І плыве яе радок, і звініць яе слова

Панядзелак, Снежань 4, 2017 0

22 лістапада ў канферэнц-зале Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы прайшлі літаратурна-музычныя зазімкі «І плыве твой радок, і звініць тваё слова», прысвечаныя творчасці беларускай паэтэсы Дануты Бічэль, якая зусім хутка адзначыць свой 80-гадовы юбілей. На сустрэчу з Данутай Янаўнай былі запрошаны сябры літаратурнага аб’яднання «Суквецце» пры рэдакцыі «Лідскай газеты», а таксама вучні сярэдняй школы № 1. Вядоўцай імпрэзы была бібліёграф Галіна Курбыка.

залак

Данута Янаўна Бічэль — паэтэса, літаратуразнаўца, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Купалы (1984). Яна наша зямлячка, бо нарадзілася ў вёсцы Біскупцы, што на Лідчыне. Была стваральніцай Дома-музея Максіма Багдановіча ў Гародні, доўгі час працавала ў гэтым музеі, некалькі гадоў з’яўлялася яго дырэктарам. Аўтар мноства зборнікаў паэзіі, дзвюх кніг прозы, праявіла сябе і як дзіцячая пісьменніца. Многія вершы паэтэсы змешчаны ў школьных падручніках, пакладзены на музыку. Асобнае месца ў яе творчасці займае духоўная паэзія: вершы-малітвы, вершы-медытацыі і г. д. Як і яшчэ адна наша зямлячка, Хрысціна Лялько, Данута Бічэль з’яўляецца найярчэйшай прадстаўніцай беларускамоўнай духоўнай літаратуры. У мінулым годзе ў серыі «Беларускі кнігазбор» выйшла кніга выбраных вершаў паэтэсы. Данута Бічэль стала першай (і пакуль адзінай) нашай зямлячкай (г. зн. ураджэнкай Лідчыны), чые творы выдадзены ў «Беларускім кнігазборы».

Як прызналася Данута Янаўна, у апошні час яна рэдка выступае перад аўдыторыяй. Даўно, гадоў пяць, не прыязджала яна з Гародні на Лідчыну — сваю малую радзіму. Кожны раз прыязджае сюды з вялікай радасцю: на Лідскай зямлі прайшлі яе дзіцячыя і юнацкія гады, менавіта Лідчына дала ёй натхненне для першых спроб пяра. З цеплынёй і замілаваннем расказвала паэтэса ў час імпрэзы аб сваім дзяцінстве, праведзеным ля берагоў рэчкі Гаўі, аб гадах вучобы ў Лідскім педагагічным вучылішчы.

— Ліда — першы горад у маім жыцці, — гаварыла Данута Бічэль. — Сюды я дабіралася з вёскі басіком, праз балоцістую мясцовасць, у Лідзейцы мыла ногі. У тыя гады Ліда была для мяне, вясковай дзяўчынкі, цудоўнай краінай, дзе мяне вучылі ўсяму… Памятаю, да нас, першакурсніц, прыязджаў Кандрат Крапіва. Паслухаўшы мае вершы (многія ў юнацтве спрабуюць пісаць вершы), вядомы пісьменнік параіў даслаць іх у «Вожык». У «Вожык» я тады вершы не даслала (мабыць, саромелася), аднак мае спробы пяра часта сталі з’яўляцца ў насценгазеце вучы-лішча. Такой была мая «стартавая пляцоўка» ў друку… Пасля Ліды быў Наваградак, а затым — Гародня, дзе я, скончыўшы педінстытут, там і засталася жыць.

Данута Янаўна чытала перад прысутнымі некаторыя свае вершы, расказвала аб значным уплыве на сваю творчасць вершаў і паэм Адама Міцкевіча (чыя Гражына з’яўляецца яе любімай літаратурнай гераіняй), пра свайго ўнука Станіслава, які зараз жыве ў далёкай Філадэльфіі, працуе там шафёрам-дальнабойшчыкам і нават, ідучы па слядах бабулі-пісьменніцы, напісаў кнігу аб сваім жыцці ў Амерыцы.

трацякк

Акрамя Дануты Бічэль, гасцямі імпрэзы былі старшыня Гарадзенскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка, галоўны рэдактар літаратурна-мастацкага часопіса «Новы замак», кандыдат філалагічных навук Янка Трацяк. Музычную і песенную складовую мерапрыемства забяспечылі сваімі выступленнямі лідскі бард Сяргей Чарняк, удзельніцы ансамбля пажылых людзей «А нука, девушки!», якія, дарэчы спявалі па-беларуску.

Пасля імпрэзы кожны ахвочы мог набыць любую з прывезеных Данутай Бічэль кніг.

Аляксандр

МАЦУЛЕВІЧ.

 

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *