Навіны Германіі. ВЫСТАВА «МЯЖА»

Аўторак, Лістапад 7, 2017 0

Дзе канчаецца Еўропа і дзе пачынаецца Азія? На што ўплываюць межы і хто іх праводзіць? Вось асноўныя пытанні новага выстаўнага праекту Гётэ-Інстытута «Мяжа». Удзельнікі выставы — маладыя мастакі з 16-ці гарадоў 11-ці краін Еўропы і Азіі. Выстава да 6 лістапада працуе ў Менску ў Культ.цэнтры KORPUS.

«Мяжа» — выстаўны праект Гётэ-Інстытута, які па-казваўся ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Краснаярску, Кіеве, Тбілісі, Менску, Дортмундзе, а таксама ў Цэнтральнай Азіі. Куратары праекту — Інку Арнс і Тыбо дэ Ройтэр. Пры сяброўскай падтрымцы Міністэрства замежных спраў Германіі.

Праект «Мяжа» даследуе і аналізуе межы і іх узнікненне ў самых розных формах: як тэрытарыяльныя межы, культурныя, асабістыя ці сацыяльныя бар’еры, як прылада, якая адлучае «нас» ад «іншых. «Чырвонай лініяй» пры гэтым служыць геаграфічная і куль-турная мяжа паміж Еўропай і Азіяй і немагчымасць знайсці цэнтр Еўропы. Больш за 20 мастакоў з розных краін свету інтэрпрэтуюць тэму мяжы. Астрыд Везе, кіраўнік аддзела культурных праграм Гётэ-Інстытута ў Маскве адзначае:

— Наша мэта — спрыяць самаму рознабаковаму даследаванню працэсаў, матываў і прычынаў узнікнення межаў.

У выставе ўдзельнічаюць: Уміда Ахмедава і Алег Карпаў (Ташкент, Узбекістан), Аліса Бергер (Кёльн, Германія), Вірон Эрол Верт (Берлін, Германія), Айтэгін Джумаліеў (Бішкек, Кыргызтан), Наталля Дзю (Алматы, Казахстан), Саўле Дюсенбіна (Алматы, Казахстан), Анастасія Жыўкава (Кіеў, Украіна), Вольга Жытліна (Санкт-Пецярбург, Расія), Каця Ісаева (Масква, Расія), Антон Карманаў (Новасібірск, Расія), Аліна Копіца (Кіеў, Украіна), «Куды бягуць сабакі» (Екацярынбург, Расія), Гайша Маданава (Алматы, Казахстан / Мюнхен, Германія), Таўс Махачава (Масква, Расія), Элеанор дэ Монтэск’ю (Берлін, Германія), Станіслаў Муха (Берлін, Германія), Гамлет Аўсяпян (Ашнак, Арменія), Марат Райымкулаў (Бішкек, Кыргызстан), Ала і Аляксей Румянцавы (Душанбэ, Таджыкістан), «Хінкалі Джус» (Грузія), Аляксандр Угай (Алматы, Казахстан), Фархад Фарзаліеў (Баку, Азербайджан), Сяргей Шабохін (Менск, Беларусь).

У фокусе праекту — маладое пакаленне мастакоў.

 

Беларускі мастак Сяргей Шабохін прадставіў на выставе сваю ўстаноўку «Мы суровыя спажыўцы культурных рэвалюцый». Каментуючы сваю працу на выставе, Сяргей Шабохін адзначыў:

— Мой унёсак у экспазіцыю выяўлены творам-лозунгам, створаным з неону. Гэта надпіс WEASTERN CON-SUMERS OF CULTURAL REVOLUTIONS, дзе ў першым слове напераменку змяняюцца літары W і A, а, такім чынам, лозунг можна перавесці як «Заходнія/усходнія спажыўцы культурных рэвалюцый». Гэты неон з’яўляецца часткай крытычнага і даследчага праекту, які разглядае кардынальна адрознае стаўленне да спадчыны віцебскага авангарду ў Заходняй і Ўсходняй Еўропе на прыкладзе заняпаду, разбурэння, падыходу да рэстаўрацыі і планавання музея ў будынку, дзе ў 1920-я гады працавала група УНАВІС у Віцебску. У праекце я крытыкую стваральнікаў будучага музея. Праект у тым ліку фіксуе тое, як досвед супрэматыстаў быў паступова адпрэчаны ў Беларусі, але стаў асімілявацца на Захадзе, дзе атрымаў прызнанне і паўплываў на дызайн, а сёння вяртаецца ў гарадскую прастору Віцебску ў выглядзе рэкламы тавараў спажывання.

www.goethe.de.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *