Навіны Германіі. 80 гадоў з дня нараджэння Карла Гутшміта

Панядзелак, Кастрычнік 2, 2017 0

Карл Гутшміт (ням.: Karl Gutschmidt; 12 верасня 1937, в. Фербелін, Германія — 1 сакавіка 2012) — нямецкі славіст.

Карл Гутшміт нарадзіўся ў горадзе Фербелін. Пасля заканчэння ў 1960 г. Берлінскага ўніверсітэта імя братоў Гумбальтаў ён з 1967 г. доўгі час выкладаў там беларускую філалогію. Тады ж у часопісе «Zeitschrift fur Slavistik» з’явілася і яго першая беларусазнаўчая праца — рэцэнзія на «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы». У гэтым папулярным славістычным выданні Карлам Гутшмітам было апублікавана больш за два дзясяткі рэцэнзій і асобных аглядаў навуковых прац беларускіх лінгвістаў, сярод якіх бібліяграфічны паказальнік «Беларускае мовазнаўства», першыя штогоднікі «Беларуская лінгвістыка», асобныя нумары «Весніка БДУ», акадэмічнае выданне «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» (т. 2) І.І. Крамко, А.К. Юрэвіч і А.І. Яновіч, «Дыялектны слоўнік» П.У.  Сцяцко, «Беларуская фра-зеалогія» Ф.М. Янкоўскага і інш. Як ніхто іншы ў заходняй Еўропе, Карл Гутшміт імкнуўся шырэй і паўней прадставіць для лінгвістычнай грамадскасці набыткі беларускіх моваведаў. Менавіта дзякуючы яго публікацыям па лексікаграфіі, фразеалогіі, дыялекталогіі, стылістыцы, анамастыцы, гісторыі беларускай мовы і мовазнаўства ў еўрапейскай славістыцы сталі вядомы імёны А.І. Жураўскага, М.А. Жыдовіч, Я.М. Рамановіч, А.Я. Супруна, Л.М. Шакуна, М.Г. Булахава, П.П. Шубы і інш.

У 1976 г. вучоны абараніў доктарскую дысертацыю «Нарысы па гісторыі славянскіх нацыянальных літаратурных моў», у якой знайшлі адлюстраванне і грунтоўныя манаграфічныя даследаванні гісторыкаў беларускай літаратурнай мовы. К. Гутшміт фактычна ўпершыню даследаваў важнейшыя напрамкі развіцця сучаснай беларускай літаратурнай мовы ў параўнанні з рускай, польскай, балгарскай і сербскахарвацкай мовамі. У гэтай працы важнае значэнне надаецца ролі ўкраінскай мовы ў станаўленні слоўнікавага складу беларускай літаратурнай мовы, прасочваюцца шляхі і спосабы пранікнення балтызмаў у беларускую мову. Пры гэтым увага звяртаецца не толькі на час дзеяння гэтых працэсаў, але і аналізуецца выкарыстанне адпаведнай лексікі ў мастацкіх творах пісьменнікаў другой паловы ХІХ — першай трэці ХХ ст. (Ф. Багушэвіча, В. Дуніна-Марцінкевіча, Цёткі (А. Пашкевіч), Я. Коласа, М. Гарэцкага, З. Бядулі, К. Чорнага і інш.).

Будучы загадчы-кам аддзялення славянскіх моў секцыі славістыкі Берлінскага ўніверсітэта, Карл Гутшміт быў у ліку пер-шых арганізатараў міжнародных сустрэч беларускіх, украінскіх і іншых лінгвістаў і філолагаў з тагачасных сацыялістычных краін са сваімі заходнееўрапейскімі калегамі, садзейнічаў іх прадстаўніцтву на міжнародных навуковых канферэнцыях, славістычных кангрэсах. Дарэчы, на большасці Міжнародных з’ездаў славістаў, пачынаючы з Варшаўскага ў 1973 г., ён нязменна выступаў з дакладамі па беларусазнаўчай праблематыцы.

Працуючы над доктарскай дысертацыяй, Карл Гутшміт трымаў у полі зроку не толькі пытанні, звязаныя са станам функцыянавання бела-рускай літаратурнай мовы ў другой палове ХХ ст. Важнае значэнне ён надаваў праблемам сінхроннага і дыяхроннага даследавання беларускай і іншых усходнеславянскіх моў, аб чым сведчаць такія яго артыкулы, як «Стан і значэнне дыяхроннага даследавання ў Беларускай ССР», «Даследаванне ўсходнеславянскіх моў у дыяхронным аспекце», «Балтыйскія даследаванні ў Беларускай ССР» і інш.

Нямецкі славіст быў адным з тых, хто на канферэнцыі летам 1990 г. у Варшаве падтрымаў ідэю аб стварэнні Міжнароднага згуртавання беларусістаў. Як успамінае Адам Мальдзіс, «у выніку кансультацый з вучонымі розных краін было склікана арганізацыйнае пасяджэнне… пасля доўгіх і часта напружаных спрэчак была прынята «Дэкларацыя аб утварэнні Міжнароднага згуртавання беларусістаў» і выбраны яго арганізацыйны камітэт». У спісе тых, хто стаяў ля вытокаў сённяшняй Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, ёсць і імя Карла Гутшміта, які на працягу многіх гадоў уваходзіў у склад камітэта МАБ, спрыяў пашырэнню кан-тактаў паміж філолагамі Беларусі і замежжа.

З распадам СССР, утварэннем суверэннай беларускай дзяржавы, ускладненнем моўнай сітуацыі ў постсацыялістычных краінах паступова сталі мяняцца напрамкі навуковых зацікаўленняў нямецкага славіста. Усё часцей і часцей у яго навуковых публікацыях адчуваецца непрыхаваная трывога за лёс асобных еўрапейскіх моў, у тым ліку і беларускай. Менавіта роздум аб далейшым развіцці ўсходнееўрапейскіх моў стаў стрыжнем зборніка яго навуковых прац «Моўная палітыка і літаратурныя мовы ва Ўсходняй Еўропе ў другой палове ХІХ — пачатку ХХ ст.», артыкула «Славянскія мовы ў аб’яднанай Еўропе». У названым артыкуле Карл Гут-шміт адзначае, што «беларуская мова — адзіная ў славянскай прасторы, якая ўжываецца як дзяржаўная яшчэ з адной мовай рускай… што выразна сведчыць пра тэндэнцыю ў кірунку да С-мовы, якая абслугоўвае толькі пэўныя сферы камунікацыі». Тым не менш, нягледзячы на англамоўнае еўрапейскае асяроддзе ва ўмовах так званай глабалізацыі, нацыянальныя мовы Еўропы (ў тым ліку і славянскія), на думку лінгвіста, «не павінны абмежавацца роллю другасных моў, таму што мовы з’яўляюцца не толькі сродкамі камунікацыі, але і выканаўцамі сімвалічнай функцыі: «Аналіз пост- камуністычнай эпохі сведчыць пра паступовае пераадоленне моўна-ідэалагічнага расколу Еўропы, і ў сённяшняй шматмоўнай Еўропе значна большую ролю, чым дагэтуль, будуць выконваць славянскія мовы». Як лічыць Карл Гутшміт, «вывучэнне і ўжыванне славянскіх моў неабходныя і карысныя як у агульнаеўрапейскім кантэксце, так і ў сувязі з кантактаваннем асобных краін, цэлых рэгіёнаў Еўропы і іх жыхароў«.

Падчас працы ў 1991 г. у бібліятэцы Семінара славянскай філалогіі Гамбургскага ўніверсітэта Карл Гутшміт выпадкова знайшоў рукапісную беларускую граматыку (70 старонак вялікага фармату), якую ў 1916 г. напісаў Антон Луцкевіч, калі ў 1915-1916 гг. у Вільні вёў заняткі па беларускай мове з будучымі настаўнікамі беларускіх школ. Напісаная на лацінцы першая частка граматыкі Антона Луцкевіча, як відаць, была створана на два гады раней за вядомую працу Браніслава Тарашкевіча. Адкрыццё К. Гутшміта дазволіла істотна ўдакладніць гісторыю стварэння першых беларускіх вучэбных дапаможнікаў для школ. На вялікі жаль, сам аўтар знаходкі ў апошнія гады жыцця не мог з-за хваробы падрыхтаваць і выдаць працу А. Луцкевіча, аднак ёсць надзея, што ў хуткім часе гэта зможа зрабіць Герман Бідэр, якому Карл Гутшміт перадаў свае рукапісы.

У творчай спадчыне Карла Гутшміта налічваецца некалькі дзясяткаў беларусазнаўчых прац, ёсць і такія, што яшчэ чакаюць свайго даследчыка, які б змог іх увесці ў шырокі навуковы кантэкст. Адной з бліжэйшых задач беларускіх славістаў павінна стаць падрыхтоўка зборніка выбраных даследаванняў нямецкага лінгвіста, які на працягу амаль 45 гадоў нястомна вывучаў розныя аспекты стану і функцыянавання беларускай мовы, імкнуўся аб’ектыўна і па-навуковаму строга ацаніць здабыткі і страты адной з найстаражытнейшых еўрапейскіх моў.

М.Р. Прыгодзіч.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *