Беларусам я завуся, родным краем ганаруся!

Панядзелак, Студзень 29, 2018 0

13 студзеня каманды вучняў СШ № 11 г. Ліды,  Крупаўскай сярэдняй школы і Бердаўскага дзіцячага садасярэдняй школы  Лідскага раёна  былі запрошаны на ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў анлай-гульні «Беларусам я завуся,  родным краем ганаруся»  ў Казлоўшчынскую СШ Дзятлаўскага раёна.

З мэтай фарміравання грамадзянскасці і патрыятызму асобы, засваення агульначалавечых гуманістычных каштоўнасцей, культурных, духоўных традыцый беларускага народа з 27 лістапада па 3 студзеня ДУА «Казлоўшчынская сярэдняя школа» была арганізавана online-гульня «Беларусам я завуся, родным краем ганаруся». Удзельнікамі гульні сталі 32 каманды 5-7 класаў з трыццаці адной установы адукацыі Гарадзенскай вобласці, у тым ліку дванаццаць каманд з Лідскага раёна, і адна каманда з установы адукацыі Берасцейскай вобласці.

На працягу пяці тыдняў знаёмства ўдзельнікаў гульні было віртуальным. Каманды выконвалі заданні на пяці прапанаваных этапах: «За смугою стагоддзяў», «Беларусь у імёнах і падзеях», «Гонар сучаснай Беларусі», «Падарожжа па Беларусі», «Традыцыі, абрады і кухня Беларусі».

13 студзеня ў шосты школьны дзень Казлоўшчынская сярэдняя школа сабрала пераможцаў online-гульні «Беларусам я завуся, родным краем ганаруся» на Калядную сустрэчу. Гасцямі свята сталі  чатыры каманды пераможцы  Лідскага раёна: дзве каманды сярэдняй школы № 11 г. Ліды «Патрыёты краіны» і «Суквецце», Крупаўскай сярэдняй школы «Зорачкі», Бердаўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы «Адмыслоўцы».

крупавакдранікік

Вучні і педагогі ўстановы адукацыі прывіталі гасцей па народных звычаях добрымі словамі, песняй «Запрашаем у госці да нас!» і хлебам-соллю. Зберагаючы традыцыі спадчыны, гасцям прапанавалі адну з самых вядомых і любімых страў беларускай кухні — дранікі.

Падчас бліц-апытвання «Давайце пазнаёмімся!» кожная каманда расказала пра мясцовасць і школу, з якой прыехала, звярнуўшы асаблівую ўвагу на гістарычную спадчыну сваёй малой радзімы.

Выказваючы ўражанні ад online-гульні, удзельнікі каманд адзначылі, што самымі цікавымі былі заданні «Неафіцыйныя сімвалы гарадоў» і «Карта знакамітых аб’ектаў»; найбольш запомніўся этап «Традыцыі, абрады і кухня Беларусі»; на выкананне аднаго этапу гульні каманда затрачвала адзін тыдзень. Самым складаным для ўсіх каманд было заданне «Словы з вершаў».

Па дапамогу пры праходжанні этапаў гульні вучні звярталіся да сваіх настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, гісторыі, геаграфіі, музыкі, мастацтва і нават фізічнай культуры і здароўя.

Кіраўнікоў каманд гэтая гульня натхніла на стварэнне сваіх online-гульняў і праектаў.

Дыпломамі II ступені былі ўзнагароджаны каманды «Патрыёты краіны» сярэдняй школы № 11 г. Ліды (кіраўнікі К.В. Валынец, С.Л. Бяляўская), каманда «Зорачкі» Крупаўскай сярэдняй школы (кіраўнік С.С. Кашлей), каманда «Адмыслоўцы» Бер-даўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы (кіраўнік Г.А. Альшэўская). Дыплом III ступені атрымала каманда «Суквецце» сярэдняй школы № 11 г. Ліды (кіраўнік Анашкевіч Н.М.).

Беларускія песні, гульні, танцы, падрыхтаваныя вучнямі, педагогамі школы і работнікамі мясцовага Дома культуры, стварылі непаўторную святочную атмасферу ў гэты дзень.

Напрыканцы свята, перадаючы па коле калядную зорку, удзельнікі мерапрыемства пажадалі адзін аднаму шчасця, здароўя, дабрабыту, міру, спакою і цудаў.

А ў адрас арганізатараў  online-гульні «Беларусам я завуся, родным краем ганаруся» і Каляднай сустрэчы вучні і настаўнікі Лідскага раёна выказваюць словы падзякі і захаплення, спадзяючыся на тое, што на наступны год у нас таксама з’явіцца магчасць прыняць удзел у наступным этапе гульні.

Наталля Анашкевіч, настаўніца СШ № 11 г. Ліды.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *