Народны мемарыял невядомых паўстанцаў

Панядзелак, Лістапад 13, 2017 0

Увесь кастрычнік ішла рэстаўрацыя крыжоў паміж вёскамі Малое Ольжава і Мохавічы ў Лідскім раёне (былы фальварак Шчытнікі). Мемарыял паўстання ўзнік тут у канцы 20-х гадоў ХХ стагоддзя. Вось што пісала газета “Лідскае жыццё” (укладыш у “Наваградскае жыццё”) 9 жніўня 1928 года:

“Ушанаванне палеглых у 1863 годзе.

Дня 5 жніўня ў Шчытніках Тарноўскай гміны адбылося ўрачыстае асвячэнне магілы палеглых герояў, удзельнікаў баёў 1863 года.

Крыж і надмагільны камень зафундаваў вайсковы асаднік п. Кілінскі. Яго стараннем пры дапамозе асаднікаў п. Бердаўскага і палкоўніка Ардылоўскага была арганізавана ўрачыстасць.  

Прыгожую і ўзнёслую прамову сказаў ксёндз Гародка, звяртаючыся да баёў 1863-64 гадоў. 

Ва ўрачыстасці брала чынны ўдзе люднасць, мясцовая Белагрудская школа са сваёй харцэрскай дружынай і дзятва з Горнага Шлёнска, якая прыбыла ў Белагруду ў летні лагер.” 

Той крыж прастаяў да канца 90-х гадоў, на ім была пазначана дата: 1925 год, і старыя людзі апавядалі пра камяні з надпісамі, якія пры саветах патапілі ў балоце, і месца паказалі. Такім чынам можна лічыць, што першы крыж на магілах паўстанцаў паміж Ма-лым Ольжавам і Мохавічамі, каля якога былі пастаўленыя новыя крыжы ў 1995 годзе, быў пастаўлены ў 1925 годзе, а надмагільны камень, якога няма — у 1928 годзе. Аўтэнтычны камень 1863 года захаваўся на адной з магіл праз усе часы і ўлады. (Леанід Лаўрэш. Лідчына ў 1924 — 1929 гг. у люстэрку прэсы. Лідскі летапісец № 70, ст. 34). 

Таму падчас рэстаўрацыі крыжоў узнікла ідэя вярнуць на месца і камень, але знайсці аўтэнтычны ўжо немагчыма, таму вырашылі зрабіць новы. На камені напісалі: “Невядомым паўстанцам 1863”.

каменьк

Але чаму невядомым? Бо дагэтуль няма ніякіх звестак пра тое, хто тут пахаваны. Можна выказаць толькі версію.

Фальварак Шчытнікі з часткай Ольжаўскай пушчы да 1863 г. належаў Канстанціну Кашыцу, які паўстанцкім урадам быў прызначаны цыві-льным начальнікам Наваградскага павета. У якасці камісара з Вільні сюды быў накіраваны У. Борзабагаты з крайне левымі поглядамі. Таму адразу ўзніклі буйныя рознагалоссі паміж Кашыцам і Борзабагатым. Борзабагаты са сваім аддзелам дзейнічаў у асноўным у раёне Налібокаў. Пра баі на захадзе павета — цішыня. Арыштаваны Кашыц выкручваўся, як мог, валіў усё на Борзабагатага, з-за чаго не трапіў у спіс тых герояў, якія на допытах прамаўлялі патрыятычныя лозунгі. Потым Кашыц шкадаваў пра гэта, але на той момант, адмаўляючы свой актыўны ўдзел у паўстанні, не назваў ні адной сваёй бітвы і нічога не сказаў пра тое, які аддзел знайшоў прытулак у яго фальварку Шчытнікі і хто хаваў забітых і памерлых у Ольжаўскай пушчы. Аднак, лагічна меркаваць, што гэта быў разбіты аддзел Наваградскага павета, які перайшоў Нёман, каб схавацца ад пераследу, і прывёў яго ў Шчытнікі, калі не сам Кашыц, то нейкі яго чалавек…

кашыцк

Што ж, пакуль надпіс “Невядомым паўстанцам” адпавядае ўзроўню нашых ведаў пра тыя падзеі.

Першым з высокапастаўленых беларускіх асобаў мемарыял наведаў 3 лістапада намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, які  ў памінальную дзядоўскую суботу запаліў тут адвечны беларускі зніч.

янукевічк

Будзе спадзявацца, што неўзабаве гэтае месца атрымае статус памятнай мясціны.

Яраслаў Грынкевіч.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *