У школу да Цёткі наведаліся вучні з яе малой радзімы

Серада, Снежань 27, 2017 0

Днямі ў памяшканні літаратурнага аддзела Лідскага гістарычна-мастацкага музея (доміка Таўлая) прайшоў апошні занятак з музейна-адукацыйнай праграмы «У школу да Цёткі» ў рамках раённага культурна-асветніцкага праекту «Беларусь — мая мова і песня». Тэма яго гучала так: «У гасцях у класікаў беларускай літаратуры. Цётка, Францішак Багушэвіч, Янка Купала, Канстанцыя Буйло і іншыя прамоўцы — з павагай да роднай мовы». На гэты раз «у школу да Цёткі» былі запрошаны госці з суседняга Шчучынскага раёна — вучні 11-га класа Астрынскай сярэдняй школы імя Алаізы Пашкевіч (Цёткі) і кіраўнік адзінага ў Беларусі музея Цёткі, які дзейнічае на базе згаданай школы, Ала Балобан. Карэспандэнт таксама папры-сутнічаў на занятку, даведаўся, як у цэлым прайшла гадавая праграма «У школу да Цёткі» і ці будзе працягнута яна ў гэтым цікавым і пазнавальным праекце ў наступным, 2018 годзе.

экранк

Гэты занятак, нібы ўрок, як і ўсе папярэднія, прайшоў цікава і крэатыўна. Вёў яго куратар музейна-адукацыйнай праграмы «У школу да Цёткі», навуковы супрацоўнік гістарычна-мастацкага музея Алесь Хітрун. Вучні былі раздзелены на дзве каманды — «Васількі» і «Пралескі». Яны адказвалі на пытанні віктарыны, прысвечанай згаданым у назве занятка класікам беларускай літаратуры, а таксама некаторым іншым вядомым паэтам і пісьменнікам, так ці інакш звязаным з Лідчынай, працягвалі беларускія прыказкі і прымаўкі, перакладалі на беларускую мову рускія фразеалагізмы і асобныя словы, разгадвалі крыжаванку і выконвалі іншыя цікавыя заданні.

усек

Акрамя таго, школьнікі праслухалі аўдыёзапіс песні «Люблю наш край» на словы Канстанцыі Буйло, аўдыёзапіс маналогу Кастуся Калі-ноўскага «Марыська чарнаброва, галубка мая…» у выкананні артыста Паўла Харланчука, паглядзелі выпуск «Падарожжаў дылетанта» пра вёску Дакудава, дакументальны фільм аб паэтэсе Канстанцыі Буйло (125-годдзе з дня нараджэння якой будзе адзначацца ў пачатку новага, 2018 года).

На памяць аб сустрэчы ў доміку Таўлая Алесь Хітрун падарыў гасцям з Астрынскай сярэдняй школы паштоўкі і закладкі з выявай Цёткі.

— У пачатку верасня, а менавіта — у Дзень ведаў, Алесь Хітрун разам з лідскім паэтам Станіславам Суднікам прыязджаў у нашу школу, — гаворыць у гутарцы з карэспандэнтам кіраўнік музея Цёткі Ала Балобан. — Менавіта тады Алесь запрасіў нас у Ліду — наведаць домік Таўлая, паўдзельнічаць у занятках музейна-адукацыйнай праграмы «Ў школу да Цёткі». І вось мы ў доміку Таўлая. Вялікі дзякуй Алесю за экскурсію па ім, за праведзены занятак-урок. Школьнікам было вельмі цікава, яны праз гульню даведаліся шмат новага, занятак быў пазнавальным, змястоўным, інфармацыйна насычаным. Іх трэба праводзіць і далей, яны вельмі дапамагаюць у вывучэнні беларускай мовы і літаратуры, у прывіцці любові да роднай мовы.

Нагадаем, што заняткі музейна-адукацыйнай праграмы «У школу да Цёткі» праводзіліся ў рамках маштабнага раённага культурна-асветніцкага праекту «Беларусь — мая мова і песня», разлічанага на 2017 год, на рознаўзроставую аўдыторыю і накіраванага на захаванне, вывучэнне і папулярызацыю беларускай мовы і традыцыйнай культуры. Музейна-адукацыйная праграма «У школу да Цёткі» таксама была разлічана на 2017 год і ўяўляла сабой асобныя заняткі, прысвечаныя беларускай мове і літаратуры, традыцыям і іншым тэмам. Заняткі-ўрокі праводзіліся са студзеня па снежань, раз у месяц, у асноўным у доміку Таўлая, на іх запрашаліся школьнікі, навучэнцы, а таксама дарослыя.

— Ідэя арганізаваць гэтую праграму, — расказвае куратар праекту «Ў школу да Цёткі» Алесь Хітрун, — узнікла ў ліпені 2016 года, падчас падрыхтоўкі да адкрыцця ў доміку Таўлая выставы «Жыве мая ліра нанова», прымеркаванай да 140-годдзя з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч (Цёткі). Алаіза Пашкевіч родам з той часткі Лідскага павета, якая зараз адносіцца да Шчучынскага раёна. Ёсць меркаванне, што беларуская паэтэса, публіцыст і грамадскі дзеяч арганізавала ў Лідзе ў 1915 годзе першую легальную беларускую школу. І цяперашнія заняткі музейна-адукацыйнай праграмы ў Лідзе — як бы працяг асветніцкай дзейнасці Цёткі. Іх мэты — захаванне, развіццё і папулярызацыя беларускай мовы і культуры, пашырэнне ведаў у галіне на-цыянальнай гісторыі, мастацтва і літаратуры, садзейнічанне фарміраванню моўнай культуры, пашырэнню ўжывання беларускай мовы ў штодзённым жыцці. Матэрыялы для арганізацыі заняткаў браліся мною з падручнікаў і метадычных дапаможнікаў, кніг па беларускім фальклоры і краязнаўстве і іншых крыніц. Пры правядзенні такіх «урокаў» часта выкарыстоўваліся прадметы з фондаў музея. На заняткі запрашаліся людзі рознага ўзросту — як кажуць, ад малога да вялікага.

Як адзначыў далей Алесь, тэмы заняткаў былі самыя розныя і ўсе праходзілі пад лозунгам: «Мова табе засталася ад продкаў? Запрашаем у школу да Цёткі!» Адны непасрэдна тычыліся беларускай мовы (напрыклад, «Гісторыя першай беларускай школы ў Лідзе», «Ў — адзіная беларуская літара ў свеце: гісторыя ўзнікнення», «Бывайце здаровы! Назвы хвароб па-беларуску», «Вучымся вітацца і звяртацца па-беларуску», «Як на Лідчыне гавораць: лексіка і фразеалогія з нашых вуснаў»). Іншыя тычыліся прыроды Лідчыны, яе кліматычных умоў, беларускай гарадской кватэры 60-х (хрушчоўкі), гарадскога і сельскага побыту і г. д. і, што важна, таксама праводзіліся на беларускай мове. Месцам правядзення заняткаў быў не толькі домік Таўлая. Напрыклад, з прыродай Лідчыны наведвальнікі знаёміліся ў памяшканні аднайменнай экспазіцыі музея, з хрушчоўкай 60-х — таксама наведваючы аднайменную музейна-вобразную залу.

— Апошні занятак «У школу да Цёткі» прайшоў, — адзначае Алесь. — Аднак гэта не значыць, што яны не будуць праводзіцца ў далейшым. Заяўкі на правядзенне любога з дванаццаці заняткаў ахвочыя наведацца «ў школу да Цёткі» могуць падаваць у музей або ў яго літаратурны аддзел. Мерапрыемствы такога характару таксама не закрываюцца, толькі ў іх будзе іншая назва (чарнавы варыянт — «З месяца ў месяц гартаем каляндар») і іншы накірунак. Тут маецца на ўвазе цыкл мерапрыемстваў, якія зноў будуць праходзіць штомесяц і будуць прысвечаны таму ці іншаму святу, знамянальнай даце. Так што сачыце за інфармацыяй у «Лідскай газеце» і на сайце Лідскага гістарычна-мастацкага музея.

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *