Цяпер у Бердаўцы два музеі

Панядзелак, Студзень 8, 2018 0

Яшчэ тыдзень таму назад в. Бердаўка Лідскага раёна была слаўная толькі адным музеем — школьным краязнаўчым, які даўно носіць званне “народнага” і мала чым саступае славутаму Гудзевіцкаму, хіба што літаратурнай складовай, ды тым, што экскурсаводы тут вучні. Экспазіцыю абслугоўваюць 9 экскурсаводаў, якія на цудоўнай беларускай мове вядуць змястоўныя экскурсіі па сваіх раздзелах. Музей знаходзіцца пад сталай апекай яго стваральніка, дырэктара школы Анатоля Крупы.

І вось 28 снежня ў філіяле «Бердаўскі цэнтр культуры і вольнага часу» ДУ «Лідскі раённы цэнтр культуры і на-роднай творчасці» адбылося ўрачыстае адкрыццё яшчэ аднаго музея — Музея сям’і.

фаекпранікк

Ганаровыя госці  намеснік старшыні Лідскага  райвыканкама Віктар Францавіч   Пранюк, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лідскага райвыканкама Ірына Ганадзеўна Рабец, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Святлана Валянцінаўна Івуць сказалі шмат добрых і шчырых слоў у адрас арганізатараў свята і заснавальнікаў Музея, а таксама ўручылі памятныя падарункі.  Сведкамі немалаважнай для раёна падзеі сталі кіраўнікі грамадскіх аб’яднанняў Лідчыны, якія ўваходзяць ў раённую каардынацыйную Раду палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, жыхары і ўраджэнцы аграгарадка Бердаўка. У якасці гаспадароў мерапрыемства былі ўдзельнікі народнага сямейнага ансамбля Парфенчыкаў.

Не засталіся ў баку ад гэтай добрай справы і спонсары. Дырэктар прыватнага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства Віталь Міхаловіч вырабіў спецыяльна для музея мэблю. Словы падзякі і прызнання таксама заслугоўваюць Віктар Сухойда, Юрый Гурэнда, Юрый Раманцэвіч, Ігар Рышкевіч, яны ў асноўным выхадцы з ваколіц Бердаўкі.

Пад апладысменты гасцей намеснік старшыні Лідскага  райвыканкама Віктар Францавіч Пранюк і загадчык філіяла «Бердаўскі цэнтр культуры і вольнага часу» Парфенчык Аляксандр Генадзевіч перарэзалі чырвоную стужку, што стала адным з самых урачыстых момантаў свята.

Пасля ўсіх прысутных запрасілі ў першы музейны пакой, які прысвечаны творчасці народнага сямейнага ансамбля Парфенчыкаў «Мы з вёскі-калыскі», дзе была прадстаўлена канцэртная візітоўка ансамбля і праведзена цікавая экскурсія па творчым шляху, геаграфіі гастрольнай дзейнасці, узнагародах, традыцыях і хобі сям’і Парфенчыкаў.

радаводк

Далей расчыніў свае дзверы вясельны пакой, дзе гасцей свята чакала інтэрактыўная экскурсійна-пазнавальная праграма, быў прадстаўлены эпізод традыцыйнага беларускага вяселля «Надзяванне вэлюма», усе наведвальнікі  атрымалі сямейны абярэг.

вяселлеквяселлек

Застаецца дадаць, што ўсе экспазіцыі аформлены па-беларуску, а сам музей знаходзіцца ў былым палацы Дамбавецкага, які сам па сабе ёсць цікавы турыстычны аб’ект.

Такім чынам на Беларусі з’явілася, калі мо не першая, то адна з нямногіх вёсак, дзе ёсць два музеі.

Наш кар.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *