«І д ы л і і»

Серада, Снежань 27, 2017 0

Нясвіжская «талака» зладзіла свой каляндар

Усе дванаццаць старонак выдання аддадзены творам Хведара Вініцкага, малавядомага самадзейнага мастака першай паловы мінулага стагоддзя, які «дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся». Родам з вёскі Малева, што пад Нясвіжам, Хведар Аляксеевіч пэўны час настаўнічаў, але ў рэшце рэшт мусіў перайсці на творчы хлеб — маляваў што для сябе, што для вясковых інтэр’ераў, зрэдчас аддаваўся іканатворчасці, вобразам святых. Застацца ў школе яму перашкодзіла савецкая ўлада. Настаўнік размаўляў заўсёды па-беларуску, ва ўсім трымаўся патрыётам, а да ўсяго быў родным братам Алеся Вініцкага, выбітнага асветніка, беларускага дзеяча на выгнанні, сябра Рады БНР… У календары штомесяц падаюцца ўспаміны вучняў, родных і аднавяскоўцаў мастака.

каляндарк

Ідэя календара належыць педагогу і краязнаўцу Наталлі Плаксе. Выступаючы на сустрэчы-прэзентацыі, яна не ўтойвала прыемных эмоцый ад таго, што зрабіць каляндар удалося мясцовай талакой, сваімі сіламі і сродкамі.

— Пра задуму я сказала сяброўкам, з якімі працавала ў адной школе, а во, назаўтра яны ўжо нясуць грошы! — падзялілася спадарыня Наталля. — І так пайшло. Прынцып, хто кла-дзе грошы, той пасля атрымлівае каляндар, цалкам аказаўся прымальны. Людзі нават дзякавалі, мелі за гонар, што іх запрасілі ў складкі. Улетку асобнік з 14-ці старонак фармату А-3 пацягнуў на 10 рублёў. Сталічны фотасалон «Хуткі прынт» даў неблагія зніжкі. Сёння, хто не набыў, набывае за 12. Бо наша талакоўская каса ўжо працуе на наступны каляндар, які, меркавана, будзе прысвечаны выбітным землякам Уладзіміру Жылку ці Новіку-Пяюну… Наогул, тэм і задум хапае — і ў плане краязнаўства, і нашай пейзажнай спадчыны, і юбілейныя даты надыходзяць. Усё вымушае водгуку, каляндарнай рэакцыі, грамадскага руху і клопату.

залак

Дарэчы, і каляндар-2018 можна назваць юбілейным. Сакавіцкая старонка пазначана выразнай 100-гадовай датай БНР, а большая частка накладу мае адмысловае прысвя-чэнне на першай старонцы.

Ад звыклай назвы мерапрыемства арганізатары свядома адышлі: слова «прэзентацыя» лёгка перайшло ў «каляндарнае свята», якое назвалі «За колам дзён», а прысутных, пераважна ўдзельнікаў праекту, называлі сябрамі календара.

— На наша запрашэнне, — кажа Наталля, — прыйшлі і прыехалі родныя Хведара Вініцкага, ягоныя аднавяскоўцы. Сабралася надзвычай зычлівая публіка, каб разам засведчыць свой поспех, абмеркаваць магчымасці ды вызначыцца на будучыню. Вельмі рады, што завіталі да нас Станіслаў Суднік, які родам з Нясвіжчыны, знаны археолаг, прафесар Міхаіл Гурын, мясцовы літаратар і перакладчык Уладзімір Бруй.

 

На мультымедыйным экране падчас сустрэчы дэманстраваліся да-кументы і фотаздымкі Хв. Вініцкага, якія пракаментавала ўнучатая пля-менніца мастака Валянціна Шчарбакова, мелодыяй лёсу гучала песня С. Новіка-Пяюна «Зорачкі».

«Ідыліі» надрукаваны ў каляндарнай серыі «Маляўнічая Бацькаўшчына», якую заснаваў у 2001 годзе публіцыст-эколаг Валер Дранчук.

— Гэта чатырнаццаты каляндар нашай серыі, — кажа Валер. —  Я вельмі задаволены, што бюджэт і маркетынг выдання заснаваны на грамадскай фундацыі — «захацелі і выдалі», што валявы пачатак цалкам належыць людзям, якія любяць сваю вёску і берагуць яе славу. Чым мог, паспрыяў і я.

Валянціна Холадава,

Новы Свержань — Нясвіж.

 

На здымках:1. Каляндар “Ідыліі”; 2. Сакавіцкая старонка календара; 3. Валер Дранчук і Наталля Плакса; 4. Падчас імпрэзы.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *