Гучалі малітвы, вершы і песні ля крыжа

Панядзелак, Кастрычнік 9, 2017 0

У мінулую сераду, 27 верасня, праваслаўныя вернікі адзначылі свята Крыжаўзвіжання. У гэты дзень вернікі ўспаміналі, як у 326 годзе ў Іерусаліме, каля гары Галгофы, быў цудам знойдзены Крыж, на якім распялі Ісуса Хрыста.

Ужо не першы год 27 верасня ў Лідзе, па ініцыятыве настаяцеля храма Усіх Святых протаіерэя Ўладзіміра Яроміча, вечарам прыхаджане названага храма прыходзяць на святочны малебен і акафіст да праваслаўнага паклоннага крыжа, які ўстаноўлены па вуліцы Касманаўтаў, недалёка ад бальніцы. Так было і ў мінулую сераду. Цырымонію праводзіў епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый. Яго Прэасвяшчэнству саслужылі вышэйзгаданы айцец Уладзімір і клірык храма Усіх Святых іерэй Аляксандр Збераноўскі. Малебныя песнапенні выканаў хор пад кіраўніцтвам рэгента Ірыны Мухі.

Па заканчэнні богаслужэння ўладыка нагадаў прысутным, што свята Крыжаўзвіжання нагадвае людзям аб крыжы, які кожны з нас нясе па жыцці, і кожны павінен несці свой крыж годна.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Варта таксама адзначыць, што па старой традыцыі, ініцыяванай зноў жа айцом Уладзімірам, на цырымонію каля праваслаўнага крыжа былі запрошаны і сябры літаратурнага аб’яднання «Суквецце» пры рэдакцыі «Лідскай газеты» ды Лідскай гарадской арганізацыі ГА “ТБМ імя Францішка Скарыны”. Пасля богаслужэння лідскія паэты Алесь Хітрун, Таццяна Сямёнава, Марыя Масла, Вольга Верасняк, Алесь Мацулевіч прачыталі перад прысутнымі вершы духоўнага зместу, лідскі бард Сяргей Чарняк выканаў пад гітару адпаведныя святу песні на вершы лідскіх паэтаў Станіслава Судніка і Валерыя Мацулевіча. Своеасаблівы вечар духоўнай паэзіі пад адкрытым небам таксама падкрэсліваў урачыстасць свята.

У завяршэнне правячы архіерэй выказаў падзяку ўдзельнікам літаб’яднання і ўручыў ім памятныя падарункі. Сёстры Свята-Васільеўскага брацтва пры храме Усіх Святых пачаставалі ўсіх прысутных ласункамі.

Алесь МІХАЙЛОВІЧ.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *