Навіны Германіі. Германія: праз Адвэнт — да Каляд

Серада, Снежань 27, 2017 0

Адвэнт — гэты час чакання Нараджэння Хрыстова. Пачынаецца ён за чатыры тыдні да Каляд, у залежнасці ад календара, у нядзельны дзень з 27 лістапада да 3 снежня.

У 2017 годзе першая «адвэнтская» нядзеля прыпала на 3-е снежня.

 

Адвэнт: падрабязнасці

 

Advent ад лацінскага «аdventus», што азначае «прыбыццё». Гэта значыць — чаканне нараджэння Ісуса Хрыста. Лічыцца, што перадкалядны час упершыню набыў свой адмысловы статус яшчэ ў чацвёртым стагоддзі, калі ў 380 годзе на Сарагоскім саборы былі ўстаноўлены правілы наведвання набажэнстваў — з 17 снежня да свята Богаяўлення.

У 524 годзе рада каталіцкага духавенства ўстанавіла тэрмін Вялікага Посту ў чатыры тыдні.

У нямецкіх храмах падчас Адвэнту ранняй раніцай служыцца Святая Імша ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. Знакам імшы з’яўляецца запаленая свечка, якая асвятляе шлях ідучых у царкву да ўзыходу сонца. І каб свечка не загасла, яе змяшчаюць у адмысловы ліхтарык з празрыстымі акенцамі.

Адвэнт падзяляецца на два каляндарныя этапы. З першай нядзелі да 16 снежня, — ён прысвечаны разважанням пра будучае Другое прышэсце Ісуса Хрыста. З 17 да 24 снежня — гэтыя дні з’яўляюцца непасрэднай падрыхтоўкай да імпрэзы Нараджэння Хрыстова і прысвечаны ўспаміну пра першае прышэсце Ісуса Хрыста ў свет.

На перыяд Адвэнту прыпадае шэраг свят — св. Барбары, св. Мікалая і іншых.

Усе нядзелі Адвэнту прыраўнаваны па сваёй значнасці да вялікіх свят. І калі на нядзелю Адвэнту выпадае якое-небудзь іншае свята, яно пераносіцца на панядзелак.

 

Як гэта адбываецца ў Германіі

 

У гэты перадкалядны перыяд Германія змяняецца не толькі ў гарадах, але нават і ў самых маленькіх сёлах. Усюды на вуліцах ставяць высокія хвойныя дрэвы, упрыгожаныя гірляндамі. У крамах, гандлёвых цэнтрах — «прыбраныя» штучныя ёлкі. На падаконніках у дамах, калі сцямнее, размяшчаюць дугі з запаленымі свечкамі. Падсвечнікі ўпрыгожваюць арнаментамі ці малюначкамі на калядную тэматыку.

Цэнтральныя вуліцы сёлаў і гарадоў таксама ўпрыгожваюцца дугамі са светлавымі гірляндамі, ліхтарыкамі, цацкамі.

У гандлёвых цэнтрах, якія працуюць з такой нагоды дапазна, грае вясёлая калядная музыка…

Яркае асвятленне дамоў і вуліц, пах хвоі, ажыўлены гандаль у вячэрні час (кірмашы, шапікі з глінтвейнам, ласункамі і падарункамі) — усё гэта стварае адмысловую, святочную атмасферу.

 

Адвэнт у нямецкіх сем’ях

 

Адвэнт — час усеагульнага «палявання» немцаў на калядныя і перадкалядныя падарункі для сяброў і блізкіх.

Прычым, слодычы, ёлачныя ўпрыгожванні, калядныя календары прынята дарыць на працягу ўсіх чатырох тыдняў Адвэнту. А вось падарункі «больш важкія» кладуць пад устаноўленую дома ёлку і дораць менавіта на Каляды, ці прывозяць з сабой, калі едуць сустракаць Каляды да бацькоў або да ўжо дарослых дзяцей.

Традыцыі дарыць калядныя календары — больш 100 гадоў. Календары ўяўляюць сабою 24 пранумараваныя дні-«вочкі». Па сутнасці, яны з’яўляюцца скрынкамі з цукерка-мі: у кожным пранумараваным вочку знаходзіцца цукерак ці маленькая шакаладка — шакаладная фігурка.

10к9к

Перад Калядамі ў нямецкіх сем’ях рыхтуюць «plаtzchen» — печыва (ці — салодкія кексы), і ў кожнай гаспадыні — свой, «каронны» рэцэпт яго падрыхтоўкі, свае «формы» для яго.

«Плятцхэн» — могуць быць з ваніллю, карыцай ці міндалём; яны пасыпаны зверху шакаладной ці арэхавай крошкай, макам ці цукровай пудрай. У выніку працы нямецкіх гаспадынь і дзяцей, якія дапамагаюць ім, выпечка атрымліваецца не толькі вельмі смачнай, але і разнастайнай па форме: у выглядзе зорачак, анёлачкаў, сэрцайкаў, званкоў, кветак, ялінак, вослікаў, конікаў, падковак…

Акрамя «плятцхэн», у нямецкіх сем’ях у гэтыя святы пякуць пернікі з начынкаю і без яе, садавінавы хлеб, фар-шыраваныя арэхамі пірагі… Усё гэта мае месца быць падчас Адвэнту — да вялікай радасці дзяцей і дарослых.

11к

Калі за сталом падчас вячэры збіраецца ўся сям’я, ля каміна ці на падваконніку запальваюцца святочныя свечкі.

Калядны вянок — таксама тыповае для нямецкіх хат упрыгожванне ў перадкалядны час. Ён зроблены з яловых галінак, мае чатыры ўплеценыя ў яго свечкі; яго замацоўваюць дзе-небудзь у пакоі вертыкальна ці ставяць на стол.

У першую з чатырох нядзель Адвэнту на ім запальваецца першая свечка, на наступным тыдні — другая і так — да чацвёртай свечкі.

Немцы любяць упрыгожваць да Каляд сваё жыллё. На вокны, на балконы вешаюцца калядныя зоркі, ставяцца свечкі, фігуркі жывёл… І ўсё гэта зіхаціць, свеціцца!

Многія сем’і 24 снежня ідуць у царкву — паслухаць калядную службу, калядныя песні, паглядзець тэатралізаваны выступ дзяцей.

Ну а калядным вечарам уся сям’я збіраецца разам за агульным сталом: дзеці і бацькі ў гэты дзень заўсёды разам.

А потым пачынаецца «ўзаемнае» ўручэнне падарункаў — кнігі, парфума, карціны, дарагая адзежа… і — ізноў слодычы. Як жа без іх, іх жа ў Германіі так любяць!

“Бабруйскі кур’ер”

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *