Цёплыя вечары… … ды халодныя ранкі

Панядзелак, Кастрычнік 2, 2017 0

Трэба сказаць, што ўсе мерапрыемствы традыцыйнай культуры, што ладзяцца ў нас на Лідчыне, праходзяць вельмі душэўна і шчыра. Не выключэнне і адкрыты рэгіянальны фестываль песеннага фальклору памяці Земавіта Фядэцкага «Цёплыя вечары… ды халодныя ранкі…», які прайшоў у мінулыя выхадныя ў філіяле «Мажэйкаўскі Дом культуры» ДУ «Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці».

каханачкак банерк

Земавіт Фядэцкі нарадзіўся 22 жніўня ў 1923 у маёнтку Лебяда, непадалёк Мажэйкава. У цяжкія часіны вайны жыў у вёсцы Феліксава,  у сям’і свайго сябра Ўладзіміра Мальца. Ён працаваў з ім у полі, дапамагаў будаваць новую хату, хадзіў на вячоркі, на вяселлі, на талокі, на хрысціны і на хаўтуры, дужаўся з хлопцамі на ігрышчах, танцаваў з паненкамі на вечарынах, а потым запісваў у сшытак песні феліксаўскіх сялян, не ведаючы, ці будзе з гэтага запісу нейкі спажытак і ці здолее ў будучым надрукаваць свой зборнік.

Зборнік гэтых песень пад назвай «Цёплыя вечары …..ды халодныя ранкі, czyli co spiewano w Fieliksowie» выйшаў 1992 годзе і дайшоў да Новай Зеландыі, а ў Італіі яго назвалі «Песні Атлантыды».

вядоўцыкпралогк

Рэпертуар удзельнікаў самы разнастайны:вясельныя, зажыначныя, дажыначныя, вя-лікодныя, калядныя. Удзельнікі дарослай катэгорыі выконвалі песні са сборніка Земавіта Фядэцкага, а вось носьбіты выконвалі песні, якія спявалі ў маладосці і пачутыя яшчэ ад сваіх матуль і бабуль. Сталі пераможцамі ў сваёй катэгорыі носьбіты самага шаноўнага ўзросту: Яніна Браніславаўна Буткевіч (87 год) з вёскі Бялевічы — лаўрэат III ступені, Яніна Іванаўна Руцкая з аграгарадка Крупава (89 год) — лаўрэт II ступені, Станіслава Іванаўна Грабліс з аграгарад-ка Дзітва (78 год) — лаўрэат I ступені, а таксама лаўрэтам I ступені стаў фальклорны гурт «Вавярэск» з Ваверскага Дома культуры.

У дарослай катэгорыі лаўрэатам III ступені сталі гаспадары — ансамбль бытавых інструментаў «Каханачка» з Мажэйкава, лаўрэатам II ступені — фальклорны гурт «Талер» аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, лаўрэатам I ступені стала Алеся Ярунічава з агргарадка Ёдкі, Алеся яшчэ атрымала і прыз глядацкіх сімпатый.

дзеўкак

Пранікнёна выканалі пралог да фестывалю акцёры народнага тэатра “Бераг” з Мінойтаў. І не менш бліскуча вялі фестываль акторка Лідскага народнага тэатра Тамара Зенюкевіч і кіраўнік гурта “Гудскі гармонік” Андрэй Колышка.

Трэба адзначыць, што ні адзін мастацкі калектыў, хто выконвае народныя песні ў апрацоўцы ці пад сучасны акампанемент на фестываль дапушчаны не быў.

Напрыканцы хочацца сказаць, што ў прадмове да зборніка песень Земавіт Фядэцкі пісаў: «Я і сам буду загляд-ваць у свой зборнік, услухоўвацца ў словы і ноты, каб яшчэ раз  убачыць Беларусь, каторую я пакахаў з маленства, гэтую цудоўную старонку, сумную і вясёлую, што грае і пяе быццам яе нехта гукамі апырскаў”.

Трэба дадаць і наступнае: Земавіт Фядэцкі памёр 8 студзеня 2009 года, а ўжо ўсяго праз 8 гадоў, сёлета ў 2017 годзе быў заснаваны фестываль ягонай памяці. Такое адбываецца з нямногімі вялікімі. (Скажам, першы фестываль памяці У. Высоцкага прайшоў у Беларусі праз 35 гадоў пасля смерці). Для гэтага трэба мець вялікія заслугі або перад мастацтвам ці культурай, або перад народам. Маленькая кніжачка з сабранымі песнямі адной вёскі наўрад бы ці заважыла на такую вялікую заслугу перад культурай. Значыць, тут асноўная заслуга перад народам, перад грамадствам, перад тымі людзьмі, якія тут жылі некалі і жывуць цяпер.

Некалі на ровары маладога паніча Зёмака Фядэцкага навучылася ездзіць моладзь некалькіх навакольных вёсак. І гэта таксама памяталі ўсе, пакуль жылі. Земавіт Фядэцкі хаваў рукапіс гэтых песень амаль 50 гадоў у ваенны час, у час працы ў амбасадзе Польшчы ў Маскве, потым на розных кватэрах у Варшаве, як быццам не было нічога больш каштоўнага, што варта было б схаваць ці вазіць з сабою і праз вайну, і праз паваенную разруху, і праз варшаўскі побыт, такі далёкі ад страчанай, як падавалася, навек Беларусі, у якую ён і прыехаць ужо не спадзяваўся. За ўсім гэтым відна вялікая любоў Земавіта Фядэцкага да радзімы, і радзіма адказала яму такой жа любоўю, як ува ўсіх добрых людзей быць павінна.

Вялікі дзякуй спонсарам мерапрыемства: Дому гандлю, асабіста кіраўніку- Валерыю Генрыхавічу Касяку, лідскаму хлебазаводу-кіраўнік Лявон Лявонавіч Кулік і ЛРСУП «Мажэйкава» — кіраўнік Роўба Пётр Феліксавіч. У куточках фестывальных банераў сціпла прымясціўся лагатып газеты “Наша слова”. Гэта значыць, што і газета спрычынілася да падрыхтоўкі фестывалю.

нашак

Наш фестываль стаў доказам любові кожнага ўдзельніка да народнай песні, да сваёй маленькай радзімы, да Бацькаўшчыны, доказам таго, што мы пачалі вучыцца памятаць сваіх продкаў і іхнія заслугі перад краінай і народам.

Ганна Некраш,

вядучы метадыст ДУ «Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *