечарына ў памяць пра гісторыка, краязнаўца, дзеяча беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віктара Ярмалковіча, 100-годдзе з дня нараджэння якога адзначалася ў гэты дзень. Да юбілею беларускага патрыёта партыяй БХД быў выпушчаны адмысловы буклет. А пра яго жыццё і дзейнасць распавёў сустаршыня Хрысціянска-дэмакратычнай партыі Павел Севярынец.

— 25 студзеня 2017 г. у Лідскай раённай бібліятэцы адзначылі 80-годдзе Уладзіміра Васько — найвыдатнага паэта Лідчыны.

— 15 сакавіка 2017 г. у Лідзе прайшла прэзентацыя кнігі сябра ТБМ Леаніда Лаўрэша “Маламажэйкаўская царква: гістарычны нарыс”.

— 1 красавіка 2017 г. прайшла літаратурная сустрэча сяброў ТБМ паэтаў Міхася Мельніка, Івана Гушчынскага і барда Сяргея Чарняка з вучнямі Ходараўскай школы.

— 19 красавіка 2017 г. у рамках чарговага паседжання літаратурнага аб’яднання «Су-квецце» пры рэдакцыі «Лідскай газеты» адбылася прэзентацыя новай кнігі аднаго са старэйшых сяброў літаб’яднання, паэта і празаіка Ўладзіміра Гаўрылавіча Васько — «Зігзагі лёсу».

— 27 траўня 2017 г. на аграсядзібе “Гасьціна” ў в. Пескі пад Лідай адбылася творчая сустрэча са слвутым беларускім артыстам, музыкам і спеваком Зміцерам Вайцюшкевічам.

— 7 чэрвеня 2017 г. у канферэнц-зале Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкi Купалы адбылася прэзентацыя новай кнігі вядомага беларускага майстра гістарычнай літаратуры Ўладзіміра Арлова «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі». Гэтая кніга — першая з задуманай пісьменнікам трылогіі па гісторыі Беларусі. Уладзімір Арлоў працаваў над ёй чатыры гады, выдатны беларускі мастак-афармляльнік Павел Татарнікаў — шэсць гадоў.

— 6 ліпеня, напярэдадні 135-х угодкаў з дня нараджэння Янкі Купалы школьны летнік у вёсцы Ваверцы Лідскага раёна наведалі слынны паэт і літаратуразнавец Міхась Скобла ды знакамітая спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава.

— 6 ліпеня Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы  цікавай імпрэзай адзначыла 135-я ўгодкі з дня нараджэння першага Народнага паэта Беларусі. Янка Купала воляй лёсу аказаўся цесна звязаным з Лідай. У імпрэзе прыняў удзел слынны беларускі паэт і, што важна, літаратуразнавец Міхась Скобла, які спецыяльна дзеля гэтай імпрэзы прыехаў з Менска. Цудоўныя песні на словы Янкі Купалы выканала Таццяна Грыневіч-Матафонава.

 

Новыя ініцыятывы.

У 2017 г. Лявон Анацка панёс беларускую мову па ўсім свеце. Ён пачаў актыўна ўдзельнічаць у марафонах.

1 ліпеня 2017 г. сябры ТБМ з Бярозаўкі, Ліды і Ёдкаўскай суполкі ўстанавілі ТБМ-аўскую альтанку на Замкавым гасцінцы і паспяхова яе трымаюць.

 

У справаздачны перыяд Станіслаў Суднік і Сяргей Чарняк былі сябрамі рэспубліканскай Рады ТБМ і рэгулярна ўдзельнічалі ў паседжаннях Рады. Станіслаў Суднік удзельнічаў ва ўсіх паседжаннях. Сяргей Чарняк прапусціў адно паседжанне.

Лявон Анацка 11 чэрвеня 2017 года абраны ў склад Гарадзенскай абласной рады ТБМ і ўжо актыўна там працуе.

Сябры ТБМ удзельнічалі таксама ў многіх мерапрыемствах рэгіянальнага і агульнанацыянальнага характару.

 

ЗАДАЧЫ НА НАСТУПНЫ ПЕРЫЯД:

— беларусізацыя адукацыі, задачы пастаянныя;

— маркіроўка і рэклама тавараў;

— захаванне нацыянальнай памяці;

— ініцыяцыя і падтымка гарадскіх і раённых праектаў (помнік Гедзіміну, ратуша, сядзібы);

— асаблівая ўвага на аднаўленне арганізацыі ТБМ Лідскага каледжа — гэта нашая будучыня;

— арганізацыйная дзейнасць па вяртанні ў традыцыйныя нашыя асяродкі (музвучэльня, тэхнічныя ліцэі, школы);

— заставацца ў прававым  полі, бо кожны выхад за межы мае негатыўныя наступствы;

— замацаваць традыцыю адзначэння Еўрапейскага дня моваў;

— заснаваць суполку ТБМ у Іўеўскім раёне і ў Радуні.

 

Бліжэйшыя мерапрыемствы:

8 верасня — Фестываль патрыятычнай песні “1514” у Песках.

15 верасня — актыўны ўдзел у арганізаваным бібліятэкай Фестывалі лідскай кнігі і прэсы;

24 верасня — актыўны ўдзел у Фестывалі песеннага фальклору памяці Земавіта Фядэцкага ў Мажэйкаве.

Выданне нясвіжскага літаратурнага альманаха “Нясвіжскі ўток” № 1.

Рэстаўрацыя народнага мемарыялу “Крыжы” паміж Малым Ольжавам і Мохавічамі.

Ініцыяваць адкрыццё праваслаўнай бібліятэкі імя Пятра Бітэля.

Ініцыяваць устаноўку падзячнага медальёна генералу Кіпрыяну Кандратовічу.

6-я Лідскія чытанні “100-годдзе адраджэння беларускай дзяржаўнасці”.

 

На завяршэнне хачу выказаць падзяку ўсім сябрам арганізацый ТБМ Лідскага краю за актыўную працу і асабліва Сяргею Чарняку, які прыняў удзел больш, чым у 50 мерапрыемствах.

 

 

Старшыня Лідскай гарадской арганізацыі

ГА “ТБМ імя Ф. Скарыны”

 

С. Суднік.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *