Выкарыстоўваць усе магчымасці, каб беларуская мова стала рэальна дзяржаўнай

Аўторак, Лістапад 7, 2017 0

29 кастрычніка ў адукацыйным цэнтры Ёханеса Раў у Менску адбыўся XIII справаздачна-выбарчы з’езд ГА «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны». Наша грамадская арганізацыя, якая абараняе родную мову як нацыянальную каштоўнасць, сёння налічвае 6400 сяброў у розных рэгіёнах краіны і цягам году мае свайго прадстаўніка ў Парламенце Рэспублікі Беларусь. Актыўнымі сябрамі ТБМ з’яўляюцца пісьменнікі, выкладчыкі беларускай мовы школ і ВНУ краіны, прафесура сталічных і рэгіянальных універсітэтаў, вучоныя, мастакі і іншыя прадстаўнікі нацыянальнай інтэлігенцыі. XIII з’езд ушанавалі сваёй прысутнасцю і выступленнямі амбасадар Украіны Ігар Кізім і амбасадар Чэхіі Мілан Экерт. Падтрымку дэлегатам з’езду выказаў старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Даслаў пісьмовае вітанне Роберт Райлі, Павераны ў справах Злучаных Штатаў Амерыкі ў Рэспубліцы Бела-русь.

трусаўкзалак

На працягу 19 гадоў арганізацыю узначальваў кандыдат гістарычных навук Алег Анатольевіч Трусаў, які пераняў паходню любові да роднага слова ад слынных паэтаў- Ніла Гілевіча і Генадзя Бураўкіна. 29 кастрычніка ён перадаў свае паўнамоцтвы спадарыні Алене Анісім, якая была абрана большасцю галасоў дэлегатаў з’езда. Сябры ТБМ падзякавалі Алегу Трусаву за шматгадовую плённую дзейнасць і пакінулі за ім тытул ганаровага старшыні.

— Наша Гарадзенская суполка ТБМ вылучала тры кандыдатуры: Лявона Баршчэўскага, Уладзіміра Коласа і Алену Анісім. Я даўно ведаю спадарыню Алену, бо яна — мая зямлячка, мы паходзім з ёй з адной мясцовасці,- сказаў прафесар Аляксей Пяткевіч, які выкладае ў Гарадзенскім універсітэце цягам 40 гадоў. — Гэта яркая індывідуальнасць нацыянальна стойкага характару. Ёй уласціва здольнасць паспяхова рабіць канкрэтную справу. Яна бяспяпрэчна заслугоўвае павагі.

аленаккраўчанкак

— На канферэнцыі Віцебскай арганізацыі мы вырашылі, што прызначыць Алену Анісім новай старшынёй вельмі слушна, бо спалучэнне досведу кіраўніцтва ТБМ і дэпутацкай дзейнасці — добрая магчымасць, каб унесці яшчэ большы ўклад у развіццё беларускай мовы. Яна будзе выкарыстоўваць сваю палітычную вагу ў справе распаўсюду беларускай мовы, — адзначыў былы супрацоўнік Віцебскага педынстытута імя Машэрава Анатоль Родзік.

— Што датычыць планаў на будучыню, мы будзем працягваць нашу правабарончую дзейнасць, каб адстойваць правы на родную мову, запісаныя ў Канстытуцыі, — адзначыла па абранні яе на пасаду старшыні ТБМ Алена Анісім.- Будзем прыкладаць свае намаганні на пашырэнні ўжытку беларускай мовы ў сферы адукацыі, сферы інфармацыі і заканадаўства. Мы будзем працаваць з бацькамі, каб павялічыць колькасць беларускіх класаў, і з настаўнікамі, каб у нас былі годныя кадры. Будзем працаваць і з бізнес-структурамі, якія сёння прыхільна ставяцца да беларускай мовы, будзем супрацоўнічаць з Міністэрствам культуры, выкарыстоўваць усе магчымасці, каб беларуская мова стала дзяржаўнай. Мова — наша нематэрыяльная каштоўнасць.

Першым намеснікам старшыні ТБМ абраны спадар Уладзімір Колас, кіраўнік беларускага Нацыянальнага ліцэя, які ўзначальвае Раду беларускай інтэлігенцыі. Пасады яшчэ трох намеснікаў занялі Дзяніс Тушынскі, Аляксандр Давідовіч і Станіслаў Суднік.

— У сферы культуры мы можам дабіцца шмат шляхам перамоваў з прадстаўнікамі дзяржаўных структур, — выказаўся на з’ездзе Рыгор Сямёнавіч Сініца. — У Менску нашымі намаганнямі каля ратушы паўстаў войт з граматай Магдэбурскага права, а ў Віцебску — помнік князю Альгерду, нядаўна паўсталі помнікі С. Манюшку і В. Дуніну- Марцінкевічу. — Мы вядзем пера-мовы з мэрам пра помнік Глебу Менскаму. Трэба разумна даводзіць свае прапановы прадстаўнікам улады і пераконваць людзей у дзяржаўных кабінетах. Беларус мусіць быць тале-рантным і ахайным, быць прыкладам паводзін у знешнім выглядзе, ён не мае права з’яўляцца на публіцы нецвярозым, і тады мы зможам дамагчыся сваіх мэтаў! — падкрэсліў старшыня Беларускага саюза мастакоў і сябар ТБМ.

Значным было на з’едзе выступленне першага міністра замежных спраў незалежнай Беларусі Пятра Кузьміча Краўчанкі, які стаяў ля вытокаў стварэння ТБМ у 1989 годзе, працаваў у Вярхоўным Савеце 12 і 13 склікання, і  з’яўляецца сябрам Рады ТБМ. Сёння ён працуе ў Міжнародным фондзе імя Міхала Клеафаса Агінскага. Сёлета ён арганізаваў паездку 30 сяброў ТБМ у Падую, Фларэнцыю, Рым.

— Мы павінны прыкла-сці намаганні, каб наша мова рэальна стала дзяржаўнай, — адзначыў Пётр Краўчанка.- Сябры ТБМ усюды павінны паказваць сваю інтэлігентнасць і шляхетнасць, быць добразычлівымі і адмовіцца ад рэзкай крытыкі, шукаць кампрамісы і дэманстраваць узаемную павагу.

Свае прапановы з’езду выказаў прафесар Мікалай Іванавіч Савіцкі.

Прадстаўнікі маладога пакалення ТБМ засведчылі пра сваё жаданне актыўна працаваць далей.

— Мы запрашаем у Магілёў цікавых харызматычных асобаў: Эдуарда Акуліна, Леаніда Дранько-Майсюка,  Алеся Краўцэвіча, — распавёў Алег Дзьячкоў. Ён ўзняў пытанне захавання літаратурных музеяў Максіма Гарэцкага ў Малой Багацькаўцы і Алеся Адамовіча, і заклікаў усіх сяброў ТБМ наведаць гэтыя музеі.

— Мы пачыналі адстойваць свае моўныя правы яшчэ ў школе, калі патрабавалі дзённікі  і падручнікі на беларускай мове, — сказаў Кірыл Шык з Фрунзенскай арганізацыі Менска. — Да дзейнасці ў ТБМ нас заахвоціў выкладчык Алесь Чэчат. Моладзь нашага раёна нядаўна праводзіла флэш-мобы ў падтрымку беларускіх выданняў: «Сфатаграфуйся з беларускай кнігай», » Сфатаграфуйся з газетай «Наша слова». Актыўную дзейнасць для дзетак і маладых бацькоў вядзе ў Гомелі Алеся Аўласевіч.

— Мы мусім не толькі гаварыць, але і спяваць па-беларуску,- падкрэсліў сябра Лідскай арганізацыі ТБМ бард Сяржук Чарняк. Як народ спявае, так ён і працуе!

С. Чарняк выканаў песні на вершы Максіма Багдановіча і Лявона Вольскага.

гарадзенцык

З’езд ТБМ прыняў дзве рэзалюцыі — пра неабходнасць беларускамоўнай вышэйшай адукацыі і пра тое, каб Парламент прымаў законы адразу ў дзвюх версіях: рускай і беларускай, і тры пастановы: «Аб унясенні ў парадак дня сесіі Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь законапраекту «Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы», «Аб за-снаванні электроннай версіі газеты «Наша слова», «Аб ініцыяванні прыватнай беларускамоўнай адукацыі». Рэдактарам газеты «Наша слова» пераабраны Станіслаў Вацлававіч Суднік.

— Важна захаваць штотыднёвік, які сведчыць пра дзейнасць арганізацыі, — адзначыў ён.

На з’ездзе абмяркоўвалася перспектыва стварэння электроннага варыянту газеты » Наша слова».

Эла Оліна.

Здымкі С. Судніка.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *