Гарадзенскі краязнаўчы каляндар

Аўторак, Студзень 2, 2018 0

Пад Новы год пабачыў свет чарговы выпуск беларускамоўнага Гарадзенскага абласнога краязнаўчага календара. Гэта  — дзевяты выпуск

У календары пададзена каля паўтысячы важных і цікавых датаў з гісторыі Гарадзеншчыны, што яшчэ раз пацвярджае яе багацце і напоўненасць падзеямі і асобамі праз гады і стагоддзі.

Новы каляндар прысвечаны найгалоўнейшай падзеі ў гісторыі нашай краіны — 100-годдзю абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Сённяшняя Гарадзеншчына, а тады гэта Гарадзеншчына плюс Віленшчына, унесла выключны ўклад у падрыхтоўку і сам акт абвяшчэння незалежнасці Беларусі.

Таму кожны месяц адзначаны партрэтам аднаго з дзеячаў БНР як непасрэдна 1918 года, так і пазнейшых часоў. Гэта:

Васіль Захарка (в. Дабрасельцы, Зэльвенскі р-н), сябар Сакратарыята БНР (1918), Прэзідэнт Рады БНР (1928 — 1943);

Тамаш Грыб (в. Паляны, Смаргонскі р-н), сябар Рады БНР і яе Выканкама (1918), міністр БНР (1918);

Кіпрыян Кандратовіч  (в. Зіневічы, Лідскі р-н), сябар Народнага сакратарыята БНР, міністр ваенных спраў БНР;

Макар Краўцоў (Касцевіч) (в. Баброўня, Гарадзенскі р-н), сябар Рады БНР (1918-1919);

Кс. Вінцэнт Гадлеўскі (в. Шурычы, Свіслацкі р-н), сябар Рады БНР (1918);

Ян Станкевіч (в. Арляняты, Смаргонскі р-н), сябар Рады БНР (1918);

Кс. Аляксандр Астрамовіч (Андрэй Зязюля) (в. Навасады, Ашмянскі р-н), сябар Рады БНР (1918);

Вацлаў Іваноўскі  (фальв. Лябёдка, Шчучынскі р-н), Міністр асветы ва ўрадзе БНР (1918);

Ларыса Геніюш (м. Жлобаўцы, Ваўкавыскі р-н), Генеральны сакратар Урада БНР у эміграцыі (1943);

Язэп Сажыч (в. Гарадзечна, Наваградскі р-н), старшыня Рады БНР (1982-1997);

Ала Орса-Рамана (г. Наваградак), сябар Прэзідыума Рады БНР (наш час);

Хведар Нюнька (в. Алешавічы, Мастоўскі р-н), сябар Прэзідыума Рады БНР (наш час).

Добра прадстаўлены ў календары і 155-я ўгодкі паўстання 1863 года. На Гарадзеншчыне паўстанне мела шырокі развой і суправаджалася шэрагам трагічных падзей.

Календары на 2010 -2017 гады мелі значны поспех і выклікалі вялікую зацікаўле-насць на Гарадзеншчыне, у Менску і ў іншых мясцінах, куды траплялі, што і з’явілася асноўным стымулам для выдання календара на 2018 год.

Укладальнік календара — старшыня Гарадзенскай гарадской арганізацыі ТБМ Аляксей Пяткевіч, рэдактар Станіслаў Суднік.

Каляндар з’яўляецца пэўным крокам у развіцці гродзенскага краязнаўства, паколькі нацэльвае краязнаўцаў з Гародні і рэгіёнаў на працу па пэўных датах і з пэўнымі людзьмі, якія адзначаны ў календары. Ужо на сёння календары перададзены ва ўстановы культуры Лідскага раёна, і там яны без справы ляжаць не будуць.

Наш кар.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *