Абласное свята беларускай паэзіі ў Зачэпічах

Панядзелак, Кастрычнік 2, 2017 0

У вёсцы Зачэпічы Дзятлаўскага раёна ў суботу, 23 верасня, адбылося першае Гарадзенскае свята беларускай паэзіі, якое арганізавалі Гарадзенскае адддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў, ТБМ і Дзятлаўскі райвыканкам. Рэч у тым, што летась у Зачэпічах быў адкрыты мемарыяльны знак, прысвечаны тром паэтам-аднавяскоўцам Петрусю Граніту (Івану Івашэвічу), Васілю Струменю (Аляксандру Лебедзеву) і Гарасіму Праменю (Івану Пышко), якія актыўна друкаваліся ў беларускіх віленскіх выданнях былой Заходняй Беларусі. Менавіта тады было вырашана штогод восенню арганізоўваць і праводзіць у Зачэпічах свята беларускай паэзіі. Прайшоў год і першае Гарадзенскае абласное свята беларускай паэзіі завітала ў Зачэпічы. Яно прысвечана памяці паэтаў-землякоў, а таксама 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Свята адкрыў мясцовы грамадскі актывіст і краязнавец Валерый Петрыкевіч, які шмат зрабіў дзеля захавання памяці паэтаў-землякоў. У гэты дзень у Зачэпічах свае творы чыталі паэты і празаікі Міхась Скобла, Сяргей Чыгрын, Станіслаў Суднік, Мікола Канановіч, Янка Трацяк, Віктар Сазонаў і іншыя, гучалі песні на словы нашых паэтаў у выкананні бардаў Зміцера Бартосіка, Уладзіміра Хільмановіча, Сяргея Чарняка. На свята прыехалі творцы з Менска, Гародні і розных раёнаў Гарадзеншчыны. Вершы беларускіх паэтаў чыталі вучні Жукоўшчынскай базавай школы і Дзятлаўскай СШ №3.

старкдубакміхаськхільмановічкбартосіккстаршынякчарнякк

У рамках першага Гарадзенскага свята беларускай паэзіі ў вёсцы Зачэпічы Дзятлаўскага раёна ў суботу 23 верасня адзінай вуліцы ў вёсцы Зачэпічы надалі імя заходнебеларускага паэта Петруся Граніта (Івана Івашэвіча), які быў родам з гэтай вёскі. На хаце, дзе жыў паэт, старшыня Жукоўшчынскага сельскага Савета Валерый Верамейчык прымацаваў  памятную шыльду. Цяпер родная вуліца паэта Петруся Граніта стала насіць яго імя.  Нагадаем, што свае першыя вершы ў «Беларускай газеце» Пятрусь Граніт апублікаваў 10 лістапада 1933 года. Гэта былі верш «Прывітанне», у якім аўтар шчыра вітаў газету і верш «Мужыцкая восень». У 1934 годзе ў часопісе «Літаратурная старонка» (№1) Пятрусь Граніт публікуе яшчэ адзін свой верш «Каваль»:

Гэй, каваль, распальвай горын!

Будзем строіць новы плуг.

З лемяшом сталёвым, новым,

Пасля пойдзем араць луг.

І работа загудзела,

Чуцён стукат малатка.

Іскра з шумам адляцела —

Будзе плуг для мужыка.

Гне жалеза на кавадлі,

Валіць молатам каваль.

Пот цячэ, а ён заядла

Робіць із жалеза сталь…

Плуг гатоў, бяры яго ты,

Ары дзікі наш дзірвон;

І паддай другім ахвоты

Успульхняці свой загон.

 

З вёскі Зачэпічы свята ў гэты дзень пераехала ў суседнюю вёску Жукоўшчына і працягвалася ў Жукоўшчынскім Доме культуры і сельскай бібліятэцы. Яго шчыра віталі кіраўнік Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка, супрацоўнікі Дзятлаўскага райвыканкама, мясцовыя настаўнікі і бібліятэкары. Свае вершы чыталі паэты Дзятлаўшчыны, а школьнікі радавалі прысутных вершамі Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча. Юныя чытальнікі былі ўзнагароджаны кнігамі гарадзенскіх літаратараў з аўтографамі.

Аксана Фок,

Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлаўскі раён.

шундрыкк

— Kto ty jestes?

— Polak maly!

— Jaki znak twoj?

— Orzel bialy!

(З польскага.)

 

Маладзёну

(размова)

 

— Хто ты, мілы?

— Я тутэйшы,

А дакладней, беларус.

— У што верыш?

— У свае сілы,

У лёс лепшы,

У Беларусь.

— Які сцяг твой?

— Бел-чырвона-белы,

I яшчэ дзяржаўны сцяг.

Паважаць буду і смела

Несці праз жыцця прасцяг.

— Ганарыцца кім, чым трэба?

— Татам, мамай і Радзімай,

Нашай любай і адзінай.

Працай слаўнай, чыстым небам,

Тоўстым салам, смачным хлебам.

— А што скажаш ты пра мову?

— Па душы мне яе словы.

Буду ведаць дасканала,

Амаль як Колас і Купала.

— Кім стаць хочаш?

-Умельцам, знаўцам і важатым,

Кіроўцам, сябрам, добрым татам.

I Радзімы абаронцам.

Усім карысным быць пад сонцам.

Мабыць, буду пчаляром,

Як дзядзька мой Мікола,

Бо з пчолкай век мы не памром, —

Паглядзім пасля школы.

— Табе ўжо нямала год,

Ты — сапраўдны патрыёт.

Будзе больш такіх людзей —

Беларусь не прападзе.

Шчасных дзён табе й дарог.

У жыцці — толькі перамог.

Хай ва ўсім спрыяе Бог!

— Дзякуй вялікі!

Г. Шундрык,

г. Дзятлава.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *