Ад мінулага да сучаснага

Аўторак, Студзень 23, 2018 0

9 студзеня кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ўручыў па выніках 2017 года прэміі «За духоўнае адраджэнне» і спецыяльныя прэміі Прэзідэнта Беларусі, якія прысуджаны дзеячам культуры і мастацтва. Сярод тых, хто ўганараваны спецыяльнай прэміяй — а гэта дзеячы інфармацыйнай сферы, культуры і мастацтва, аўтарскія калектывы, установы культуры, якія дабіліся значных дасягненняў у сферы інфармацыі, гістарычна-культурнай спадчыны, галіны тэатральнага і выяўленчага мастацтва, аматарскай творчасці, музейнай справы, выхавання таленавітай моладзі, — калектыў ДУ «Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці». Такая высокая адзнака дадзена за рэалізацыю аддзелам рамёстваў і традыцыйнай культуры цэнтра праекту «Ад мінулага да сучаснага». Праект прысвечаны адраджэнню ўнікальных тэхналогій шматнітовага ткацтва Панямоння і стварэнню калекцыі традыцыйнага і сучаснага адзення.

прэміякткаллякузорык

Над рэалізацыяй праекту «Ад мінулага да сучаснага» аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры працаваў з 2011 па 2017 год. Аднак гэтаму папярэднічала работа, якая пачалася яшчэ ў 2007 годзе. Метадыст Ірына Дыдышка разам з цяперашнім кіраўніком аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Аленай Шчэлінай пачала збіраць інфармацыю пра народных майстроў Лідскага раёна, ішло таксама набыццё і фіксацыя этнаграфічных рэчаў у фонд аддзела рамёстваў.

Для гэтага майстры некалькі разоў адпраўляліся ў экспедыцыі. Кажуць, што спрыяла захаванню традыцый і тое, што вёскі Лідскага рэгіёна ў 1970-я гады працавалі на выкананне дзяржаўнай замовы. Ткачыхі на ўласных кроснах ткалі посцілкі, тканіны, якія потым пастаўляліся на экспарт. Магчыма, менавіта таму тут дагэтуль засталіся носьбіты тэхнікі і забытай тэхналогіі. На адзін ручнік даўжынёй у 2,5 метра майстру неабходна каля 4 кіламетраў нітак. Выткаць яго пры належным спрыце можна за гадзіну, але валодаюць тэхнікай нашых бабуль і прабабуль сёння нямногія.

Дасканалыя даследаванні вяліся на хутары і ў вёсцы Збляны. Быў створаны фотаархіў рэчаў жыхароў такіх населеных пунктаў, як Андрушоўшчына, Ваверка, Краснае, Любары, Мастаўляны, Масявічы, Панямонцы, Сяркі, Ходараўцы, Чахоўшчына, Сялец.

Месцаў, дзе сёння адраджаецца ткацтва, нямала, але Ліда вылучаецца не толькі адраджэннем рэдкіх і ўнікальных тэхналогій, але і тым, што тут усё па-сучаснаму працуе, выпускаюцца тканіны, узоры адзежы.

Таму што сабраны матэрыял не застаўся ляжаць толькі ў архівах, а пачалося адраджэнне рамёстваў, паспрыялі дзве абставіны. Па-першае, у 2010 годзе дзякуючы мясцовай уладзе аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры перамясціўся ў прасторнае памяшканне па вуліцы Савецкай, на плошчах якога з’явілася магчымасць не толькі шырока прадстаўляць экспанаты, але і дэманстраваць навыкі рамёстваў. Па-другое, у аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры з экскурсійнай мэтай завітаў лідзянін Яўген Маркевіч. Убачыўшы кросны, пацікавіўся, ці ўмее хто з супрацоўнікаў працаваць за імі, і, атрымаўшы адмоўны адказ, прапанаваў навучыць ткаць палатно. Яўгену ўсе тонкасці майстэрства некалі перадалі яго бабуля і сваячкі. Нават праз гады не сцерліся атрыманыя навыкі, наадварот, ткацтва стала захапленнем маладога чалавека. Свой вольны час лекар Лідскай ЦРБ Яўген Маркевіч з задавальненнем аддае гэтай справе. Ткацтву Яўген навучыў дзвюх супрацоўніц аддзела — Дар’ю Маташук і Валянціну Сільвановіч.

Так з 2011 года на аснове ўласнага этнаграфічнага матэрыялу аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, а таксама метадычных і практычных дапаможнікаў беларускіх даследчыкаў метадам спроб і памылак пачалася карпатлівая праца. На першым этапе вывучаліся асаблівасці беларускага народнага касцю-ма, пераймаліся навыкі ў галіне традыцыйных тэхнік ткацтва, распрацоўваліся сучасныя варыянты мадэляў адзення на аснове старажытнага крою.

Большае значэнне надавалася не колерам, а тканіне: чым яна танчэй, чым складаней узор палатна, тым яна значнейшая і даражэйшая. На сённяшні дзень супрацоўнікамі аддзела створаны ўжо дзве калекцыі адзення. Першая — рэплікі традыцыйнага народнага касцюма Панямоння канца 19 — пачатку 20 стагоддзя, другая — сучаснага адзення з беларускімі матывамі.

Творчая група, якая працавала над праектам «Ад мінулага да сучаснага», у складзе Яўгена Маркевіча, Валянціны Сільвановіч, Ірыны Ды-дышкі і супрацоўнікі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, якія прадстаўляюць на шматлікіх імпрэзах вырабленае адзенне.

Калекцыя з народных строяў прадстаўляе сем камплектаў жаночага, тры мужчынскага і два камплекты дзіцячага адзення. Арыгінальнасць калекцыі, безумоўна, у адраджэнні ткацкага рамяства. Калекцыя стылізаванага адзення складае два жаночыя, тры мужчынскія, падлеткавы і дзіцячы камплекты. Дэфіле калекцыі, па задумцы аўтара Ірыны Вашкевіч, адбываецца з тэатралізаваным прадстаўленнем з мэтай папулярызацыі сярод моладзі традыцыйных народных рамёстваў: ткацтва, вышыўкі, саломапляцення, а таксама зацікаўленасці ў вывучэнні i выкарыстанні ў штодзённым жыццi.

У камплекты народнага адзення апранаецца ўвесь творчы калектыў, калі прымае ўдзел у мерапрыемствах раённага, абласнога і рэспубліканскага маштабаў. Удзельнікі фальклорнага гурта «Талер» аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры таксама апранаюцца для выступленняў у народнае адзенне, адначасова дэманструючы святочны строй рэгіёна Гарадзеншчыны. Рэклама і прэзентацыя стылізаванай калекцыі адбываюцца на базе Лідскага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, на гарадскіх выставах, выставах вобласці, кірмашах, у прыватных аграсядзібах.

— Мы ганарымся сваёй спадчынай і імкнёмся, каб гэты гонар перадаваўся маладому пакаленню, — гаворыць кіраўнік аддзела рамёстваў і трады-цыйнай культуры Алена Шчэліна. — А бачылі б вы, з якой ахвотай, з якім трапяткім пачуццём дзяліліся з намі сваімі пазнаннямі і навыкамі майстрыхі вёсак Лідскага раёна яшчэ на этапе збору інфармацыі. Ужо тады мы ўсвядомілі, якую важную справу робім, стаўшы нібы своеасаблівым мастком у перадачы рамёстваў ад мінулага да сучаснасці.

Па словах Алены Валянцінаўны, на тых здабытках, якія маюцца, калектыў аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры спыняцца не збіраецца. Наперадзе многа планаў. У новым годзе будзе рэалізоўвацца праект трансгранічнага супрацоўніцтва, тэма якога — адраджэнне ткацтва і пашыў рэгіянальных касцюмаў. Калектыў з Ганчароў, які таксама прадстаўляе традыцыйную культуру, пад кіраўніцтвам супрацоўнікаў аддзела будзе асвойваць ткацтва і ствараць для сябе касцюмы. У гэтым працэсе аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры будзе цесна супрацоўнічаць з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі.

Аб тым, што здабыткі лідзян маюць значэнне ў маштабах краіны, гаворыць і той факт, што даследчая праца, праведзеная майстрамі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ «Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці» па адраджэнні тэхнік белаўзорыстага ткацтва, вось-вось павінна атрымаць адзнаку на высокім узроўні. Малодшы навуковы супрацоўнік аддзела Марына Савіцкая на працягу года працавала над падрыхтоўкай дакументаў, каб элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Традыцыйная тэхналогія белаўзорыстага фактурнага ткацтва на Гродзеншчыне» быў занесены ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. На сённяшні дзень дакументы знаходзяцца ў Міністэрстве культуры і ў хуткім часе будуць разгледжа-ны на паседжанні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады.

А яшчэ адна важкая выдатная адзнака ўжо пастаўлена. Гэта — спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за адраджэнне традыцыйных унікальных тэхналогій ткацтва Панямоння і рэалізацыю маштабнага праекту «Ад мінулага да сучаснага».

Людміла Петрулевіч.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *